Выбрать главу

Фельдкурат цікаўна паглядзеў на прастадушны твар Швейка.

– Вы мне пачынаеце падабацца, – сказаў фельдкурат, зноў сядаючы на стол. – Якога палка? – спытаў ён, ікаючы.

– Асмелюся далажыць, пане фельдкурат, што належу і не належу да Дзевяноста першага палка і ўвогуле не ведаю, што са мной робіцца.

– А за што тут седзіцё? – спытаў фельдкурат, не перастаючы ікаць.

– Асмелюся далажыць, пане фельдкурат, я сапраўды не ведаю, за што тут сяджу. Але я не скарджуся на тое, што сяджу. Мне проста не пашанцавала. Я ўсё стараюся як лепей, а ў мяне ўсё выходзіць на горшае, як у таго мучаніка на іконе.

Фельдкурат паглядзеў на ікону, усміхнуўся і сказаў:

– Дальбог, вы мне падабаецеся! Трэба будзе мне спытаць пра вас у следчага. I хопіць аб гэтым. Kehrt euch! Abtreten!

Вярнуўшыся ў родную сям’ю беспарточнікаў каля кафедры, Швейк на пытанне, што хацеў ад яго фельдкурат, адказаў вельмі суха і коратка:

– Зусім акасеў.

За наступнай місіяй фельдкурата – святой імшой – усе сачылі з незвычайнай увагай і непрытоенай сімпатыяй. Адзін арыштант нават пабіўся аб заклад, што фельдкурат упусціць чашу з дарамі. Ён паставіў усю сваю пайку хлеба супраць дзвюх аплявух і выйграў.

Фельдкурат, які так хораша ажыццявіў на практыцы старадаўнюю традыцыю наведваць вязняў, вярнуўся ў рызніцу, пераапрануўся, загадаў наліць сабе царкоўнага віна з вялікай аплеценай бутлі, выпіў і з дапамогай рыжага міністранта сеў на свайго верхавога каня, прывязанага ў двары, але, успомніўшы пра Швейка, злез з каня і пайшоў у канцылярыю да следчага Берніса.

Вайсковы следчы Берніс быў чалавек свецкі, прывабны танцор і распуснік, які страшэнна нудзіўся на службе і пісаў па-нямецку альбомныя вершы, каб, як надарыцца выпадак, мець іх заўсёды напагатове. Бн з’яўляўся найважнейшым звяном усяго апарату вайсковага суда, бо ў яго руках была засяроджана настолькі велізарная колькасць заблытаных пратаколаў і актаў, што ён выклікаў да сябе павагу ўсяго ваенна-палявога суда ў Градчанах.

– Servus, – сказаў фельдкурат, падаючы яму руку. – Як маешся?

– Не вельмі што, – адказаў вайсковы следчы Берніс. – Пераблыталі тут мне матэрыялы, цяпер у іх сам чорт не разбярэцца. Учора я паслаў па начальству ўжо апрацаваны матэрыял на аднаго дзецюка па абвінавачанні ў мяцяжы, а мне ўсё вярнулі назад, маўляў, таму, што гаворка павінна ісці не пра мяцеж, а пра крадзеж кансерваў. Ды яшчэ нібыта я паставіў на справе не той нумар. I як яны гэта разгледзелі, адзін бог ведае.

Вайсковы следчы плюнуў.

– Ходзіш яшчэ гуляць у карты? – спытаў фельдкурат.

– Прайграўся ўшчэнт. Апошнім разам гулялі мы з палкоўнікам, з тым пляшывым, у макао, дык я спусціў яму ўсё, як у бяздонную бочку. Затое прыкмеціў тут адну маладзічку… А ты што робіш, святы ойча?

– Мне патрэбен дзяншчык, – сказаў фельдкурат. – Апошні дзяншчык у мяне быў стары бухгалтар, без адукацыі, але быдла першакласнае. Вечна ныў і ўзносіў модлы, каб бог засцярог яго ад бяды, дык я яго і паслаў з маршавым батальёнам на фронт. Кажуць, што ўвесь гэты батальён быў пасечаны, як на бойні. А сёння я знайшоў аднаго дзецюка, які ў час казані, дзеля смеху, расплакаўся. Якраз такі мне і патрэбен. Прозвішча яго Швейк, а сядзіць у шаснаццатай. Я хацеў бы даведацца, за што яго пасадзілі і ці можна што-небудзь зрабіць, каб я мог яго адтуль забраць?

Следчы пачаў корпацца ў шуфлядах стала, шукаць справу Швейка, але, як заўсёды, не мог нічога знайсці.

– Відаць, у капітана Лінгарта, – сказаў ён пасля доўгіх пошукаў. – Чорт яго ведае, куды ў мяне прападаюць усе гэтыя справы. Я, напэўна, адаслаў іх Лінгарту. Зараз я яму затэлефаную. Алё, гаворыць следчы, надпаручнік Берніс. Пане капітан, скажыце, калі ласка, ці няма там у вас папер адносна нейкага Швейка. Павінны быць у мяне? Дзіўна… Я сам ад вас прымаў? Сапраўды дзіўна… Сядзіць у шаснаццатай… Я ведаю, пан капітан, што шаснаццатая ў мяне. Але я думаў, што паперы наконт Швейка валяюцца дзе-небудзь у вас… Што? Вы просіце з вамі так не гаварыць? У вас нічога не валяецца? Алё! Алё!

Следчы Берніс, збянтэжаны, прысеў да стала і пачаў асуджаць непарадак у вядзенні следства. Паміж ім і капітанам Лінгартам даўно ўжо існавала непрыязнасць, якую яны надта паслядоўна павялічвалі. Калі папера па ведамстве Лінтарта трапляла ў рукі Берніса, то Берніс засоўваў яе так далёка, што ніхто ўжо знайсці не мог. Тое ж самае рабіў Лінгарт з паперамі, якія пасылаліся Бернісу. З-за гэтай узаемнай нялюбасці прападалі і дадаткі да спраў.

(Справа Швейка была знойдзена ў архіве вайскова-палявога суда толькі пасля перавароту з наступнай нататкай: «Збіраўся скінуць маску крывадушнасці і адкрыта выступіць супраць асобы пана імператара і нашай дзяржавы». Справа Швейка была засунута сярод папер нейкага Бзафа Коўдзелы. На вокладцы справы быў пастаўлены крыжык, а пад ім: «Прыведзена ў выкананне» і дата.) – Значыцца, Швейк у мяне згубіўся, – сказаў следчы Берніс. – Я загадаю выклікаць яго сюды і, калі ён не прызнаецца ні ў чым, дык адпушчу і загадаю адвесці да цябе, а астатняе ты ўжо сам уладкуеш у палку.