Той ціха адказаў:
– Штыкі можна і зняць. Усё ж гэта наш чалавек. – Ён адолеў у сабе скепсіс, і душа яго цяпер поўнілася спачуваннем да Швейка. Яны нагледзелі прыдатную браму, знялі там штыкі, і таўстун дазволіў Швейку ісці побач з ім.
– Закурыў бы, га? – спытаў ён. – Хто ведае… Ён хацеў сказаць: «Хто ведае, ці даюць закурыць перад тым як павесіць», але не дакончыў фразы, адчуваючы, што гэта было б нетактоўна.
Усе закурылі, і канваіры Швейка пачалі распавядаць яму пра свае сем’і, што жылі пад Кралавеградцам, пра жонак, дзяцей, пра лапік палетка, пра адзіную карову…
– Піць хочацца, – сказаў Швейк. Цыбаты з малым пераглянуліся.
– На адзін келіх мы, бадай, таксама зайшлі б, – сказаў малы, прадчуваючы згоду цыбатага, – але куды-небудзь так, каб не вельмі кідацца ў вочы.
– Давайце зойдзем у «Куклік», – прапанаваў Швейк, – там вы свае стрэльбы можаце пакінуць на кухні, карчмар там Серабона, сокал*, яго можна не баяцца. Там іграюць на скрыпцы і на гармоніку. Заходзяць туды шлюхі і іншая прыстойная грамада, якую не пускаюць у «рэпрэзенцяк»*.
Цыбаты з малым яшчэ раз пераглянуліся, і бамбіза пагадзіўся:
– Давайце зойдзем, да Карліва яшчэ далёка. Па дарозе Швейк расказваў ім розныя анекдоты, і ў добрым настроі яны ўвайшлі ў «Куклік» і зрабілі так, як раіў Швейк. Вінтоўкі схавалі на кухні і пайшлі ў агульную залу, дзе скрыпка з гармонікам напаўнялі памяшканне гукамі ўлюбёнай песні: «На Панкрацы, на гары гожыя прысады».
Нейкая паненка сядзела на каленях у зморанага дзецюка з гладка зачэсаным праборам і спявала сіпатым голасам: «Сватаў, сватаў я дзяўчыну, а гуляе з ёй другі».
За адным сталом спаў п’яны сардыншчык. Час ад часу ён прачынаўся, біў кулаком па стале і, прамармытаўшы «Не ўдасца!», зноў засынаў. За більярдам пад люстрам сядзелі тры дзеўкі і пакрыквалі нейкаму чыгуначнаму кандуктару:
– Малады чалавек, пачастуйце нас вермутам! Каля музыкаў двое спрачаліся за нейкую Маржанку, якую ўчора схапіў патруль. Адзін гэта бачыў на ўласныя вочы, а другі запэўніваў, што яна, быццам, пайшла спаць з нейкім салдатам у гатэль «Вальшы».
Каля самых дзвярэй у акружэнні цывільных сядзеў салдат і расказваў, як яго параніла ў Сербіі. Адна рука ў яго была перавязана, а кішэні набіты сігарэтамі, якія ён атрымаў ад сабутэльнікаў. Ён прасіўся, кляўся, што не можа больш піць, а адзін з кампаніі, пляшывы старычына, панукаў:
– Ды выпіце, салдацік, хто ведае, ці сыдземся яшчэ калі? Загадаць, каб вам сыгралі што-небудзь? Вы любіце «Сірацінку»?
Гэта была любімая песня лысага дзядка, і сапраўды праз хвіліну скрыпка і гармонік завылі «Сірацінку». У Дзядулі на вачах выступілі слёзы, і ён завёў дрыготкім голасам:
З-за другога стала пачулася:
– Ды хопіць ужо! К чорту ў балота! Пайшлі вы з вашай «Сірацінкай»… I ў якасці апошняга сродка непрыяцельскі стол грымнуў:
– Франта, – паклікалі адтуль параненага салдата, калі, заглушыўшы «Сірацінку», праспявалі «Разлуку» да канца. – Франта, кінь ты іх, ідзі да нас. Плюнь на ix і давай сюды сігарэты. Кінь забаўляць гэтых дурняў!
Швейк і яго канваіры з цікавасцю назіралі за тым, што адбывалася навакол. Швейк, які часта бываў тут да вайны, успамінаў, як сюды прыходзіў з аблавай камісар Драшнер і як яго баяліся прастытуткі, якія склалі пра яго песеньку і аднойчы заспявалі яе хорам:
У гэты момант увайшоў Драшнер, страшны і няўмольны. Сітуацыя нагадвала паляванне на курапатак: паліцэйскія сагналі ўсіх у кучу. I ён, Швейк, таксама апынуўся ў гэтай кучы, бо на сваю бяду, калі камісар Драшнер запатрабаваў у яго пасведчанне асобы, спытаў: «A ці ёсць у вас ва гэта дазвол паліцэйскай управы?» Потым Швейк успомніў яшчэ пра аднаго паэта, які часцяком сядзеў вунь там, пад люстрам, і сярод гармідару і спеваў, пад гукі гармоні складаў вершыкі і тут жа чытаў іх прастытуткам.
У канваіраў Швейка ніякіх успамінаў падобнага роду яе было. Усё для іх было новым. Ім тут пачынала падабацца. Першы адчуў сябе тут прывольна малы таўстун, бо таўстуны, апрача свайго аптымізму, маюць яшчэ вялікую схільнасць да эпікурэйства. Бамбіза з хвіліну яшчэ змагаўся сам з сабой, але, страціўшы свой скептыцызм, мала-памалу пачаў траціць і стрыманасць і рэшткі разважнасці.
– А зараз я патанцую, – сказаў ён пасля пятага куфля піва, убачыўшы, як пары танцуюць шлапака*.