– Ах, як яму смачна, зальдаціку! – захоплена прашаптала доктару Грунштэйну старая баранеса. – Ён ужо здаровы і можа паехаць на фронт. Я сапраўды вельмі рада, што ўсё гэта яму прыйшлося даспадобы.
Потым яна хадзіла ад ложка да ложка і раздавала ўсім сігарэты і шакаладныя цукеркі і пасля свайго абходу вярнулася да Швейка. Пагладзіла яго са словамі «Behüt euch Gott» і выйшла з усёй світай за дзверы.
Пакуль доктар Грунштэйн праводзіў баранесу, Швейк раздаў куранят, якія былі праглынуты пацыентамі з такой хуткасцю, што, вярнуўшыся, доктар знайшоў замест іх толькі кучу касцей, абгрызеных так чыста, быццам кураняты жывымі трапілі ў гняздо сцярвятнікаў і іх косці некалькі месяцаў пражыла сонца.
Зніклі і вайсковы лікёр і тры бутэлькі віна. Канулі ў страўніках пацыентаў пліткі шакаладу і пачак пячэння. Нехта выпіў нават флакон лаку для ногцяў з манікюрнага набору, а нехта надкусіў прыкладзеную да зубной шчоткі зубную пасту.
Доктар Грунштэйн зноў прыняў баявую паставу і выступіў з доўгай прамовай. У яго камень спаў з сэрца, калі візіт закончыўся. Куча абгрызеных касцей пераканала яго ў тым, што ўсе пацыенты непапраўныя сімулянты.
– Салдаты, – сказаў ён, – калі б у вас было хоць трохі розуму, вы б усяго гэтага не чапалі, а падумалі б: «Калі мы гэта зжаром, то старшы ўрач не паверыць, што мы цяжка хворыя». А цяпер вы самі даказалі, што не даражыце маёй дабратой. Я вам пампую страўнікі, стаўлю клісціры, стараюся трымаць на строгай дыеце, а вы так перагружаеце страўнік! Хочаце нажыць катар страўніка, ці што? Дык памыляецеся! Перш чым вашы страўнікі паспеюць гэта пераварыць, я вычышчу іх так грунтоўна, што вы будзеце помніць пра гэта да самай смерці і дзецям сваім раскажаце, як аднойчы нажэрліся куранят і іншых ласункаў і як гэта не ўтрымалася ў страўніку і чвэрткі гадзіны, бо вам усё своечасова выпампавалі. А ну, за мной па адным! Не забывайце, што я не такі асёл, як вы, я трохі разумнейшы, чым вы ўсе, разам узятыя. Апрача таго, аб’яўляю, што заўтра прышлю да вас камісію. Занадта доўга вы тут качаецеся. I ніхто з вас не хворы, калі за пяць хвілін вы можаце так засвінячыць страўнік, як гэта вам толькі што ўдалося зрабіць… Дык наперад марш!
Калі чарга дайшла да Швейка, доктар Грунштэйн паглядзеў на яго і, прыгадаўшы сённяшні візіт, спытаў:
– Вы знаёмы з пані баранесай?
– Гэта мая мачаха, – спакойна адказаў Швейк. – У маленстве яна мяне падкінула, а цяпер зноў знайшла…
Доктар Грунштэйн сказаў лаканічна:
– Потым пастаўце Швейку дадатковы клісцір. Увечары на ложках было панура. Толькі некалькі гадзін таму назад ва ўсіх страўніках былі розныя добрыя смачныя рэчы, а зараз там пераліваўся рэдзенькі чай са скарынкай хлеба.
Нумар 21 каля акна ціха вымавіў:
– Ці паверыце, хлопцы, але смажаных куранят я люблю больш, чым печаных.
Нехта прабурчаў:
– Зрабіце яму цёмную! – Але ўсе так аслаблі пасля няўдалага пачастунку, што ніхто не скрануўся з месца.
Доктар Грунштэйн стрымаў слова. Яшчэ да абеду прыйшло некалькі вайсковых лекараў са славутай медыцынскай камісіі. З важным выглядам яны абыходзілі рады ложкаў, і не было чуваць нічога іншага, як толькі: «Пакажы язык!» Швейк высунуў язык настолькі далёка, што яго твар перасмыкнуўся ў дурнаватую грымасу, а вочы самі сабой заплюшчыліся.
– Асмелюся далажыць, пане штабны ўрач, далей язык не высоўваецца.
Тут паміж Швейкам і камісіяй усчалася цікавая дыскусія. Швейк запэўніваў, што зрабіў гэтую заўвагу, баючыся, каб лекары не падумалі, што ён ад іх хавае язык.
Члены камісіі рэзка разышліся ў сваіх ацэнках стану Швейка. Палова з іх сцвярджала, што Швейк – «ein blöder Kerl», у той час як другая палова лічыла, што ён прахвост і здзекуецца з вайсковай службы.
– Каб вас гром забіў! – вызверыўся на Швейка старшыня камісіі.
– Мы вас выведзем на чыстую ваду!
Швейк пазіраў на ўсю камісію з боскім спакоем. Галоўны штабны лекар падышоў да Швейка ўсутыч.
– Хацеў бы я ведаць, пра што вы, марская свіння, зараз думаеце?
– Асмелюся далажыць, што я ўвогуле не думаю.
– Himmeldonnerwetter! – загалёкаў адзін з членаў камісіі, бразгаючы шабляй, – ён увогуле не думае. Чаму ж гэта вы, сіямскі слон, не думаеце?
– Асмелюся далажыць, я таму не думаю, што ў войску гэта салдатам забаронена. Калі я некалькі гадоў таму назад служыў у Дзевяноста першым палку, дык наш пан капітан заўсёды нам гаварыў, што салдат не павінен сам думаць, за яго думаюць яго камандзіры. Як толькі салдат пачынае думаць, гэта ўжо не салдат, а нейкая вашывая поскудзь, расцяпа. Разважанні ніколі не даводзяць…
– Маўчаць! – перабіў Швейка раз’юшаны старшыня камісіі. – Пра вас мы ўжо маем звесткі. Вы зусім не ідыёт, Швейк, вы хітры, пранырлівы прахвост, вы круцель, нягоднік, разумееце?