З Градчанскай турмы адна з дарог вяла праз Бржэўнаў на Мотальскі пляц. Наперадзе ў суправаджэнні салдат ішоў чалавек з кандаламі на руках, а за ім ехала падвода з дамавінай. На Мотальскім пляцы гучала каманда: «An! Feuer!» і па ўсіх палках і батальёнах зачытвалі палкавы загад аб тым, што яшчэ адзін расстраляны за «бунт», усчаты з-за таго, што ў час прызыву капітан сек шабляй яго жонку, што ніяк не магла адарвацца ад мужа.
A ў гарнізоннай турме тройца: штабны турэмны наглядчык Славік, капітан Лінгарт і фельдфебель Ржэпа, празваны «катам», апраўдвалі сваё прызначэнне. Колькі людзей закалацілі яны ў адзіночках! Магчыма, капітан Лінгарт і сёння у рэспубліцы застаецца па-ранейшаму капітанам. Тады я жадаў бы, каб яму залічылі гады службы ў гарнізоннай турме. Славіку і Кліму дзяржаўная паліцыя ўжо залічыла іх стаж. Ржэпа зноў зрабіўся цывільным і надалей выконвае сваё рамяство майстра-муляра. Можа, нават з’яўляецца членам патрыятычных таварыстваў у рэспубліцы.
Штабны наглядчык Славік у рэспубліцы зрабіўся злодзеем і зараз сядзіць у турме. Не змог, небарака, уладкавацца ў рэспубліцы гэтак жа прывольна, як іншыя паны вайскоўцы.
Зусім натуральна, што штабны наглядчык Славік, прымаючы Швейка, кінуў на яго погляд, поўны нямога папроку.
– Мы табе, хлопец, жыццё тут асалодзім як мае быць. I табе, і ўсім, хто папаўся ў нашы рукі. А нашы рукі – гэта вам не дамскія ручкі.
I каб дадаць вагі сваім словам, ён прыклаў свой здаравенны жылісты кулак Швейку да носа і сказаў:
– Панюхай, чым пахне, падлюга! Швейк панюхаў і сказаў:
– Такім кулаком я не хацеў бы атрымаць па носе. Пахне могілкамі.
Спакойная, разважлівая гаворка Швейка спадабалася штабному турэмнаму наглядчыку.
– Гэй ты! – раўнуў ён, тыцнуўшы Швейка кулаком у жывот. – Стой смірна! Што ў цябе ў кішэнях? Калі маеш сігарэты, то можаш пакінуць іх сабе, а грошы давай сюды, каб не ўкралі. Больш няма? Сапраўды няма? Не хлусі! Хлусня караецца.
– Куды яго сунем? – спытаў фельдфебель Ржэпа.
– У шаснаццатую, – вырашыў наглядчык, – да беспарточнікаў. Хіба не бачыце, што напісаў на суправаджальнай паперы капітан Лінгарт: «Streng behüten, beobachten».
– Так, так, – звярнуўся ён урачыста да Швейка, – з ліхадзеямі і абыходак ліхі. А калі хто ўзбунтуецца, таго кінем у адзіночку, а там пераламаем усе рэбры і хай ляжыць, пакуль не здохне. Маем такое права. Памятаеце, Ржэпа, як мы расправіліся з тым мясніком?
– Ну і задаў ён нам працы! – летуценна вымавіў фельдфебель Ржэпа. – Во быў здаравенны! Я таптаў яго больш як пяць хвілін, пакуль рэбры не затрашчалі і не палілася кроў з рота. А ён потым яшчэ дзён дзесяць жыў. Жывучы быў, падла!
– Бачыш, мярзотнік, як у нас распраўляюцца з тымі, хто ўздумае бунтаваць або ўцякаць, – закончыў свой педагагічны выклад штабны турэмны наглядчык Славік. – Гэта ўсё роўна як самазабойства, якое ў нас таксама караецца. Альбо не прывядзі бог, табе, гад, узбрыдзе ў галаву скардзіцца, калі прыйдзе інспекцыя! Калі тое здарыцца і прыйдзе інспекцыя ды спытае: «Ці маеце нейкія скаргі?», дык ты, смярдзючая жаба, павінен стаць ва фронт, узяць пад казырок і адрапартаваць: «Асмелюся далажыць, не маю, усім задаволены». Ну, як ты скажаш, мярзотнік, паўтары!
– Асмелюся далажыць, не маю, усім задаволены, – паўтарыў Швейк з такім мілым выразам твару, што штабны наглядчык дапусціў памылку, палічыўшы гэта шчырай стараннасцю і пачцівасцю.
– Дык распранайся да сподняга і пойдзем у шаснаццатую, – сказаў ён ласкава, не дадаўшы, як звычайна, ні «гнюса», ні «нікчэмніка», ні «мярзотніка».
У шаснаццатай Швейк убачыў два дзесяткі мужчын у сподніках. Тут сядзелі ўсе, у каго ў паперах было зазначана: «Streng behüten, beobachten». За імі вельмі старанна наглядалі, каб яны не ўцяклі.
Калі б споднікі былі чыстыя, а на вокнах не было кратаў, то на першы погляд магло здацца, што вы трапілі ў прылазнік.
Швейка прыняў ад фельдфебеля стараста, даўно не голены мужык у расхлістанай кашулі. Ён запісаў яго прозвішча на кавалку паперы, які вісеў на сцяне, і сказаў:
– Заўтра ў нас відовішча – павядуць у капліцу на казань. Мы ўсе будзем стаяць там у адных сподніках якраз пад самай кафедрай. Во будзе забава!
Як і ва ўсіх вязніцах і каталажках, у гарнізоннай турме была свая капліца, якая цешылася ў арыштантаў вялікай папулярнасцю. Зусім не таму, што прымусовае наведванне турэмнай капліцы набліжала вязняў да бога або яны больш даведваліся пра дабрадзейнасць. Пра такое глупства не магло быць і гаворкі. Проста набажэнства і казань былі паратункам ад гарнізоннай нуды. Не ў тым была справа, што ты стаў бліжэй да бога, а ў тым, што па дарозе ты мог спадзявацца знайсці – на лесвіцы або ў двары – адкінуты акурак сігарэты ці сігары.