— Чула, — дрыжачым голасам пралепятала бабка.
— Гэтыя гутаркі, бабулька, вялі толькі да таго, каб ён нам стаў давяраць і прызнаўся. I нам гэта ўдалося. Выцягнулі мы з яго ўсё. Сцапалі галубчыка.
Вахмістр перапыніў сваю гутарку, каб паправіць сьвечкі і ўрачыста гаварыў далей, строга гледзячы на бабку:
— Вы, бабулька, былі пры гэтым і такім чынам ведаеце гэту тайну. Гэта тайна — тайна дзяржаўная. Пра гэта вы нікому і заікнуцца ня маеце права. Нават перад самай сьмерцю не павінны пра гэта гаварыць, бо іначай вы будзеце пазбаўлены права быць пахаванай на могілках.
— Езус, Марыя, сьвяты Юзэфе! — загаласіла бабка. — Занесла мяне нячыстая сіла ў ваш пакой.
— He раўці! Устаньце, падыйдзеце да сьвятога ўкрыжаваньня, злажэце два пальцы і падымеце руку. Будзеце зараз мне прысягаць. Гаварэце за мною…
Бабка зачыкіляла да стала, прыказваючы:
— Маці прасьвятая багародзіца, царыца нябесная, чаго-ж я ў пакой увайшла!
З крыжа са змардованым тварам глядзеў на яе хрыстос, сьвечкі курэлі, і бабцы ўся абстаноўка здавалася жудаснаю і незямною. Яна зусім зьбянтэжылася, калені ў яе стукаліся адно аб адно, рукі трэсьліся. Яна падняла руку са зложанымі пальцамі, і вахмістр урачыста, з выразам, гаварыў словы прысягі, якія бабулька паўтарала за ім:
— Клянуся богу ўсемагутнаму і вам, пан вахмістр, што нічога пра тое, што тут бачыла і чула, я да самай сваей сьмерці нікому не скажу ні слова ні пад пагрозай, ні пад катаваньнем. Няхай паможа мне ў гэтым пан бог.
— Цяпер пацалуйце крыж, — загадаў вахмістр пасьля таго“ як бабулька, моцна ўсхліпваючы і хрысьцячыся, паўтарыла словы прысягі. — Так, а цяпер занясеце Езуса, адкуль яго ўзялі, і скажэце там, што ён мне патрэбен быў для допыта.
Ашаломленая старая на пальчыках вышла з пакою і пашла па дарозе, штохвіліны азіраючыся, як-бы жадаючы пераканацца, што гэта ня быў сон і што яна сапраўды толькі што перажыла адну з самых страшных хвілін у сваім жыцьці.
Вахмістр перапісваў тым часам свой рапарт, які за ноч аздобіўся залізанымі кляксамі.
Ён усё перарабіў нанова і перапісаў. Але потым успомніў, што забыўся дапытаць Швэйка яшчэ пра адну рэч. Ён загадаў прыцесьці Швэйка і запытаўся ў яго:
— Ці ўмееце вы фотографаваць?
— Умею.
— А чаму вы ня носіце з сабою апарата?
— Таму, што яго ў мяне няма, — чыстасардэчна прызнаўся Швэйк.
— А калі-б у вас быў апарат, вы-б рабілі здымкі?
— Калі-б ды калі, ды ў роце грыбы расьлі, — прастадушна адказаў Швэйк, сустракаючы спакойным поглядам дапытлівы погляд вахмістра.
У вахмістра зноў забалела галава, і ён ня мог знайсьці іншага запытаньня, як:
— Ці цяжка фотографаваць вагзалы?
— Вельмі лёгка, — адказаў Швэйк. — Па-першае, вагзал ня кратаецца, а стаіць увесь час на адным месцы, а, па-другое, яму ня трэба гаварыць: „Зрабеце прыемную ўсьмешку“.
Пасьля гэтых паказаньняў вахмістр мог дапоўніць свой рапарт: „У дадатак да данясеньня № 2172 паведамляю…“
У гэтым дадатку вахмістр даў волю свайму натхненьню:
„Пры перакрыжаваным допыце арыштаваны, між іншым, прызнаўся, што ўмее фотографаваць і ахватней за ўсё робіць здымкі з вагзалаў. Хоць у яго фотографічны апарат ня знойдзен, але ёсьць падазрэньне, што ён у яго дзе-небудзь схаваны і таму ён яго з сабою ня носіць, каб ня выклікаць падазрэньняў, што сьцьвярджае і яго прызнаньне, што ён рабіў-бы здымкі, каб меў пры сабе апарат…“
Вахмістр з перапою стаў гарадзіць далей усялякае глупства:
„З паказаньняў арыштаванага з бясспрэчнай відавочнасьцю вынікае, што толькі тое, што ён ня мае пры сабе апарата, перашкодзіла яму фотографаваць чыгуначныя будынкі і мясцовасьць, якая мае стратэгічнае значэньне. Бясспрэчна ён-бы выканаў свой намер, каб вышэйазначаны схаваны ім апарат быў у яго пад рукою. Таксама, толькі дзякуючы тэй акалічнасьці, што апарата пры ім ня было, ніякіх здымкаў у яго ня знойдзена“.
— Хопіць, — сказаў вахмістр і падпісаўся.
Застаўшыся вельмі здаволеным сваім творам, ён з гонарам, прачытаў яго свайму памоцніку.
— Удалы даклад, — сказаў ён. — Бачыце, вось як трэба складаць данясеньні. Тут усё павінна быць. Сьледства, даражэнькі, не такая ўжо простая штука, а галоўная справа ў тым, як падаць вынікі допыту, каб у вышэйшай інстанцыі толькі рот разявілі. Прывядзеце яго да мяне. Пара гэту справу скончыць.
— Дык вось унтэр-афіцэр завядзе вас у Акруговую жандарскую ўправу ў Пісэк, — сказаў ён паважна Швэйку. — Паводле прадпісаньня належыць адправіць вас з кайданамі на руках, але з прычыны таго, што вы, як мне здаецца, чалавек паважны, кайданоў мы на вас не надзенем. Я ўпэўнены, што і ў дарозе вы не паспрабуеце ўцякаць. — Вахмістр, як відаць, расчулены выглядам швэйкаўскага дабратлівага аблічча, дадаў: — і ня гневайцеся на мяне. Завядзеце яго, унтэр, вось вам маё данясеньне.