Выбрать главу

— Зьбег?!

— Божа барані, — хлопец сумленны.

Унтэр-афіцэр захадзіў па пакоі, глянуў у вакно, вярнуўся, адарваў кусок газэты, што ляжала на стале, і скачаў з яе галачку. Відаць было, што ён нешта хоча сказаць. Нарэшце вахмістр гэта заўважыў, і, захацеўшы даведацца, як далёка зайшло ўчарашняе п‘янства, сказаў:

— Добра ўжо, памагу вам: учора, мусіць, я здорава набуяніў?

Унтэр з дакорам глянуў на свайго начальніка:

— Калі-б вы толькі ведалі, пан вахмістр, якія гутаркі вы ўчора вялі! Чаго вы толькі на навярзьлі!

І, нахіліўшыся да самага вахмістравага вуха, ён зашаптаў:

— Вы яму сказалі, што чэхі і рускія аднае славянскай хрыві, што Мікалай Мікалаевіч будзе на наступным тыдні з войскам у Пшэрове, што Аўстрыя ня ўтрымаецца, і раілі яму пры далейшых допытах усё адмаўляць і лгаць, што папала, каб зацягнуць сьледзтва, пакуль яго ня выратуюць казакі. Потым вы сказалі, што ў самы бліжэйшы час у нас будзе заваруха, што паўтараюцца часы гусітаў, што сяляне пойдуць з цапамі на Вену, што з гасудара імпэратара пясок сыплецца і ён скора здохне і што імпэратар Вільгельм зьвер. Потым вы яму абяцалі пасылаць у турму грошы, каб ён купляў сабе яду, і шмат яшчэ нагаварылі такіх рэчаў.

Унтэр адарваўся ад вахмістравага вуха:

— Усё гэта я добра памятаю, — дадаў ён, — бо з першага пачатку я быў толькі трошкі цюкнуўшы, а толькі потым налізаўся і далей нічога ня памятаю.

Вахмістр паглядзеў на ўнтэра.

— Я помню, — сказаў, — як вы гаварылі, што мы супроць рускіх — саплякі, і сталі пры бабцы крычаць: „Няхай жыве Расія!“

Унтэр нэрвова захадзіў па пакоі.

— I гарлалі вы гэта, нібы вас рэзалі, — сказаў вахмістр. А потым вы кінуліся ўпоперак ложка і пачалі храпці.

Унтэр спыніўся каля вакна і, барабанячы пальцамі па шкле сказаў:

— Дый вы таксама, пан вахмістр, пры бабцы языка за зубамі ня трымалі. Вы ей, памятаю, сказалі: „Бабулька, зарубі сабе на носе: імпэратары і каралі клапоцяцца толькі аб сваёй кішэні і праз гэта пачалі вайну. He зьяўляецца выключэньнем і гэта трухліна, „стары Гулякін“, якога нельга выпусьціць з клёзэта без таго, каб ён не напудрыў наўкол сябе Шэнбрун[21].

— І гэта я казаў?

— Так, пан вахмістр, якраз вы гэта гаварылі перад тым як ісьці на двор казлы драць, а потым пачалі крычаць: „Бабулька, сунь мне палец у горла!“

— А вы таксама добра сказалі,— перапыніў яго вахмістр. — Дзе вы толькі падчапілі гэта глупства, што Мікалай Мікалаевіч будзе чэскім каралём?

— Гэтага я нешта не памятаю, — няўпэўнена адказаў унтэр.

— Дзе-ж вам гэта памятаць! П‘яны вы былі, як гразь, а калі вам трэба было схадзіць „на двор“, вы, заміж таго, каб высьці ў дзьверы, палезьлі ў печ.

Абодва змоўклі. Памаўчаўшы вахмістр сказаў:

— Я заўсёды вам казаў, што алькоголь згуба. Піць вы ня ўмееце, а п‘яце. Што, калі-б ён ад нас зьбег? Як-бы мы з вамі апраўдаліся? (Ах ты, божухна, як галава трашчыцы) Якраз таму, што ён ня зьбег, робіцца зусім ясна, што гэта за тонкая і небясьпечная штучка. Калі яго будуць дапытваць, ён скажа, што дзьверы ў нас былі адамкнёны ўсю ноч, што мы былі п‘яныя і што ён-бы мог тысячу разоў уцячы, каб адчуваў сябе вінаватым. Шчасьце яшчэ наша, што такому чалавеку не павераць, і калі мы пад прысягаю скажам, што гэта выдумка і нахабнае лганстза, то яму сам пан бог не паможа і яшчэ яму прыпаяюць лішні параграф. У яго абвінавачаньні лішні параграф ня будзе адыгрываць, вядома, ніякай ролі… Ох, як баліць галава.

Наступіў перапынак. Праз хвіліну вахмістр загадаў паклікаць бабульку.

— Слухай, бабулька, — сказаў ён ёй, строга паглядзеўшы ёй у твар. — Знайдзі дзе-небудзь крыж з Езусам і прынясі сюды. — І на дапытлівы погляд бабулькі вахмістр крыкнуў: Хутчэй! Каб праз хвіліну было тут!

Потым ён выняў з шуфляды дзьве свечкі, на якіх былі кропелькі сургуча, і калі бабка прычыкіляла з Езусам, ён паставіў яго паміж дзьвюма сьвечкамі, запаліў іх і ўрачыста сказаў:

— Сядзьце, бабулька.

Аслупянелая бабулька прысела на канапу і спужана паглядала то на Езуса, то на вахмістра. Яе ахапіў страх, і відаць было, як яе зложаныя на каленях рукі дрыжаць разам з каленямі.

Вахмістр прайшоў разоў са два каля яе, потым спыніўся і ўрачыста сказаў:

— Учора ўвечар вы былі сьведкай вялікай падзеі. Магчыма, што ваш абмежаваны розум гэтага не ахапляе. Салдат, якога вы бачылі, бабулька, выведнік, шпіён.

— Езус, Марыя! — ускрыкнула бабка. — Маці прасьвятая багародзіца! Царыца нябесная!

— Ціха! Дык вось, для таго, каб сёе-тое ад яго выведаць, прышлося весьці некаторыя, можа нават, дзіўныя гутаркі, якія вы ўчора чулі. Чулі, што вы ўчора гаварылі?

вернуться

21

Загародны палац аўстрыйскіх імператараў, абкружаны паркам з сажалкамі.