Пасля таго як фельдкурат пайшоў, следчы Берніс загадаў прывесці Швейка, але прымусіў яго чакаць каля дзвярэй, бо якраз у гэты момант атрымаў тэлефанаграму з паліцэйскай управы.
Швейк тым часам разглядаў канцылярыю вайсковага следчага. Нельга сказаць, каб яна рабіла прыемнае ўражанне, асабліва фатаграфіі розных экзекуцый, праведзеных арміяй у Галіцыі і Сербіі. Гэта былі мастацкія фатаграфіі спаленых хат і асмаленых дрэў, галіны якіх сагнуліся пад цяжарам павешаных. Асабліва прыгожая была фатаграфія павешанай сям’і з Сербіі: маленькі хлопчык, бацька і маці. Два салдаты з вінтоўкамі ахоўваюць дрэва, на якім вісіць некалькі чалавек, а на пярэднім плане ў паставе пераможцы стаіць афіцэр, курыць сігарэту. Удалечыні відаць дзеючая палявая кухня.
– Ну, дык што там у вас, Швейк? – спытаў следчы Берніс. – Чаго вы там нарабілі? Прызнаецеся ці будзеце чакаць, пакуль складзём на вас абвінаваўчы акт? Так не выйдзе! Не думайце, што вы перад нейкім такім судом, дзе следства вядуць цывільныя ёлупні. У нас суд вайсковы! Адзіным вашым паратункам ад строгай і справядлівай кары можа быць толькі поўнае прызнанне.
У следчага Берніса быў адмысловы метад на выпадак, калі згубіцца матэрыял супраць абвінавачанага. Як бачыце, нічога асаблівага ў гэтым метадзе не было, таму можна не здзіўляцца, што вынікі такога расследавання і допыту заўсёды былі роўныя нулю.
Следчы Берніс лічыў сябе настолькі праніклівым, што, не маючы матэрыялу супраць абвінавачанага, не ведаючы, у чым яго вінавацяць і за што ўвогуле ён сядзіць у турме, з адных толькі назіранняў за паводзінамі і фізіяноміяй прыведзенага на допыт рабіў вывад, за што гэтага чалавека трымаюць пад замком. Яго празорлівасць і веданне людзей былі такія глыбокія, што аднаго цыгана, які трапіў у гарнізонную турму свайго палка за крадзеж некалькіх тузінаў бялізны (ён быў на пабягушках у каптэнармуса), Берніс абвінаваціў у палітычных злачынствах, нібыта ён у нейкай карчме гутарыў з салдатамі аб стварэнні самастойнай дзяржавы чэшскага і славацкага народаў на чале з каралём-славянінам.
– Мы маем дакументы, – гаварыў ён няшчаснаму цыгану, – і вам не застаецца нічога іншага, як прызнацца, у якой карчме вы гэта гаварылі, якога палка былі тыя салдаты, што вас слухалі, і калі гэта адбывалася.
Няшчасны цыган выдумаў і дату, і карчму, і полк, з якога былі яго ўяўныя слухачы, а калі вяртаўся з допыту, проста ўцёк з турмы.
– Вы не хочаце ні ў чым прызнацца, – спытаў следчы Верніс, пакуль Швейк захоўваў магільнае маўчанне. – Вы не хочаце сказаць, чаму вы апынуліся тут, за што вас пасадзілі? Але ж, прынамсі, мне вы маглі б гэта сказаць, перш чым я вам сам вылажу. Папярэджваю вас яшчэ раз, прызнайцеся. Вам жа лепей будзе, бо аблегчыць расследаванне і зменшыць пакаранне.
– Асмелюся далажыць, – прагучаў нарэшце дабрадушны голас Швейка, – я тут, у гарнізоннай турме, быццам знайдыш.
– Як гэта?
– Асмелюся далажыць, магу высветліць вельмі проста. На нашай вуліцы жыве вугальшчык, і ў яго быў зусім бязвінны двухгадовы хлопчык. Затэпаў гэты хлопчык з Вінаградаў аж да Лібені*, сеў на тратуары – тут яго і знайшоў паліцэйскі. Адвёў ён хлопчыка ў участак, а там яго пасадзілі пад замок. Падумаць толькі – двухгадовае дзіця! Бачыце, хлопчык быў зусім без віны, а яго ўсё ж пасадзілі. Нават калі б ён умеў гаварыць, то не ведаў бы, што адказаць на пытанне, за што яго пасадзілі. Прыблізна так і са мной. Я гэткі ж знайдыш.
Праніклівы погляд следчага акінуў паставу і аблічча Швейка і разбіўся аб іх. Ад усёй гэтай істоты, што стаяла перад следчым, павявала такой абыякавасцю і такой цнатлівасцю, што Берніс пачаў раздражнёна хадзіць па канцылярыі і калі б не абяцанне фельдкурату паслаць яму Швейка, то чорт ведае, чым бы ўсё кончылася.
Нарэшце, следчы спыніўся каля свайго стала.
– Паслухайце, – сказаў ён Швейку, які безуважна глядзеў перад сабой, – калі вы яшчэ хоць раз трапіце мне на вочы, то доўга будзеце пра гэта помніць… Адвядзіце яго!
Пакуль Швейка вялі назад у шаснаццатую, Берніс выклікаў да сябе наглядчыка Славіка.
– Надалей, да наступных указанняў, Швейк перадаецца ў веданне пана фельдкурата Каца, – коратка загадаў ён. – Падрыхтаваць пропуск. Адвесці Швейка з двума канвойнымі да пана фельдкурата.