– Добра прабавілі час! Вы часта бываеце ў шынку «Ля келіха»?
У той час, калі Швейка вялі ў канцылярыю паліцыі, у шынку «Ля келіха» пан Палівец перадаваў справы сваёй заплаканай жонцы, на свой лад яе суцяшаючы:
– Не плач, не хліпай! Што яны могуць мне зрабіць за абгаджаны партрэт пана імператара?
Такім вабным, прынадным чынам уступіў у сусветную вайну ўдалы салдат Швейк. Гісторыкаў будзе цікавіць, як мог ён так далёка зазірнуць у будучыню. Калі пазней сітуацыя разгарнулася інакш, чым ён меркаваў «Ля келіха», то мы павінны мець на ўвазе, што ён не атрымаў нават азоў дыпламатычнай адукацыі.
Раздзел II. Удалы салдат Швейк у паліцэйскай управе
Замах у Сараеве напоўніў паліцэйскую ўправу шматлікімі ахвярамі. Іх прыводзілі адну за адной, і стары інспектар у канцылярыі, дзе прымалі арыштаваных, дабрадушна гаварыў ім:
– Гэты Фердынанд вам бокам выйдзе!
Калі Швейка замкнулі ў адной са шматлікіх камер другога паверха, ён знайшоў там кампанію з шасці чалавек. Пяцёра з іх сядзелі наўкол стала, а ў кутку на ложку, цураючыся іх, сядзеў шосты – мужчына сярэдняга ўзросту.
Швейк пачаў распытваць аднаго за адным, за што яны сядзяць. Ад тых пяці, што сядзелі ўкруг стала, ён атрымаў амаль адяолькавыя адказы:
– З-за Сараева.
– З-за Фердынанда.
– З-за гэтага забойства эрцгерцага.
– За Фердынанда.
– За тое, што ў Сараеве кокнулі пана эрцгерцага. Шосты, які трымаўся ўбаку ад астатніх, сказаў, што ён не хоча мець з імі нічога агульнага, каб яго ні ў чым такім не западозрылі, бо ён сядзіць тут усяго толькі за спробу забойства голіцкага селяніна з мэтай крадзяжу.
Швейк падсеў да грамады змоўшчыкаў, якія ўжо ў дзесяты раз апавядалі адзін аднаму, як трапілі сюды.
Усе, апрача аднаго, былі схоплены або ў карчме, або ў шынку, або ў кавярні. Выключэннем быў надзвычай тоўсты пан у акулярах, з заплаканымі вачамі, якога арыштавалі ва ўласным доме, бо за два дні да замаху ў Сараеве ён плаціў «У Брэйшкі» па рахунку за двух сербскіх студэнтаў-тэхнікаў і, звыш таго, быў заўважаны дэтэктывам Брыксі п’яным у таварыстве тых жа студэнтаў у «Манмартры» на Ржэцезавай вуліцы, дзе, як арыштаваны сам пацвердзіў у пратаколе сваім подпісам, таксама расплочваўся за іх.
На папярэднім следстве ў паліцэйскай управе на ўсе пытанні ён верашчаў адну і тую ж стэрэатыпную фразу:
– У мяне крама пісьмовых тавараў!
На што атрымліваў гэткі ж стэрэатыпны адказ:
– Гэта для вас не апраўданне.
Невысокі пан, якога заграблі ў карчме, быў выкладчыкам гісторыі і расказваў карчмару гісторыю розных замахаў. Яго ўзялі якраз у той момант, калі ён заканчваў псіхалагічны аналіз замахоўцаў словамі:
– Ідэя замаху простая, як калумбава яйка.
– Гэтак жа, як і тое, што вас чакае Панкрац, – дапоўніў яго вывад паліцэйскі камісар на допыце.
Трэці змоўшчык быў старшынёй дабрачыннага таварыства ў Годкавічках «Дабралюб». У дзень замаху «Дабралюб» ладзіў у садзе гулянне з канцэртам. Прыйшоў жандарскі вахмістр і запатрабаваў, каб удзельнікі свята разыходзіліся, бо Аўстрыя ў жалобе, на што старшыня «Дабралюба» прастадушна адказаў:
– Пачакайце хвілінку, пакуль дайграюць «Гэй, славяне»*.
Цяпер ён сядзеў, звесіўшы галаву, і бубніў:
– У жніўні перавыбары прэзідыума праўлення. Калі да таго часу я не вярнуся дадому, можа здарыцца, што мяне не выберуць. А я старшынюю ўжо дзесяты год! Такой ганьбы я не перажыву!
Дзіўную штуку ўрэзаў нябожчык Фердынанд з чацвёртым арыштантам, чалавекам адкрытага характару і бездакорнай сумленнасці. Цэлых два дні ён пазбягаў якой бы там ні было гаворкі пра Фердынанда і толькі вечарам у кавярні за мар’яжам ён, б’ючы жалудовага караля казырнай бубновай сямёркай, сказаў:
– Сем куль, як у Сараеве!
У пятага, які, паводле ягонага ж прызнання, сядзеў «за тое, што ў Сараеве кокнулі пана эрцгерцага», яшчэ сёння валасы ад жаху стаялі дуба і была ўскалмачана барада, так што яго галава нагадвала стаеннага пінчара. Ён быў арыштаваны ў кавярні, дзе не прамовіў ніводнага слова, нават не чытаў газет, у якіх пісалі пра забойства Фердынанда; ён сядзеў за сталом ў поўнай адзіноце, як раптам да яго падсеў нейкі пан, і хутка спытаў:
– Вы чыталі пра гэта?
– Не чытаў.
– А ведаеце пра гэта?
– Не ведаю.
– А ведаеце, пра што пішуць?
– Не ведаю і не цікаўлюся.
– Але ж усё гэта павінна было вас зацікавіць.
– Не ведаю, што там павінна было б мяне зацікавіць. Я выкуру сігару, вып’ю некалькі куфляў піва, павячэраю. А газет я не чытаю. Газеты хлусяць. Навошта мне яшчэ нервавацца.
– Значыцца, вас не цікавіць нават гэтае забойства ў Сараеве?