Ён паглядзеў з кафедры ўніз на дваццаць белых анёлаў у сподніках – як і ўсе астатнія, яны знайшлі сабе занятак – забаўляліся. У задніх радах гулялі ў «мяса»*.
– Вельмі цікава, – шапнуў Швейк свайму суседу, на якім ляжала падазрэнне, што ён за тры кроны адсек свайму таварышу сякерай усе пальцы на руцэ, каб той вызваліўся ад вайсковай службы.
– Ці тое яшчэ будзе! – адказаў сусед. – Ён сёння здорава нажлукціўся, значыцца, зноў будзе балакаць пра цярністы шлях грэху.
Сапраўды, фельдкурат сёння быў у надта добрым настроі. Сам не ведаючы, навошта, ён увесь час перагінаўся з кафедры і мала не страціў раўнавагі і не зваліўся ўніз.
– Вы, лайдакі, ніколі нічому не навучыцеся, – вяшчаў фельдкурат. – Я за тое, каб вас усіх пастраляць. Вы добра мяне зразумелі? Я заяўляю з гэтага божага месца, нікчэмнікі, таму што бог ёсць быціе… якое вас не баіцца, а так возьме вас у работу, што вы ачмурэеце, бо вы не хочаце звярнуцца да Хрыста і лепей будзеце ісці цярністым шляхам грэху…
– Вово, дайшоў. Добра ж насмактаўся! – радасна зашаптаў Швейку сусед.
– Цярністы шлях грэху – гэта, дурні вы бязглуздыя, шлях барацьбы з распустай. Вы, марнатраўныя сыны, якія любяць ашывацца ў адзіночках замест таго, каб вярнуцца да айца нашага, скіруйце пагляды вашы да нябёсаў і вы пераможаце, і мір паселіцца ў душах вашых, грубіяны… Я папрасіў бы, там, з-заду, не чмыхаць! Вы не жарабцы і не ў стайні знаходзіцеся, а ў храме божым. Памятайце, вы, быдла, што вы – людзі і павінны скрозь цёмны морак сучаснасці скіраваць пагляды ў далёкую прастору вечнасці і ведаць, што ўсё тут часовае, адзін толькі бог – на векі вечныя. Sehr gut, nicht wahr, meine Herren? А калі вы думаеце, што я буду дзень і ноч маліцца за вас, каб міласэрны бог, дуралеі, удыхнуў сваю душу ў вашы халодныя сэрцы і ў сваёй святой ласцы дараваў грахі вашы, то памыляецеся! Я вас у райскія шаты не павяду. Чуеце, што я гавару, вы там, у сподніках?
Дваццаць споднікаў паглядзелі ўгару і ў адзін голас адказалі:
– Так точна, чуем.
– Мала толькі чуць, – працягваў сваю казань фельдкурат. – Вы не ўмееце маліцца і думаеце, што ходзяць у касцёл толькі дзеля пацехі, быццам тут нейкі тэатр ці кіно. Я гэта выб’ю ў вас з галавы, каб вы не думалі, што я прыйшоў сюды вас забаўляць ці прыносіць вам нейкую радасць. Я рассаджаю вас па адзіночках, вось што я зраблю. I ўсё-такі вы мяне калі-небудзь успомніце і скажаце: «Ён жадаў нам дабра»…
Сярод двух дзесяткаў споднікаў пачуўся ўсхліп. Гэта зайшоўся ад плачу Швейк.
Фельдкурат зірнуў уніз. Там стаяў Швейк і цёр вочы кулаком.
– Хай кожны з вас бярэ прыклад з. гэтага чалавека, – працягваў фельдкурат, паказваючы на Швейка. – Што ён робіць? Плача. Не плач, кажу я табе, не плач! Ты хочаш выправіцца? Гэта табе, даражэнькі, так лёгка не ўдасца. Зараз ты плачаш, а вернешся ў сваю камеру і зноў будзеш гэткім жа нягоднікам, як і раней… Сёння мы бачым, як заплакаў адзін з вас, ён хоча стаць на шлях дабрачыннасці, а што робіце вы, астатнія? Нічога не робіце! Адзін нешта жуе, нібыта ў яго бацькі былі жвачныя жывёліны, а другі ў храме божым шукае вошай у сарочцы. Наглядчык, вы зусім не сочыце за парадкам!
Фельдкурат спусціўся з кафедры і адышоўся ў рызніцу, куды ўслед за ім паплёўся і наглядчык. Праз хвіліну наглядчык выйшаў, выцягнуў Швейка з гурта дваццаці споднікаў і адвёў у рызніцу.
Фельдкурат, выгодна ўладкаваўшыся на стале, скручваў сабе сігарэту. Калі Швейк увайшоў, фельдкурат сказаў:
– Ага, вось і вы. Я тут усё добра абдумаў і лічу, што я вас раскусіў як след. Разумееш, мужык? Гэта першы выпадак, калі ў мяне ў касцёле нехта разрумзаўся.
Ён саскочыў са стала і, тузаючы Швейка за плячо, крыкнуў, стоячы пад вялікім пахмурным абразом Францыска Салескага*:
– Прызнайся, лайдак, што ты распусціў нюні толькі так сабе, для пацехі!
Францішак Салескі дапытліва глядзеў з абраза на Швейка. А з другога боку з другога абраза на Швейка здзіўлена пазіраў нейкі мучанік, якому ў зад уваткнулі зуб’е пілы, і нейкія невядомыя рымскія легіянеры старанна яго пілавалі. На твары пакутніка не відаць было ні пакуты, ні задавальнення ад мучаніцкага лёсу, адно здзіўленне, нібы ён хацеў сказаць: «Як гэта я да гэтага дайшоў, і што вы, панове, са мной робіце?»
– Так точна, пане фельдкурат, – разважліва сказаў Швейк, ставячы ўсё на карту, – перад абліччам усемагутнага бога і вашым, дастойны ойча, прызнаю, што я хліпаў сапраўды толькі дзеля смеху. Я бачыў, што ў вашай казані не хапае выпраўленага грэшніка, вось я і вырашыў даць вам гэтую радасць, каб вы не думалі, што ўжо не знойдзецца ніводнага прыстойнага чалавека. Ды і сам хацеў пацешыцца, каб стала лягчэй на душы.