Ды яшчэ сама казань была для ўсіх забавай і пацехай. Фельдкурат* Ота Кац быў вельмі мілы чалавек. Усё набажэнства ён вёў надта арыгінальным спосабам. Ён мяняў увесь парадак святой імшы, а калі быў здорава пад чаркаю, прыдумляў зусім новыя модлы, новую святую імшу, свой уласны рытуал, – словам, нешта такое, чаго да гэтага часу ніколі нідзе не было.
A колькі пацехі было, калі ён паслізнецца і бухнецца разам з чашай і святымі дарамі, а ўголас вінаваціць міністранта* з арыштаваных у тым, што той знарок падставіў ножку, а потым тут жа, перад усімі святынямі, улепіць гэтаму міністранту адзіночку і «шпангле»*. А пакаранаму радасць, бо ўсё гэта ўваходзіць у праграму камедыі ў турэмнай капліцы. Яму далі вялікую ролю, і ён яе з ахвотай выконвае.
Фельдкурат Ота Кац, узорны вайсковы святар, быў яўрэем. Зрэшты, у гэтым не было нічога дзіўнага: архіепіскап Кон таксама быў яўрэем. Але ў фельдкурата Ота Каца мінулае было яшчэ больш стракатым, чым у славутага архіепіскапа Кона. Ота Кац вучыўся ў гандлёвай акадэміі і некалі быў залічаны ў войска як вальнапісаны. Ён так тонка разбіраўся ў вэксальным праве і ў саміх вэксалях, што за адзін год давёў фірму «Кац і кампанія» да банкруцтва, ды такога, што старому Кацу давялося з’ехаць у Паўночную Амерыку, правёўшы спачатку некаторыя камбінацыі з паперамі сваіх крэдытораў, праўда, без іх ведама, як і без ведама свайго кампаньёна, якому прыйшлося выехаць у Аргенціну.
Калі малады тады Ота Кац бескарысліва падзяліў фірму «Кац і К°» паміж Паўночнай і Паўднёвай Амерыкамі, то апынуўся ў становішчы чалавека, які ніадкуль не чакае спадчыны, не ведае, куды галаву прытуліць і якому застаецца толькі вайсковая служба.
Аднак вальнапісанаму Ота Кацу прыйшла ў галаву яшчэ адна бліскучая штуковіна. Ён ахрысціўся. Звярнуўся да Хрыста з даверам і ўпэўненасцю, што той дапаможа яму зрабіць кар’еру, і разглядаў сваё хрышчэнне як камерцыйную здзелку паміж сабой і сынам божым.
Яго ўрачыста хрысцілі ў Эмаўзскім кляштары. I экзамен на афіцэра прайшоў паспяхова, і новенькі хрысціянін Ота Кац застаўся на вайсковай службе. Спачатку яму здавалася, што справы пойдуць добра, і ён нават збіраўся запісацца на штабныя курсы, але аднаго разу напіўся, пайшоў у манастыр і прамяняў шаблю на манаскую сутану. Пасля аўдыенцыі ў архіепіскапа ў Градчанах ён трапіў у семінарыю. Перад сваім пасвячэннем ён нажлукціўся, як бэля, у адным надта прыстойным «доме з жаночай абслугай» і проста з віру раскошы і забавы скіраваўся на пасвячэнне ў духоўны сан. Пасля пасвячэння ён пайшоў у полк шукаць пратэкцыі і, калі яго прызначылі фельдкуратам, купіў сабе каня і гарцаваў на ім па Празе і з найвялікшай ахвотай прымаў удзел ва ўсіх папойках афіцэраў свайго палка.
На лесвіцы дома, дзе ён кватараваў, вельмі часта гучалі кленічы незадаволеных крэдытораў. Ота Кац вадзіў да сябе дзевак з вуліцы ці пасылаў па іх свайго дзеншчыка. Ён вельмі любіў гуляць у карты, і хадзілі небеспадстаўныя чуткі, што гуляе ён нячыста, але нікому не ўдавалася давесці, што ў шырокім рукаве яго сутаны быў схаваны туз. У афіцэрскіх колах яго звалі святым айцом. Да казані ён ніколі не рыхтаваўся, чым адрозніваўся ад свайго папярэдніка, які раней таксама наведваў гарнізонную турму. Таму засела ў галаву, што салдат, пасаджаных у турму, можна выправіць казанямі з кафедры. Гэты высокапаважаны пастар набожна закочваў вочы і гаварыў арыштантам пра неабходнасць рэформы законаў аб прастытутках, матках-адзіночках і выхаванні пазашлюбных дзяцей. Яго нудныя казані мелі абстрактны характар і ніяк не былі звязаны з сучасным становішчам спраў.
Ота Кац, наадварот, сваімі казанямі весяліў усіх.
Надышоў урачысты момант, калі шаснаццатую камеру павялі ў сподніках, бо дазволіць арыштантам надзець штаны было рызыкоўна – раптам нехта ўцячэ. Дваццаць анёлкаў у белых сподніках паставілі перад самой кафедрай. Некаторыя з тых, каму ўсміхнулася фартуна, жавалі знойдзеныя па дарозе акуркі, бо не мелі куды іх схаваць – у сподніках кішэняў не было. Астатнія арыштанты стаялі наўкола і любаваліся выглядам дваццаці пар сподяікаў.
На кафедру, пазвоньваючы шпорамі, узлез фельдкурат.
– Habacht! – скамандаваў ён. – На малітву! Усім паўтараць за мной, што я буду гаварыць! А ты там, з-заду, хам, не смаркайся ў кулак, ты ў храме божым, а то загадаю пасадзіць у карцар! Мусіць, ужо забыліся, недавяркі, «Ойча наш»? Ану, паспрабуем… Я так і ведаў, што не пойдзе. Дзе ўжо там «Ойча наш»! Вам бы зараз па дзве пайкі мяса ды з фасолевым гарнірам, легчы на бруха і калупаць у носе, не думаючы пра пана бога. Ці не праўда?