– Так точна, разумею!
– Я вам ужо сказаў маўчаць! Вы чулі?
– Так точна, чуў, маўчаць.
– Himmelherrhott! Дык і маўчыце, калі я загадаў. Вы ж добра ведаеце, што не маеце права мянціць языком.
– Так точна, ведаю, што не маю права мянціць языком.
Паны вайскоўцы пераглянуліся і паклікалі фельдфебеля.
– Гэтага тыпа адвядзіце ўніз у канцылярыю, – паказваючы на Швейка, загадаў галоўны штабны лекар, – і чакайце нашага рашэння. У гарнізоннай турме яму гэтыя тарыбары выб’юць з галавы. Хлапчына здаровы, як бугай, сімуляцыяй займаецца ды яшчэ разводзіць балбатню і строіць жартачкі са сваіх начальнікаў. Ён думае, што мы тут толькі для пацехі, што вайсковая служба – смешкі. Вам, Швейк, у гарнізоннай турме пакажуць, што вайсковая служба – зусім не забава.
Адыходзячы з фельдфебелем у канцылярыю, Швейк па дарозе мармытаў:
У той час, як у канцылярыі дзяжурны афіцэр крычаў на Швейка, што такіх дзецюкоў трэба расстрэльваць, наверсе, у бальнічных палатах, камісія вынішчала сімулянтаў. З сямідзесяці пацыентаў ацалела толькі двое: адзін – у якога нага была адарвана снарадам, а другі – з сапраўднай кастаедай. Толькі гэтыя двое не пачулі слоўца «tauglich», а ўсе астатнія, не выключаючы і трох паміраючых сухотнікаў, былі прызнаны годнымі для палявой службы.
Галоўны штабны ўрач не прамінуў выпадку сказаць прамову. Яна была пераплецена самай разнастайнай лаянкай і даволі кароткая. Усе – быдла і гной, і толькі ў тым выпадку, калі будуць мужна змагацца за пана імператара, то могуць вярнуцца ў людское грамадства, і тады пасля вайны ім даруюць, што яны хацелі выкруціцца ад вайсковай службы і сімулявалі. Але сам ён у гэта не верыць і думае, што ўсіх чакае вяроўка.
Нейкі малады вайсковы лекар, чыстая і пакуль не сапсаваная душа, папрасіў у галоўнага штабнога ўрача слова. Яго прамова адрознівалася ад прамовы яго начальніка аптымізмам і наіўнасцю. Ён гаварыў па-нямецку.
Ён доўга малоў языком аб тым, што, нібыта, кожны з іх, хто пакіне лазарэт і вернецца ў свой полк, на фронт, павінен быць пераможцам і рыцарам. Ён перакананы, што яны будуць па-майстэрску абыходзіцца са зброяй і будуць сумленнымі пры ўсіх акалічнасцях: і на вайне, і ў асабістым жыцці, што сваёю крывёю яны апладняць шырокія палі славы аўстрыйскай манархіі і годна выканаюць задачу, якую ім вызначыла гісторыя.
Потым у калідоры галоўны штабны ўрач сказаў гэтаму наіўнаму маладому чалавеку:
– Пане калега, магу вас запэўніць, што вашы словы пойдуць марна. Ці гаварыць з імі па-анёльску, ці па-д’ябальску, ім усё адно. Гэта адна хеўра!
Раздзел IX. Швейк у гарнізоннай турме
Апошнім прыстанішчам для людзей, якія не хацелі ісці на вайну, была гарнізонная турма. Я ведаў аднаго няштатнага прафесара-матэматыка, які не хацеў страляць з гармат, то стрэльнуў гадзіннік у аднаго надпаручніка, каб толькі трапіць у гарнізонную турму. Зрабіў ён гэта, добра ўсё разважыўшы. Вайна яму не імпанавала і яго не зачароўвала. Страляць у непрыяцеля і забіваць шрапнеллю і снарадамі гэткіх жа няшчасных, як ён сам, няштатных выкладчыкаў матэматыкі ён лічыў бязглуздзіцай.
Спачатку даследавалі яго псіхічны стан, а калі ён заявіў, што мэтай крадзяжу было асабістае ўзбагачэнне, яго адправілі ў гарнізонную турму. Там такіх, як ён, было шмат. Ідэалісты і неідэалісты. Людзі, якія лічылі вайсковую службу крыніцай асабістых даходаў: розныя бухгалтары, тылавыя і франтавыя, якія махлявалі з правіянтам і салдацкім жалаваннем, дробныя злодзеі, якія ў тысячу разоў былі болей сумленныя, чым тыя махляры, якія іх сюды пасадзілі. Тут, у гарнізоннай турме, сядзелі і салдаты за розныя ўчынкі чыста вайсковага характару: парушэнне дысцыпліны, спроба ўсчаць бунт, дэзерцірства. Асаблівую групу складалі палітычныя, з якіх восемдзесят працэнтаў было ні ў чым не вінаватых, дзевяноста дзевяць працэнтаў з іх было асуджана.
Апарат вайсковых суддзяў быў раскошны. Такі судовы апарат ёсць у кожнай дзяржавы, якая знаходзіцца напярэдадні агульнага палітычнага, эканамічнага і маральнага заняпаду. Бляск былой моцы і славы ахоўваўся судамі і паліцыяй, жандармерыяй і прадажнай хеўрай даносчыкаў. У кожнай вайсковай часці Аўстрыя мела сваіх шпіцляў, якія выдавалі сваіх сяброў, тых, з якімі спалі на адных нарах, а на маршы дзяліліся кавалкам хлеба.
Усё новы матэрыял пастаўляла ў гарнізонную турму і дзяржаўная паліцыя. Вайсковая цэнзура скіроўвала сюды аўтараў ліставання паміж фронтам і тымі, хто ў роспачы заставаўся дома, і вайсковы суд паяў ім па дванаццаць гадоў турмы за словы ўцехі або за апісанне галечы, якая панавала на радзіме салдата.