«Усе вышэйпададзеныя абвінавачанні супраць мяне грунтуюцца на праўдзівых фактах.
Падпісаўшыся, Швейк звярнуўся да суровага пана:
– Яшчэ што-небудзь падпісаць? Ці лепей прыйсці ранкам?
– Ранкам вас павязуць у крымінальны суд, – пачуў ён у адказ.
– А ў колькі часу, ваша міласць? Каб, крый мяне божа, не праспаць?
– Вон! – зноў зароў пан з другога боку стала, перад якім стаяў Швейк.
Вяртаючыся да свайго новага, закратаванага жытла, Швейк сказаў свайму канваіру:
– Тут усё ідзе як па пісаным.
Як толькі за ім замкнулі дзверы, таварышы па камеры засыпалі яго самымі рознымі пытаннямі, на якія Швейк проста і выразна адказаў:
– Я толькі што прызнаўся, што, відаць, гэта я забіў эрцгерцага Фердынанда.
Шасцёра мужчын у жаху пахаваліся пад вашывыя коўдры, толькі басніец сказаў:
– Сардэчна вітаю!
Мосцячыся на ложку, Швейк заўважыў:
– Кепска, што ў нас няма будзільніка. Раніцою яго ўсё-такі пабудзілі і без будзільніка, і роўна ў шэсць Швейка ўжо адвезлі ў паліцэйскім фургоне ў абласны крымінальны суд.
– Ранняя птушка дзюбку калупае, а позняя вочкі прадзірае, – сказаў Швейк сваім спадарожнікам, калі фургон выязджаў з брамы паліцэйскай управы.
Раздзел III. Швейк перад судовымі лекарамі
Чыстыя ўтульныя пакойчыкі абласнога крымінальнага суда зрабілі на Швейка найлепшае ўражанне: пабеленыя сцены, пафарбаваныя ў чорны колер краты і сам тоўсты пан Дэмарціні – старшы наглядчык следчай турмы з фіялетавымі пятліцамі і кантам на форменнай фуражцы. Фіялетавы колер прадпісаны не толькі тут, але і пры набажэнскіх абрадах у вялікапосную сераду і перадвелікодную пятніцу.
Паўтарылася славутая гісторыя часоў рымскага панавання над Іерусалімам. Вязняў выводзілі і ставілі перад Пілатам 1914 года ўнізе, у сутарэнні, а следчыя, сучасныя пілаты, замест таго, каб сумленна ўмыць рукі, пасылалі да Тайсіга* па папрыку і пльзеньскае піва і адпраўлялі новых і новых абвінавачаных у дзяржаўную пракуратуру.
Тут, як правіла, знікала ўсякая логіка і перамагаў параграф, душыў параграф, ідыётнічаў параграф, пырскаў слінай параграф, смяяўся параграф, пагражаў параграф, забіваў і не дараваў параграф. Гэта былі жанглёры законамі, жрацы мёртвай літары закона, пажыральнікі абвінавачаных, тыгры аўстрыйскіх джунгляў, якія разлічваюць свой скок на абвінавачанага паводле колькасці параграфаў.
Выключэнне складалі некалькі чалавек (гэтак жа, як і ў паліцэйскай управе), якія ставіліся да закона не надта сур’ёзна. Бо і сярод куколю часам знойдуцца зерні пшаніцы.
Да аднаго з такіх паноў прывялі на допыт Швейка. Гэта быў пажылы дабрадушны чалавек, які некалі, дапытваючы вядомага забойцу Валеша, не забываў яму прапаноўваць: «Будзьце ласкавы прысесці, пане Валеш, вось якраз вольнае крэсла».
Калі прывялі Швейка, суддзя з уласцівай яму далікатнасцю папрасіў яго сесці і сказаў:
– Дык вы, значыцца, і ёсць той самы Швейк?
– Я думаю, што і павінен ім быць, – адказаў Швейк, – бо мой тата быў Швейк, і матуля пані Швейкава. Я не магу зрабіць ім такую ганьбу, адмовіўшыся ад свайго прозвішча.
Лагодная ўсмешка мільганула на твары следчага.
– Але ж вы і натварылі бог ведае чаго! У вас на сумленні шмат сяготаго.
– У мяне на сумленні заўсёды шмат чаго, – сказаў Швейк, усміхаючыся яшчэ больш лагодна, чым сам пан судовы следчы. – У мяне на сумленні, можа, яшчэ больш, чым у вас, ваша міласць.
– Гэта відаць з пратакола, які вы падпісалі, – не менш ласкавым голасам прамовіў судовы следчы. – Ці не рабілі на вас які-небудзь націск у паліцыі?
– Ды дзе там, ваша міласць. Я сам іх спытаў, ці трэба падпісаць, і калі сказалі падпісваць, то я паслухаўся. Не буду ж я з імі біцца з-за свайго ўласнага подпісу. Толькі б сабе на шкоду. Ва ўсім павінен быць парадак.
– Вы, пан Швейк, адчуваеце сябе поўнасцю здаровым?
– Поўнасцю здаровым то не, ваша міласць, у мяне раматус, нашароўваюся ападэльдокам.
Стары пан зноў ласкава ўсміхнуўся.
– А што б вы сказалі, калі б мы вас накіравалі на агляд да судовых лекараў?
– Я думаю, што мне не так ужо блага, каб паны лекары трацілі на мяне час. Мяне ўжо агледзеў адзін доктар у паліцэйскай управе, ці няма ў мяне трыперу.
– Ведаеце, пане Швейк, мы ўсё ж паспрабуем звярнуцца да судовых лекараў. Складзём камісію, пасадзім вас у папярэдняе зняволенне, а вы тым часам добра сабе адпачнеце. Вось яшчэ адно пытанне. З пратаколу вынікае, што вы заяўлялі, быццам хутка выбухне вайна, і пашыралі гэтую думку. Ці так гэта?
– Выбухне як змаргнуць, ваша міласць, пане саветнік.