Малы цалкам аддаўся радасцям жыцця. Каля яго сядзела нейкая паненка і сыпала непрыстойнасцямі, а ў яго аж вочы разгараліся.
Швейк піў. Цыбаты, кончыўшы танцаваць, вярнуўся са сваёй партнёршай да стала. Потым канвойныя спявалі, танцавалі, безупынку пілі, паляпваючы па плячу сваіх кампаньёнак. I ў гэтай атмасферы прадажнага кахання, нікаціну і алкаголю нябачна лунаў дэвіз: «Пасля нас хоць патоп».
Пасля абеду да іх падсеў нейкі салдат і прапанаваў зрабіць за пяць крон флегмону і заражэнне крыві. Бамбіза, які ўжо страціў усялякую душэўную раўнавагу, пайшоў з салдатам у прыбіральню упырскваць сабе пад скуру ў нагу газу.
Калі пачало змяркацца, Швейк унёс прапанову скіравацца ў дарогу да фельдкурата. Але малы таўстун, у якога язык пачаў заплятацца, спакусіў Швейка застацца яшчэ. Бамбіза быў таксама той думкі, што фельдкурат можа пачакаць. Аднак Швейку ў «Кукліку» ўжо абрыдла, і ён прыгразіў, што пойдзе адзін.
Пайсці пайшлі, але Швейку давялося паабяцаць, што яны зойдуць яшчэ куды-небудзь. Спыніліся яны за «Фларэнцыяй» у маленькай кавярні, дзе таўстун прадаў свой сярэбраны гадзіннік, каб яны маглі яшчэ павесяліцца.
Адтуль сваіх канваіраў вёў ужо Швейк пад рукі. Гэта была нялёгкая праца: ногі ў іх увесь час падкошваліся, і іх бесперастанку цягнула яшчэ куды-небудзь зайсці. Малы таўстун ледзьве не згубіў пакет, адрасаваны фельдкурату, і Швейк быў вымушаны несці пакет сам. Кожны раз, калі насустрач ім ішоў афіцэр або нейкі унтэр-, Швейк павінен быў іх папярэджваць. Звышчалавечымі намаганнямі яму ўдалося дацягнуць іх да Кралаўскай вуліцы, дзе жыў фельдкурат. Швейк сам прымкнуў да вінтовак штыкі і штуршкамі пад рэбры прымусіў сваіх канваіраў, каб яны вялі яго, а не ён іх.
На другім паверсе, дзе на дзвярах была візітная картка «Ота Кац, фельдкурат», дзверы ім адчыніў нейкі салдат. З пакоя чутны былі галасы, звон бутэлек і шклянак.
– Wir… melden… gehorsam… Herr… Feldkurat, – ледзьве вымавіў бамбіза, аддаючы чэсць салдату, – ein… Paket… und ein Mann gebracht…
– Улазьце, – сказаў салдат. – Дзе гэта вы так набраліся? Пан фельдкурат таксама… – салдат сплюнуў.
Салдат адышоў з пакетам, яго доўга чакалі, пакуль нарэшце не адчыніліся дзверы і ў пярэдні пакой не ўвайшоў, а ўляцеў федьдкурат. Ён быў у камізэльцы, і ў руцэ трымаў сігару.
– Дык вы ўжо тут, – сказаў ён, звяртаючыся да Швейка. – А, гэта вас прывялі. Э… ці няма ў вас запалак?
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, няма, – адказаў Швейк.
– Э… а чаму ў вас няма запалак? У кожнага салдата павінны быць запалкі, каб ён мог закурыць. Салдат, які не мае запалак, з’яўляецца… Што з’яўляецца?
– Асмелюся далажыць, з’яўляецца без запалак, – падказаў Швейк.
– Абсалютна правільна, з’яўляецца без запалак і не можа даць нікому прыкурыць. Гэта па-першае. А цяпер па-другое. Ногі ў вас не смярдзяць?
– Асмелюся далажыць, не смярдзяць.
– Дык гэта было па-другое. А цяпер па-трэцяе. Гарэлку п’яце?
– Асмелюся далажыць, гарэлкі не п’ю, толькі ром.
– Добра! Вы паглядзіце на гэтага салдата. Я пазычыў яго на сённяшні дзень у обер-лейтэнанта Фельдгубера, гэта яго дзяншчык. Ён нічога не п’е, бачыце, непі… непітушчы, а таму пойдзе на фронт з маршавай ротай. Бо… бо такога чалавека мне не трэба. Гэта не дзяншчык, а карова. Тая таксама п’е адну ваду і рыкае, як бык.
Тут фельдкурат звярнуў сваю ўвагу на салдат, якія прывялі Швейка і, нягледзячы на ўсе старанні стаяць роўна, хісталіся, марна спрабуючы абаперціся на свае вінтоўкі.
– Вы п… п’яныя, – сказаў фельдкурат. – Вы напіліся на службе і за гэта я з…загадаю пасадзіць вас. Швейк, адбярыце ў іх вінтоўкі, адвядзіце на кухню і будзеце іх сцерагчы, пакуль не прыйдзе патруль, каб іх адвесці. Я зараз па… пазваню ў казармы.
Такім чынам, словы Напалеона «На вайне сітуацыя мяняецца з кожным імгненнем» знайшлі і тут сваё поўнае пацвярджэнне. Раніцай канваіры вялі пад штыкамі Швейка і баяліся, каб ён ад іх не ўцёк, а пад вечар не яны Швейка, а ён іх прывёў да месца прызначэння і ўрэшце Швейку ж давялося іх сцерагчы. Спачатку яны не расшалопалі, як павернуцца справы, але калі, седзячы на кухні, убачылі, што ў дзвярах стаіць Швейк з вінтоўкай і прымкнутым штыком, зразумелі ўсё.
– Я б чаго-небудзь выпіў, – уздыхнуў малы аптыміст.
A бамбізу зноў ахапіў прыступ скептыцызму. Ён заявіў, што ўсё гэта – нізкая здрада, і пачаў голасна абвінавачваць Швейка ў тым, што гэта ён давёў іх да такога становішча. Ён дакараў яго, успамінаючы, як Швейк ім абяцаў, што заўтра яго павесяць, а цяпер выходзіць, што і споведзь, і павешанне – адно ашуканства.
Швейк моўчкі праходжваўся каля дзвярэй.