– Аліменты? – спалохана перапытаў фельдкурат.
– Ну так, аліменты, пан фельдкурат, адступное дзяўчаткам. Вы ж казалі, каб я што-небудзь прыдумаў, а я нічога іншага прыдумаць не мог. У нас адзін кравец плаціў аліменты аж пяці дзяўчынкам і быў проста ў адчаі і таксама пазычаў на гэта грошы. I кожны ахвотна верыў, што ён у жахлівым становішчы. Пыталі мяне, што за дзяўчынка, а я гаварыў, што надта прыгожая, ёй яшчэ няма і пятнаццаці гадоў. Дык хацелі ўзяць яе адрас.
– Хораша ж вы правярнулі гэтую справу, Швейк, – уздыхнуў фельдкурат і пачаў хадзіць з кута ў кут. – Якая ганьба! – сказаў ён, хапаючыся за галаву. – А тут яшчэ галава баліць!
– Я ім даў адрас адной глухой бабулі на нашай вуліцы, – растлумачыў Швейк. – Я хацеў выканаць заданне як след, бо загад ёсць загад. Трэба ж было нешта прыдумаць. I вось яшчэ што: там, у пярэдняй, прыйшлі па раяль. Я іх прывёў, каб яны адвезлі яго ў ламбард, пане фельдкурат. Яно будзе няблага, калі гэтага раяля не стане. I месца болей будзе, і грошыкі ў нас завядуцца, на нейкі час хопіць. А калі гаспадар спытае, што мы хочам рабіць з тым раялем, то я скажу, што ў ім лопнулі струны і мы пасылаем яго на фабрыку ў напраўку. У мяне ўжо і на канапу пакупнік ёсць – мой знаёмы гандляр старой мэбляй. Прыйдзе пасля абеду. Зараз скураныя канапы ў цане.
– А больш вы нічога не адпалілі, Швейк? – спытаў у адчаі фельдкурат, увесь час трымаючыся за галаву рукамі.
– Асмелюся далажыць, пан фельдкурат, прынёс замест дзвюх бутэлек арэхаўкі, якую купляе капітан Шнабель, пяць, каб у нас быў нейкі запас і пры патрэбе знайшлося што выпіць. Можна ім увайсці па раяль? А то ламбард зачыняць…
Фельдкурат безнадзейна махнуў рукой, і праз хвіліну раяль ужо грузілі на фурманку.
Вярнуўшыся з ламбарда, Швейк застаў фельдкурата перад адкаркаванай бутэлькай арэхавай настойкі, ён лаяўся, што яму на абед далі непрапечаны шніцэль. Фельдкурат зноў быў пад мухай. Ён абвясціў Швейку, што з заўтрашняга дня пачынае новае жыццё, бо піць алкаголь – гэта вульгарны матэрыялізм, а жыць трэба духоўным жыццём.
Ён філасофстваваў прыкладна з паўгадзіны. Калі ён адкаркоўваў трэцюю бутэльку, прыйшоў гандляр старой мэбляй: фельдкурат прадаў яму за бесцань канапу і запрасіў яшчэ на размову і быў вельмі незадаволены, калі той адгаварыўся тым, што ідзе прыкупіць яшчэ начны столік.
– Шкада, што ў мяне няма такога! – са скрухай сказаў фельдкурат. – Не пра ўсё адразу падумаеш.
Пасля таго як гандляр старой мэбляй пайшоў, фельдкурат завёў прыяцельскую гаворку са Швейкам, з якім выпіў наступную бутэльку. Частка размовы была прысвечана адносінам фельдкурата з жанчынамі і картамі. Сядзелі доўга. За прыяцельскай размовай іх застаў вечар.
Пад ноч іх адносіны аднак змяніліся. Фельдкурат вярнуўся ў свой учарашні стан, зблытаў Швейка з некім іншым і гаварыў:
– Нене, не адыходзьце. Памятаеце таго рыжага кадэта з абозу?
Гэтая ідылія працягвалася аж да таго часу, пакуль Швейк не сказаў фельдкурату:
– Хопіць! Цяпер ты палезеш у ложак і будзеш дрыхнуць. Зразумеў?
– Лезу, даражэнькі, лезу… Яшчэ б я не палез… – мармытаў фельдкурат. – Памятаеш, як мы хадзілі ў пяты клас і я табе даваў спісаць урокі па грэчаскай мове?.. У вас жа віла ў Збраславе*. Туды можна праехаць параходам па Влтаве. Ведаеце, што такое Влтава?
Швейк прымусіў яго зняць чаравікі і распрануцца. Фельдкурат паслухаўся, хаця не без пратэсту.
– Бачыце, панове, – звяртаўся ён да шафы і фікуса, – як абыходзяцца са мной мае сваякі? А я не прызнаю ніякіх сваякоў, – раптам рашуча заявіў ён, кладучыся ў ложак. – Нават калі неба абрынецца супраць мяне, я і тады не прызнаю іх!
I ў пакоі пачулася храпенне фельдкурата.
IV
На тыя дні прыпадае і Швейкаў візіт на сваю кватэру да сваёй старой служанкі пані Мюлер. У кватэры Швейк знайшоў стрыечную сястру пані Мюлер, якая са слязьмі паведаміла яму, што пані Мюлер была арыштавана ў той жа вечар, калі адвозіла Швейка ў войска. Старую кабету судзіў вайсковы суд, а з той прычыны, што нічога не маглі даказаць, то адвезлі ў канцэнтрацыйны лагер у Штэйнгоф. Ад яе ўжо прыйшоў невялікі ліст. Узяўшы гэтую сямейную рэліквію, Швейк прачытаў: «Мілая Ганначка! Нам тут вельмі добра, і мы ўсе здаровыя. У суседкі па ложку сыпны ёсць і чорная ш т ш У астатнім усё ў парадку. Яды нам хапае, і мы збіраем бульбяное на суп. Чула я, што пан Швейк ужо , дык ты як-небудзь даведайся, дзе ён ляжыць, каб пасля вайны мы маглі аздобіць яго магілу. Я забылася табе сказаць, што на гарышчы ў правым кутку ў скрынцы застаўся маленькі шчанюк фокстэр’ер. Вось ужо колькі тыдняў, як ён нічога не еў, з таго часу, як прыйшлі мяне . Дык я думаю, што ўжо позна, і сабачка пакінуў свет».