Гарманіст, як відаць, хапіў лішку.
— Мужа яна вось ужо другі месяц у хляве хавае і цябе разам схавае, — угаворваў ён Швэйка. — Будзеце сядзець там да канца вайны. Удваіх весялей будзе.
Калі-ж Швэйк далікатна адмовіўся ад прапановы гарманіста, той пакрыўдзіўся і пашоў налева, полем, пагразіўшы Швэйку, што ідзе ў Чыжова заявіць на яго жандарам.
Увечар Швэйк прышоў у Радамышль і знашоў у памаляваным доміку за касьцёлам дзеда Мэліхарка. Перададзены яму Швэйкам паклон ад сястры не зрабіў на дзеда Мэліхарка аніякага ўражаньня. Ён увесь час патрабаваў, каб Швэйк паказаў свае дакуманты. Гэта быў чалавек выразна адсталы. Ён толькі і гаварыў пра грабежнікаў, бандытаў і жулікаў, якія чародамі ходзяць па ўсім Пысэцкім краі.
— Уцякаюць з вайсковай службы. Ваяваць ім ня хочацца, вось і ходзяць па вёсках. Дзе што ўбачыць — украдзе, — казаў ён, выразна аглядаючы Швэйка. — А выглядае кожны такім ціхім, нібы да пяці лічыць ня ўмее… Праўда вочы коле, — дадаў ён, бачачы, што Швэйк устае з лавы. — Каб у чалавека было чыстае сумленьне, дык-бы застаўся сядзець і паказаў бы свае дакуманты. А калі іх у яго няма…
— Дык бывай здароў, дзядуля…
— Абрусом дарогаі Дурняў шукаеце…
І доўга яшчэ, калі Швэйк ужо крочыў сярод цёмнай ночы, дзед, ня сьціхаючы, бурчаў:
— Ідзе, кажа, у Будэйовіцы ў полк. Гэта з Табару! А ідзе шэльма, спачатку ў Гараждовіцы, а адтуль толькі ў Пысэк. Што ён, у кругасьветнае падарожжа выбраўся, ці што?
Швэйк ішоў усю ноч, ня маючы дзе пераначаваць, і толькі ў Пуціме трапіўся яму стог саломы, які стаяў сярод поля. Ён адгроб сабе саломы і раптам над самай сваёй галавой пачуў голас:
— Якога палка? Куды бог нясе?
— 91-га, іду ў Будэйовіцы.
— А чаго ты там ня бачыў?
— У мяне там обэр-лейтэнант.
Пачуўся сьмех. Але сьмяяўся не адзін — сьмяялася цэлых трое.
Швэйк спытаўся, якога яны палка. Выявілася, што двое 35-га, а адзін з артылерыі, таксама з Будэйовіц. Хлопцы з 35-га ўцяклі з маршавага батальёну перад адпраўкай на фронт з месяц таму назад, а артылярыст хаваецца ад самай мобілізацыі. Ён быў селянінам з Пуціма, і стог быў яго ўласны. Начуе ён заўсёды ў стозе, а ўчора сустрэў у лесе двух з 35-га, і ўзяў іх да сябе ў стог.
Усе трое думалі, шао вайна праз месяц-два скончыцца. Яны былі пераконаны, што рускія ўжо прайшлі Будапэшт і займаюць Моравію. У Пуціме ўсе пра гэта гаварылі. Заўтра рана пярэдаднем маці артылярыста прынясе есьці, а потым хлопцы з 35-га крануцца ў дарогу, у Страконіцы: у аднаго з іх там цётка, а ў цёткі ёсьць за Сушыцай знаёмы, а ў знаёмага ў гарах пільня, дзе можна будзе добра схавацца.
— Гэй, ты, з 91-га, калі хочаш, хадзем з намі,—прапанавалі яны Швэйку. — Наплюй ты на свайго обэр-лейтэнанта.
— Не, браткі, так проста гэта ня робіцца, — адказаў Швэйк і зарыўся ў салому.
Калі ён прачнуўся, была ўжо раніца, і ў стозе нікога ўжо ня было. Нехта (відавочна артылярыст) палажыў ля ног Швэйка акраец хлеба на дарогу.
Швэйк пашоў лесам. Недалёка ад Шчэнка ён сустрэўся з сваім даўнейшым знаёмым-валацугай, які па-прыяцельску пачаставаў Швэйка, даўшы глынуць гарэлкі.
— У такой адзежы не хадзі. Як-бы цябе твая абмундыроўка не падвяла, — навучаў валацуга Швэйка. — Цяцер усюды поўна жандараў і жабраваць у такім выглядзе не выпадае. Нас цяпер жандары ня ловяць, цяпер узяліся за вашага брата, толькі дэзэртыраў і шукаюць.
У словах жабрака чулася поўная ўпэўненасьць, што Швэйк— дэзэртыр, і Швэйк падумаў, што лепш не заікацца пра 91-шы полк. Няхай яго лічаць, за каго хочуць. На што разбураць ілюзію добраму старому.
— Куды цяцер мяркуеш? — спытаўся валацуга, калі абодва закурылі люлькі і, не сьпяшаючыся, абыходзілі вёску.
— У Будэйовіцы.
— Матка боская! — спужаўся жабрак. — Ды цябе ў адзін момант заграбуць. I дыхнуць ня ўсьпееш. Цывільнае адзеньне табе трэба, ды падранае. Прыдзецца табе стаць клышаногім… Ну, ды ня бойся; пойдзем праз Страконіцы, Валынь і Дуб, і чорт няхай мяне возьме, калі мы не разжывёмся на якую-небудзь цывільную адзежыну. У Страконіцах шмат ёсьць дурняў, якія, бывае, не замыкаюць нанач дзьвярэй, а ўдзень там наогул ніхто не замыкае. Пойдзе хто-небудзь да суседа пабалакаць, — вось табе і цывільнае адзеньне. Трэба-ж табе што? Боты ёсьць… Так, што-небудзь накінуць. Шынель стары?
— Стары.
— Можна пакінуць. У вёсках усе ў шынялёх ходзяць. Патрэбны порткі ды жакеціна. Калі дастанем цывільнае адзеньне, абмундыроўку можна будзе прадаць знаёмаму жыду Герману ў Ваднянах. Ён скуплёўвае казённыя рэчы, а потым прадае іх па вёсках… Сягоньня пойдзем у Страконіцы. Адгэтуль гадзіны чатыры хады да старой шварцэнбэрскай аўчарні,—разьвіваў ён свой плян. — Там у мяне пастух знаёмы — стары дзед. Пераначуем у яго, а раніцою кранёмся ў Страконіцы і сьвісьнем там дзе-небудзь вопратку.