— Зусім мая школа! — з гонарам сказаў вахмістр. — Спакойства — нуль, але робленае спакойства гэта corpus delicti[19].
I, перапыніўшы выказваньне свае тэорыі, ён зьвярнуўся да ўнтэра:
— Што-ж бы гэта такое прыдумаць на вячэру?
— А ў шынок вы сягоньня ня пойдзеце, пан вахмістр?
З гэтым запытаньнем перад вахмістрам устала ва ўсю веліч проблема, якая патрабуе неадкладнага вырашэньня.
Што, калі арыштаваны, скарыстаўшы яго адсутнасьць, уцячэ? Унтэр, праўда, чалавек надзейны і асьцярожны, але ад яго ўжо раз ўцяклі два валацугі (фактычна справа была так: унтэру не хацелася марозам цягнуцца з імі да Пісэку, і ён іх пусьціў у полі каля Ражыч, стрэліўшы для прыклёпу разок у паветра з вінтоўкі).
— Пашлём бабульку па вячэру. А піва яна нам будзе насіць у збане, — разьвязаў вахмістр гэту складаную проблему. Няхай яна разок пройдзе — разварушыць косьці.
І бабулька, якая ім прыслугоўвала, сапраўды за гэты вечар добра разварушыла сабе косьці. Пасьля вячэры зносіны на лініі — жандарскае аддзяленьне — шынок „У Ката“ — не перапыняліся. Безьліч сьлядоў ад вялікіх цяжкіх бабульчыных ботаў на гэтай лініі сьведчаць пра тое, што вахмістр надумаўся аддзякаваць сабе за сваю адсутнасьць „У Ката“.
Калі нарэшце бабулька зьявілася ў шынку з заяваю, што пан вахмістр загадаў перадаць паклон і просіць адпусьціць бутэльку кантушоўкі[20], шынкар ня мог больш захоўваць свае цікаўнасьці і запытаўся, хто там у вахмістра.
— Гэта ў іх? — адказала бабулька. — Падазроны чалавек нейкі. Калі я адтуль выходзіла, сядзелі абодва абняўшыся з ім, а пан вахмістр гладзіў яго па галаве і прыказваў: „Галоўка ты мая славянская, шпіёнчык ты мой ненаглядны!“
Па поўначы жандарскае аддзяленьне выглядала так: унтэр спаў моцна храпучы і выцягнуўшыся на пасьцелі, як быў — у мундзіры; насупроць сядзеў вахмістр з рэшткай кантушоўкі на дне бутэлькі і абнімаў Швэйка за шыю, сьлёзы цяклі па яго загарэлым твары, барада яго склеілася ад кантушоўкі. Ён мармытаў:
— Ну прызнайся-ж, што ў Расіі такой добрай кантушоўкі ня знойдзеш. Скажы, каб я мог спакойна ісьці спаць. Прызнайся, будзь мужчынам!
— Ня знойдзеш, — сказаў Швэйк.
Вахмістр ад лішкі пачуцьцяў наваліўся на Швэйка:
— Дзякуй, родненькі, узрадаваў ты мяне, прызнаўся. Вось так трэба прызнавацца на допыце. Ужо калі вінават, чаго таіцца?
Ён устаў і, хістаючыся ў бакі з парожняй бутэлькай у руцэ, пашоў у свой пакой, мармычучы:
— Калі-б я зразу ня тра-рапіў на п-правільны ш-шлях, м-магло-б зусім іншае выйсьці.
Потым ён выцягнуў з пісьмовага стала свой рапарт і паспрабаваў дапоўніць яго наступным матэрыялам:
„Павінен дадаць, што руская кантушоўка, на падставе § 56…“
Ён ляпнуў чарнілам, зьлізаў языком, і як быў — у мундзіры, лагодна ўсьміхаючыся, зваліўся на пасьцель і заснуў, як мёртвы.
Пад раніцу жандарскі ўнтэр пачаў так моцна храпці, пасьвістваючы, што Швэйк прачнуўся. Ён устаў і пачаў трэсьці ўнтэра, пакуль той не перастаў храпці. Потым Швэйк лёг зноў. Прапелі пеўні, узышло сонца, і бабулька, выспаўшыся пасьля ўчарашняй беганіны, прышла падпальваць у печы. Дзьверы былі адчынены і ўсё было ахоплена сном. Газоўка ў каравульным памяшканьні яшчэ курэла. Бабулька сьцягнула ўнтэра і Швэйка з пасьцелі. Унтэру яна сказала:
— Хоць-бы пасароміўся спаць апранены, як жывёліна, даруй мне божа!
А Швэйку зрабіла заўвагу, каб ён зашпіліў порткі, калі знаходзіцца ў жаночай кампаніі.
Нарэшце яна прымусіла заспанага ўнтэра пайсьці пабудзіць вахмістра, сказаўшы, што гэта не парадак — так доўга дрыхнуць.
— Ну і ў кампанію-ж вы папалі, — бурчала бабулька, зьвяртаючыся да Швэйка, пакуль унтэр будзіў вахмістра. — Адзін п‘янюга горш другога. Кожны бацьку-б з маткаю прапіў. Мне за работу трэці год ужо вінаваты, а калі я намякну, вахмістр сказаў мне: „Маўчы ляпей, бабулька, а не дык загадаю пасадзіць цябе. Нам добра вядома, што сын твой браконьер і панскія дровы крадзе“. Вось і мучуся з імі ўжо чацьверты год. Бабка глыбока ўздыхнула і бубніла далей: — Вахмістра асьцерагайцеся больш за ўсё. Ліса і гадзіна з усяго сьвету. Так і шнырыць, каб каго сцапаць і пасадзіць.
Вахмістра ледзь пабудзілі. Унтэру прышлося ня мала папрацаваць, каб пераканаць яго, што ўжо раніца.
Нарэшце ён прадраў вочы, стаў іх церці кулаком і насілу аднавіў у памяці ўчарашні вечар. Раптам яму прышла ў голаву жахлівая думка і ён спужана запытаўся, гледзячы мутнымі вачыма на ўнтэра: