— У 1910 годзе на імпэратарскіх манэўрах.
На твары ў вахмістра зьявілася пераможная ўсьмешка. Ён адчуваў, што ў сваёй сыстэме допыту перагнаў сам сябе.
— Вы былі там да канца манэўраў?
— Вядома, пан вахмістр. Я быў у пяхоце.
Швэйк спакойна глядзеў на вахмістра, які круціўся ад радасьці і ня мог больш стрымлівацца, каб ня прыпісаць гэта ў рапарт. Ён выклікаў свайго памочніка і загадаў вывесьці Швэйка, а сам дапоўніў у сваім рапарце:
«Плян яго быў такі: прабраўшыся ў рады 91-га палка, ён намерваўся разам з палком адправіцца на фронт і пры першым зручным выпадку перабегчы на бок рускіх, бо бачыў, што вярнуцца іншым шляхам з прычыны пільнасьці нашых органаў яму немагчыма. Зусім магчыма, што ён мог-бы з посьпехам ажыцьцявіць свае намеры, бо згодна з яго паказаньнямі, здабытымі шляхам перакрыжаванага допыту, ён яшчэ ў 1910 годзе прымаў удзел у якасьці радавога ў імпэратарскіх манэўрах у наўкольнасьці Пісэку. З гэтага відаць, што ён мае вялікія здольнасьці ў сваей галіне. Дазволю сабе ўпамянуць, што сабраны мною абвінаваўчы матэрыял зьяўляецца вынікам майго мэтоду перакрыжаванага допыту».
У дзьвярах зьявіўся ўнтэр.
— Пан вахмістр! Арыштаваны просіцца за сваёю патрэбаю!
— Прымкнуць штыхі! — скамандваў вахмістр. — Ці не, прывядзеце яго сюды.
— Вам трэба ў прыбіральню? — ветліва спытаўся ў Швэйка вахмістр. — Ці не хаваецца ў гэтым што-небудзь большае?
— Зусім правільна. Мне трэба за «вялікаю патрэбаю», пан вахмістр, — адказаў Швэйк.
— Глядзеце, каб ня было чаго-небудзь большага, — многазначна сказаў вахмістр, прышпільваючы кабуру з рэвольвэрам. — Я пайду з вамі.
— У мяне новы рэвольвэр, — сказаў ён Швэйку ідучы: сямінабойны, дасканала правільна б‘е.
Перш, чым выйсьці на двор, ён паклікаў унтэра і на вуха даў загад:
— Вазьмеце стрэльбу і, калі ён увойдзе ў сярэдзіну, станьце з другога боку прыбіральні. Каб ён не зрабіў часамі падкопу цераз рэтырадную яму.
Прыбіральняю была маленькая драўляная будка, якая стаяла нудліва пасярод двара недалёка ад кучы гною. Гэта быў патрэбнік-вэтэран, які абслугоўваў патрэбы цэлых пакаленьняў. У момант, які тут апісваецца, у ім сядзеў Швэйк і прытрымліваў аднэй рукой вяровачку ад дзьвярэй, між тым, як праз задняе акенца за ім наглядаў унтэр, як-бы Швэйк не зрабіў падкопу.
Каршуновыя вочы жандарскага вахмістра ўтаропіліся ў дзьверы, і вахмістр абдумваў, у якую нагу яму страляць, калі Швэйк папрабуе ўцякаць.
Але заміж гэтага дзьверы памаленьку адчыніліся, і з прыбіральні ня вышаў, а выплыў Швэйк! На абліччы яго была напісана спакойная здаволенасьць. Ён запытаўся ў вахмістра:
— Ці не занадта доўга я там быў: Ці не затрымаў я вас?
— О, зусім не, зусім не, — адказаў вахмістр і падумаў: «Якія яны ўсё-такі далікатныя, абыходлівыя. Ведае-ж, што яго чакае але застаецца ветлівым. Далікатны да апошняй хвіліны. Хіба мог-бы хто з нашых так трымацца на яго месцы?»
Вахмістр застаўся ў каравульным памяшканьні і сеў побач са Швэйкам на пасьцелі жандара Рампы, які быў у нарадзе і павінен быў да раніцы абыходзіць наўкольныя сёлы, а ў гэты момант быў ужо ў Працівіне ў шынку «У Варанога каня» і гуляў з шаўцамі ў «мар‘яж», у перапынках даводзячы, што Аўстрыя павінна перамагчы.
Вахмістр закурыў, даў натаптаць люльку і Швэйку, унтэр падкінуў у печ вугалю, і жандарскае аддзяленьне ператварылася ў самы прытульны куточак на сьвеце, у цёплае гнязьдзечка. На дварэ спускалася зімовая ноч.
Усе маўчалі. Вахмістр распрацоўваў нешта ў думках і нарэшце выказаў гэта памоцніку:
— Па-мойму, вешаць шпіёнаў — няправільна. Чалавек, які ахвяроўвае сябе па абавязку, скажам, за сваю радзіму, заслугоўвае сьмерці ганаровай, ад кулі. Як па-вашаму?
— Вядома, лепш расстраляць яго, а ня вешаць, — згадзіўся ўнтэр. — Паслалі-б, скажам, і сказалі-б: «Вы павінны высьветліць, колькі ў рускіх куляметаў. Што-ж, пераапрануліся-б і пашлі. I за гэта мяне вешаць як бандыта?!
Унтэр так разышоўся, што ўстаў і сказаў:
— Я за тое, каб яго расстраляць і пахаваць з вайсковым гонарам!
— Тут якраз і загвоздка, — сказаў Швэйк. — Калі хлопец ня дурань, — папробуй яго злаві. Ніколі яго не пазнаюць.
— А вось пазнаюць! — загарачыўся вахмістр. — Ён хітры, дый яны не тапаром шытыя. Трэба мець свой мэтод. Вы самі ў гэтым пераканаецеся. Самі не заўважыце, як пераканаецеся, — паўтарыў ён спакайнейшым тонам, прыветна пры гэтым усьміхаючыся. — Як ні круціся — у нас гэты нумар ня пройдзе. Правільна я кажу? — зьвярнуўся ён да ўнтэра. Унтэр кіўнуў галавою ў знак згоды і выказаў думку, што ёсьць некаторыя, у якіх справа ўжо даўно прайграна, і што яны могуць прыкідвацца зусім спакойнымі колькі хочуць, але гэта спакойства нікога ня зьдзівіць.