Выбрать главу

Нічога не змянілася з тых часоў, калі разбойнік Войцех, празваны «святым», арудуючы з мечам у адной руцэ і крыжам у другой, вынішчаў прыбалтыйскіх славян.

Ва ўсёй Еўропе людзі, як быдла, ішлі на бойню, куды іх поруч з разнікамі-імператарамі, каралямі, прэзідэнтамі і іншымі валадарамі і палкаводцамі гналі ксяндзы ўсіх веравызнанняў, бласлаўляючы і прыганяючы іх фальшыва прысягаць: «на зямлі, у паветры, на моры» і г. д.

Палявую імшу служылі двойчы: калі часць ад’язджала на баявыя пазіцыі і потым на фронце, напярэдадні крывавай разні, перад забіваннем людзей.

Памятаю, як у часе такой палявой імшы непрыяцельскі аэраплан патрапіў бомбай якраз у паходны алтар і ад фельдкурата не засталося нічога, апрача акрываўленых ануч. Потым пра яго пісалі як пра пакутніка, а тым часам нашы аэрапланы рыхтавалі гэткую ж славу фельдкуратам другога боку.

Мы з гэтага злосна жартавалі. На часовым крыжы, пад якім было пахавана тое, што засталося ад фельдкурата, наступным ранкам з’явілася такая эпітафія:

Што з намі быць магло, з табой ужо здарылася: Ты ласку божую прадказваў нам, расцяпінам, I ласка божая табе на плеш звалілася, Размазаўшы цябе да мокрай лапіны.

II

Швейк прыгатаваў дасканалы грог, значна лепшы за грог старых маракоў. Такі грог высока ацанілі б і піраты васемнаццатага стагоддзя.

Фельдкурат Ота Кац быў у захапленні.

– Дзе вы навучыліся гатаваць такі цудоўны напой? – спытаў ён.

– Яшчэ даўней, калі я вандраваў па свеце, – адказаў Швейк, – то ў Брэмене навучыўся ад аднаго заняпалага выпівохі-марака. Ён гаварыў, што грог павінен быць такі моцны, каб той, хто яго добра набярэцца, упаўшы ў мора, мог пераплыць канал ЛаМанш. А калі грог быў слабы, то патоне, як шчаня.

– Пасля такога грогу, Швейк, нам будзе добра служыць палявую імшу, – разважаў фельдкурат. – Я думаю, перад гэтым трэба будзе сказаць некалькі слоў на дарогу. Палявая імша – гэта вам не жартачкі. Гэта зусім не тое, што служыць імшу ў гарнізоннай турме або прачытаць казань тым недавяркам. Тут трэба мець галаву на плячах. Палявы алтар мы маем – складны, кішэннага фармату. О божа! – схапіўся ён за галаву. – Але ж мы і аслы! Ведаеце, куды я схаваў гэты складны ахвярнік? У канапу, якую мы прадалі.

– Ой, бяда, пане фельдкурат, – сказаў Швейк. – Праўда, я гэтага гандляра старой мэбляй ведаю, але пазаўчора сустракаю яго жонку, дык выяўляецца, што ён сядзіць за нейкую ўкрадзеную шафу, а наша канапа знаходзіцца ў аднаго настаўніка ў Вршовіцах. Будзе нам ліха з гэтым алтаром. Лепей за ўсё давайце дап’ём грог і пойдзем пашукаем гэты алтар, бо, я думаю, без яго служыць імшу нельга.

Нарэшце яны выйшлі. Ад заспанай жонкі гандляра старой мэбляй даведаліся пра адрас настаўніка з Вршовіц, новага ўласніка канапы. Фельдкурат праявіў незвычайны спрыт: ушчыпнуў яе за шчаку і паказытаў пад падбародкам.

У Вршовіцах у кватэры настаўніка, набожнага старога пана, іх чакала прыкрая неспадзяванка. Знайшоўшы ў канапе паходны алтар, стары ўявіў, што гэта воля божая, і падараваў алтар вршовіцкаму касцёлу, пакінуўшы за сабой права зрабіць на другім баку алтара надпіс: «Падаравана на хвалу і славу божую настаўнікам у адстаўцы Коларжыкам у лета ад нараджэння Хрыстова 1914».

– Гэта нас мала цікавіць, – заявіў фельдкурат. – Рэч вам не належала, і вы павінны былі аддаць яе ў паліцыю, а не ў якую-небудзь праклятую рызніцу!

– З-за гэтага цуда, – дадаў Швейк, – вы яшчэ можаце трапіць у пераплёт. Вы купілі канапу, а не алтар, які з’яўляецца вайсковай маёмасцю. Гэтая божая воля можа вам дорага абысціся! Не варта было ўважаць на анёлаў. Адзін чалавек са Згоржа таксама выараў з зямлі чашу для прычасця, якую нехта ўкраў і прыкапаў да пары да часу, пакуль гэтае святатацтва не будзе забыта, а той, што араў, таксама ўбачыў у сваёй знаходцы волю божую і, замест таго, каб чашу пераплавіць, панёс яе святару, – хоча, нібыта, падарыць яе ў касцёл. А святар падумаў, што святататніка прывялі да яго дакоры сумлення, і паслаў па старасту, а стараста – па жандараў, і селянін быў без усякай віны асуджаны за святатацтва, бо на судзе, спрабуючы апраўдацца, увесь час расказваў пра нейкага анёла ды яшчэ прыплёў і Панну Марыю, ну і атрымаў дзесяць гадоў. Будзе лепей, калі вы пойдзеце з намі да тутэйшага святара і дапаможаце нам вярнуць казённую маёмасць. Палявы алтар – гэта вам не кошка і не шкарпэтка, якія можна падараваць каму хочаш.

Няшчасны стары пан ад такіх размоў зусім разгубіўся і ўвогуле перастаў бараніцца, стараючыся як мага хутчэй апрануцца і хутчэй закончыць справу.

Вршовіцкі святар яшчэ спаў і, абуджаны стукам у дзверы, пачаў лаяцца, спрасонку падумаўшы, што яго клічуць кагосьці сабораваць.