Жандарскі вахмістр Фляндэрка зноў самаздаволена ўсьміхнуўся і ўлажыў сакрэтны цыркуляр у папку з надпісам «сакрэтныя распараджэньні».
Гэтых распараджэньняў было шмат. Яны распрацоўваліся Міністэрствам унутраных спраў разам з Міністэрствам абароны, пад загадам якога была жандармэрыя. У галоўнай жандарскай управе іх ня ўсьпявалі друкаваць і рассылаць.
У папцы былі:
Распараджэньні пра нагляданьні за настроямі сярод мясцовага насельніцтва.
Інструкцыя: як з гутарак з насельніцтвам даведацца, які ўплыў на кірунак думак робяць весткі з тэатру ваенных дзеяньняў.
Анкета: Як ставіцца мясцовае насельніцтва да вайсковых пазык і зьбіраньня ахвяраваньняў?
Анкета пра настроі сярод прызвавых і тых, якія маюць прызывацца.
Анкета пра настроі сярод членаў мясцовай самаўправы і інтэлігенцыі.
Распараджэньне: неадкладна даведацца, да якіх політычных партый далучаецца насельніцтва; наколькі моцныя паасобвыя партыі.
Распараджэньне пра нагляд за чыннасьцю лідэраў мясцовых політычных партый і дэпутатаў ад мясцовага насельніцтва.
Анкета: якія газэты, часопісі і брошуры атрымоўваюцца ў раене дадзенага жандарскага аддзяленьня.
Інструкцыя: як даведацца, з кім анаходзяцца ў сувязі асобы, якія падазраюцца ў нелёяльнасьці, і ў чым іх нелёяльнасьць выяўляецца.
Інструкцыя: як завербаваць з мясцовага насельніцтва платных інформатараў.
Інструкцыя для платных інформатараў з мясцовага насельніцтва, залічаных на службу пры жандарскім аддзяленьні.
Кожны дзень прыносіў новыя інструкцыі, настаўленьні, анкеты і распараджэньні. Завалены масай новаўвядзеньняў аўстрыйскага Міністэрства ўнутраных спраў, вахмістр Фляндэрка не ўсьпяваў адказваць і пасылаў стэрэотыпныя адказы, што ў яго ўсё ў парадку і што лёяльнасьць мясцовага насельніцтва—Іа.
Для ацэнкі лёяльнасьці насельніцтва ў дачыненьні да монархіі аўстрыйскае Міністэрства ўнутраных спраў вынайшла наступную шкалу катэгорый:
Ia Ib Ic
IIa IIb IIc
IIIa IIIb IIIc
IVa IVb IVc
Рымская чацьвёрка ў злучэньні з «а» азначала дзяржаўнага здрадніка і пятлю, у злучэньні з «b» — концэнтрацыйны лягер, а з «с» — высачыць і пасадзіць.
У пісьмовым стале жандарскага вахмістра знаходзіліся розныя анкетныя лісты і рэестры. Урад хацеў уведаць пра кожнага грамадзяніна, як ён думае пра ўладу.
Вахмістр упадаў у адчай ад гэтай літаратуры, якая бесьперапынна прыбывала кожны дзень. Кожны раз, згледзеўшы знаёмы пакет з пячаткаю «службовае», ён адчуваў біцьцё сэрца. У ночы пасьля доўгіх думак ён прыходзіў да пераконаньня, што яму не дачакацца канца вайны, што жандарская ўправа адбярэ ў яго апошнія крошкі розуму і што яму ня прыдзецца парадавацца з перамоті аўстрыйскай зброі, бо да таго часу ў яго ў галаве ня будзе хапаць шмат клёпак.
А жандарская ўправа ўсё завальвала яго запытаньнямі: чаму да гэтага часу не адказана на анкету за № 72345-721 abf-Д, як выконваецца інструкцыя за № 88992-821 (gfeh), якія практычныя вынікі настаўленьня за № 123456 (1922) blr-V? і г. д.
Мацней за ўсё дапякала яго інструкцыя пра вярбоўку сярод мясцовага насельніцтва платных даносчыкаў і інформатараў. Пераканаўшыся ў немагчымасьці завербаваць каго-небудзь з мястэчка Пуціма, дзе ўвесь народ медналобы, ён нарэшце напаў на думку ўзяць да сябе на службу вясковага пастуха-крэтына, якога звалі Петрык-Скокні, які на гэты вокліч падскокваў. Гэта быў няшчасны, пакрыўджаны прыродаю і людзьмі, вырадак, які пасьвіў за дрэнны харч і за некалькі злотаў у год вясковую жывёлу.
Вахмістр загадаў яго паклікаць і сказаў яму:
— Ведаеш, Петрык, хто такі «стары Гулякін»?[16].
— М-м…
— Ня мыкай. Так завуць гасудара імпэратара. Ведаеш, хто такі гасудар імпэратар?
— Гасудал імпэлатал…
— Маладзец, Петрык! Дык зарубі сабе на носе: калі пачуеш, ходзячы па хатах абедаць, што хто-небудзь скажа, што гасудар імпэратар жывёліна ці накшталт гэтага, то ў момант прыдзеш да мяне і паведаміш. За гэта атрымаеш ад мяне дваццаць гелераў. А калі пачуеш, хто небудзь скажа, што вайну мы праграем, зноў прыдзеш да мяне і скажаш, хто гэта казаў, і зноў атрымаеш дваццаць гелераў. Але калі я даведаюся, што-ты што-небудзь утаіў, то кепска табе будзе! Зьвяжу цябе і адпраўлю ў Пісэк. А цяпер, а ну скокні! — Петрык падскочыў, а вахмістр даў яму дваццаць гелераў і, здаволены, напісаў рапарт у Акруговую жандарскую ўправу, што завербаваў інформатара.