– Вы гэта пра гусіныя скваркі дарэмна, – сказаў хворы на рак страўніка, – нічога няма лепей за гусіныя скваркі! Ну, куды там да іх скваркам са свінога сала! Вядома, гусіныя скваркі павінны смажыцца да таго часу, пакуль не зробяцца залатымі. Так робяць яўрэі – возьмуць тлустую гусь, здымуць са скуры сала і вытопліваюць.
– Здаецца, вы памыляецеся наконт свіных скварак, – зазначыў сусед Швейка. – Само сабой, я гавару пра скваркі з хатняга свінога сала. Іх так і называюць – хатнія скваркі. Яны не павінны быць ні карычневымі, ні залатымі, а чымсьці сярэднім. Такія скваркі не павінны быць ні занадта мяккімі, ні занадта цвёрдымі. Не павінны яны і хрусцець. Калі хрусцяць, то, значыцца, перасмажаныя. Яны павінны раставаць на языку… але ў вас не павінна ўзнікаць уражанне, што сала цячэ па барадзе…
– А хто з вас каштаваў скваркі з конскага сала? – азваўся нечы голас, якому ніхто не адказаў, бо ўбег фельчар.
– Усе ў ложкі! Сюды ідзе нейкая вялікая княгіня. Не вытыркайце з-пад коўдры свае брудныя ногі!
Нават вялікая княгіня не магла б увайсці так урачыста, як гэта зрабіла баранеса фон Батцангейм. За ёй цягнулася цэлая працэсія: тут быў і бухгалтар шпіталя, які ў гэтым візіце бачыў таемную руку рэвізіі, якая можа адкінуць яго ад сытай кармушкі ў тыле ва ўладу шрапнелі і драцяных загарод перадавой пазіцыі. Ён быў белы. Яшчэ больш белы быў сам доктар Грунштэйн. Перад вачыма ў яго скакала маленькая візітная картка старой баранесы з тытулам «удава генерала» і ўсё, што магло быць звязана з гэтым тытулам: уплывовыя сувязі, пратэкцыі, скаргі, перавод на фронт і іншыя жахлівыя рэчы.
– Гэта Швейк, – сказаў доктар са штучным спакоем, падводзячы баранесу да ложка Швейка. – Усё пераносіць вельмі цярпліва.
Баранеса фон Батцангейм села на прыстаўленае да Швейкавага ложка крэсла і сказала:
– Чэскі зальдат, допры зальдат, калека зальдат, храбры зальдат. Я вельмі люблю чэскі аўстрыец. – Пры гэтым яна гладзіла яго па няголеным твары. – Я чыталь усё ў газета. Я вам прынесла гамаць, курыць, смактаць… Чэскі зальдат, допры зальдат! Johann, kommen Sie hier!
Камердынер з ускалмачанымі валасамі прыцягнуў да ложка вялізны кош. Кампаньёнка баранесы, высокая пані з заплаканым тварам, прысела на Швейкаў ложак і пачала папраўляць яму за спінай падушку, набітую саломай, з цвёрдай упэўненасцю, што так трэба рабіць каля ложка параненых герояў.
Баранеса тым часам даставала з каша падарункі. Цэлы тузін смажаных куранят, загорнутых у ружовую шаўкавістую паперу і перавязаных чорнажоўтай шаўковай стужкай, дзве бутэлькі нейкага лікёру вайсковай вытворчасці з этыкеткай «Gott, strafe England!», на этыкетцы з другога боку былі прадстаўлены Франц Іосіф і Вільгельм, якія трымаліся за рукі, быццам у нейкай дзіцячай гульні, потым баранеса выцягнула тры бутэлькі віна для тых, хто папраўляецца, і дзве скрынкі сігарэт. Усё гэта яна элегантна разлажыла на вольным ложку побач са Швейкам, дзе потым з’явілася кніга ў прыгожым пераплёце «Абразкі з жыцця нашага манарха», якую напісаў заслужаны галоўны рэдактар нашай афіцыяльнай газеты «Чэхаславацкая рэспубліка»; рэдактар наскрозь бачыў старога Франціка.
Апынуліся на ложку і пліткі шакаладу з тым жа надпісам «Gott, strafe England!» і зноў з выявай аўстрыйскага і германскага імператараў. Але на шакаладзе імператары ўжо не трымаліся за рукі, а стаялі асобна, адвярнуўшыся спінамі адзін ад аднаго. Была яшчэ прыгожая двайная зубная шчотка з надпісам «Viribus unitis», каб кожны, хто будзе чысціць ёю зубы, успамінаў Аўстрыю. Элегантным і надта важным для фронта і акопаў быў поўны манікюрны набор, на футляры якога быў малюнак: над разрывамі шрапнелі чалавек у шышаку бяжыць, выставіўшы перад сабой штык. Пад малюнкам стаяла: «Für Gott, Kaiser und Faterland!»
Пачак пячэння быў без малюнка, але затое з вершам:
О Аўстрыя, хай у прасцяг Развяваецца твой сцяг! Ці вецер дзьме, ці гром грыміць, Вечна Аўстрыя стаіць!
Верш быў надрукаваны на адным баку пачка па-нямецку, на другім па-чэшску.
Апошнім падарункам быў гаршчок з белым гіяцынтам. Калі ўсё гэта было разложана на ложку, баранеса фон Батцангейм не магла стрымаць слёз ад замілавання. У некалькіх згаладнелых сімулянтаў таксама пацякла… слінка. Кампаньёнка, падпіраючы Швейка са спіны, таксама праслязілася. Было ціха, як у касцёле. Цішыню раптам парушыў Швейк, які, склаўшы рукі, загаварыў:
– Ойча наш, які на небе, хай свяціцца імя тваё, хай прыйдзе царства тваё… Пардон, спадарыня, не так. Я хацеў сказаць: «Пане божа, ойча нябесны, блаславі нам гэтыя дары, якія ад шчодрасці тваёй спажываць будзем. Аман!»
Пасля гэтых слоў ён узяў з ложка курыцу і накінуўся на яе пад спалоханым поглядам доктара Грунштэйна.