Выбрать главу

— Бывайце здаровы, — мякка сказаў Швэйк. — Дзякую Вам, пан вахмістр, за ўсё, што вы для мяне зрабілі. Пры выпадку напішу вам ліст. Калі пападу ў ваш край, абавязкова зайду да вас у госьці.

Швэйк з унтэрам вышлі на дарогу, і кожны, хто-бы ні спаткаўся, бачачы іх захопленымі сяброўскай гутаркай, палічыў-бы іх за даўно знаёмых, якія ідуць разам у горад, скажам, — у касьцёл.

— Ніколі ня думаў, — казаў Швэйк, — што па адрасе ў Будэйовіцы будзе так шмат перашкод. Гэта нагадвае мне выпадак з разьніком Хаўрой з Кабыліц. Трапіў ён раз да помніка Палацкому на Морані[22] і хадзіў наўкол яго да самай раніцы, бо яму здавалася, што ён ідзе ўздож сьцяны, якой і канца няма. Пад раніцу, спрэс змардаваны, адчаяўся і закрычаў „ратуйце“, а калі прыбеглі паліцэйскія, ён у іх запытаўся, як яму прайсьці дадому ў Кабыліцы, бо, кажа, ніяк сьцяны прайсьці ня можа, ідзе, кажа, уздоўж яе пяць гадзін, а ёй канца-краю няма. Паліцэйскія яго забралі, а ён ім там у часьці ўсё раскідаў і паразьбіваў.

Унтэр не сказаў ні слова і падумаў: „Куды гне? Зноў пачынае арапа запускаць наконт Будэйовіц“.

Яны ішлі паўз сажалку і Швэйк пацікавіўся, ці шмат у іх раёне рыбакоў, якія ловяць без дазволу рыбу.

— Толькі такія і ёсьць, — адказаў унтэр. — Ранейшага вахмістра ўтапіць хацелі. Стораж каля сажалкі страляе ім у задніцы нарэзаным шчаціньнем, але нічога не памагае. Яны носяць у штанох кусок бляхі.

I ўнтэр з большага закрануў тэму пра прогрэс, пра тое, да чаго людзі дайшлі, і як адзін другога ашуквае, і потым разьвіў новую тэорыю пра тое, што вайна — вялікае дабро для ўсяго чалавецтва, бо разам з паважнымі людзьмі перастраляюць і шмат жулікаў ды шэльмаў.

— І так на сьвеце вельмі шмат народу, — сказаў ён глыбокадумна. — Усім стала цесна, людзей разьвялося да чорта!

Яны падходзілі да карчмы.

— Сягоньня чартоўскі мяце, — сказаў унтэр. — Я думаю, не пашкодзіла-б прапусьціць па чарачцы. He кажэце там нікому, што я вас вяду ў Пісэк. Гэта дзяржаўная тайна.

У галаве ўнтэра мільганула інструкцыя з цэнтру пра падазроных асоб і пра абавязкі кожнага жандарскага аддзяленьня: „Ізоляваць гэтых асоб ад мясцовага насельніцтва і адпраўляючы іх па далейшых інстанцыях, старацца ўсімі спосабамі не даваць прычын для распаўсюджаньня лішніх гутарак сярод насельніцтва“.

— Ня ўздумайце прагаварыцца, што вы за птушка, — сказаў ён. — Да гэтага нікому справы няма. He давайце прычын для распаўсюджаньня панікі. Паніка ў ваенны час страшная рэч. Хто-небудзь ляпне — і пойдзе па ўсёй акрузе. Разумееце?

— Я панікі распаўсюджваць ня буду, — сказаў Швэйк і трымаўся паводле свайго абяцаньня.

Калі шынкар з ім разгаварыўся, Швэйк сказаў:

— Вось брат кажа, што за гадзіну дойдзем да Пісэку.

— Дык, значыць, брат ваш у адпуску? — Запытаўся цікаўны шынкар у ўнтэра.

Той, ня міргнуўшы вокам, адказаў:

— Сягодня ў яго водпуск канчаецца.

Калі шынкар адышоўся ў бок, унтэр, падміргнуўшы Швэйку сказаў:

— Хвацка мы яго падманулі! Галоўнае: не падымаць панікі — час ваенны.

Сказаўшы перад тым, як зайсьці ў шынок, што чарачка пашкодзіць ня можа, унтэр паддаўся надмернаму оптымізму, бо, ня ўзяў пад увагу колькасьці гэтых чарачак. Пасьля дванаццаці чарак ён моцна і рашуча заявіў, што да трох гадзін начальнік Акруговай жандарскай управы абедае і бескарысна прыходзіць туды раней, тым больш, што паднялася мяцеліца. Калі яны прыдуць у Пісэк у чатыры гадзіны, часу застанецца аж занадта. I к шасьці яны ня спозьняцца. Прыдзецца ісьці папацёмку, па пагодзе відаць, але гэта ўсёроўна. Розьніцы ніякай: ісьці цяпер ці пазьней — Пісэк ад іх не ўцячэ.

— Мы павінны радавацца таму, што сядзім у цяпле, — скончыў ён. — У такую халадэчу ў акопах, — гэта табе не на печы грэцца.

Вялікая старая кахляная печ жухала гарачынёю, і ўнтэр констатаваў, што вонкавае цяпло з посьпехам можна ўраўнаважыць нутраным пры дапамозе розных гатункаў настоек. А ў гаспадара іх было восем гатункаў, і імі ён разганяў нудоту карчмы, расьпіваючы ўсе гатункі па чарзе пад гукі мяцеліцы, якая гула за кожным вуглам яго доміка.

Унтэр увесь час падганяў шынкара, каб той ад яго не аставаўся, і піў, абвінавачваючы яго, што ён мала п‘е. Гэта было відавочным паклёпам, бо шынкар ужо ледзь стаяў на нагах, увесь час даводзячы, што трэба згуляць у фэрбл[23] і заяўляў, што мінулай ноччу ён чуў з усходу канонаду. Унтэр ікнуў у адказ:

вернуться

22

Вуліца ў Празе.

вернуться

23

Гульня ў карты.