— Гэта ты кіны He падымай панікі! Ёсьць інструкцыя… і пачаў тлумачыць, што інструкцыя гэта збор паасобных распараджэньняў.
У якасьці прыкладу ён працытаваў некалькі сакрэтных цыркуляраў. Шынкар ужо мала што разумеў. Адно, што ён мог прамармытаць, было тое, што аднымі інструкцыямі вайны ня выграеш.
Ужо сьцямнела, калі ўнтэр сабраўся ў дарогу. За мяцеліцаю ў двух кроках нічога нельга было ўбачыць:
— Валі ўвесь час проста да самага Пісэку.
Але хутка яго голас прагучэў не з дарогі, а зьнізу, з рова, куды ён скаціўся па сьнезе. Памагаючы сабе вінтоўкаю, ён насілу вылез на дарогу. Швэйк пачуў яго прыглушаны сьмех: Усёроўна як на коўзанцы». Праз хвіліну ён зьехаў зноў у роў, загарлаўшы так, што перакрычаў сьвіст ветру:
— Кінуся, паніка!
Унтэр-афіцэр падобен быў на мурашку, якая, адкуль-небудзь зваліўшыся, упарта лезе зноў наверх. Ён паўтарыў пяць разоў гэта практыкаваньне і, вылезшы нарэшце да Швэйка, маркотна сказаў:
— Я мог-бы вас лёгка згубіць.
— Ня турбуйцеся, калі ласка, пан унтэр, — сказаў Швэйк, — Самае лепшае, што мы можам зрабіць, гэта прывязаць сябе аднаго да другога, такім чынам мы адзін аднаго ня згубім. Ручныя кайданы пры вас ёсьць?
— Кожнаму жандару належыць насіць з сабою ручныя кайданы, — паважна сказаў унтэр і спатыкнуўся. — I эта-ж наш хлеб.
— Дык давайце, прышпілімся, — сказаў Швэйк, — спроба не загана.
Па-майстэрску ўнтэр зашпіліў адзін канец ручных кайданоў наўкол рукі Швэйка, а другі канец наўкол свае. Цяпер абодва зьліліся ў адно як сіамскія блізьнюкі. Абодва спатыкаліся і ўнтэр цягнуў за сабою Швэйка цераз кучы друзу, а калі кідаўся, то і Швэйка за сабою валок. Кайданы ўразаліся ім у рукі. Нарэшце ўнтэр сказаў, што так справа далей ня пойдзе і трэба разлучыцца. Пасьля доўгіх і дарэмных патуг вызваліцца ад кайданоў унтэр уздыхнуў:
— Мы зьвязаны адзін з другім навекі вечныя.
— Амін — сказаў Швэйк, і абодва ішлі далей па цяжкім шляху.
Унтэра апанаваў безнадзейны адчай. Пасьля доўгай пакуты позна вечарам яны дацягнуліся да Пісэка. На ўсходах у жандарскай ўправе ўнтэр нявесела сказаў Швэйку:
— Справа дрэнь — нам аднаму ад другога ня вызваліцца.
I сапраўды справа была дрэнь. Дзяжурны вахмістр паслаў па ротмістра Кеніга. Першае, што сказаў ротмістр, было:
— А ну, хукніце на мяне! — Хутка і не памыліўшыся паставіў ён, дзякуючы свайму спрактыкаванаму нюху, дыягноз: — Ага: ром, кантушоўка, «чорт»[24], рабінаўка, гарэхаўка, вішнёўка і ванільная. Вахмістр, — зьвярнуўся ён да свайго падначаленага, — вось вам прыклад, як не павінен выглядаць жандар. — Вырабляць такія штукі — злачынства, якое будзе разглядацца ваенным судом. Прывязаць сабе да арыштаванага і прыйсьці сюды ў такім быдлячым выглядзе! Зьніміце з іх кайданы.
Унтэр вольнаю леваю рукою ўзяў пад казырок.
— Што яшчэ? — запытаўся ў яго ротмістр.
— Асьмелюся далажыць, пан ротмістр, прынёс данясеньне.
— На вас самога пойдзе данясеньне ў суд, — коратка сказаў ротмістр. — Вахмістр, пасадзеце абодвых. Заўтра раніцою прывядзеце іх да мяне на допыт, а данясеньне з Пуціма праглядзеце і прышлеце мне на кватэру.
Пісэцкі ротмістр Кеніг быў чыноўнікам да мозгу касьцей: падцягваў падначаленых і ведаў смак у справах бюрократычных. У падуладных яму жандарскіх аддзяленьнях ніколі не маглі з палёгкаю сказаць: «Ну, дзякуй богу, хмара прайшла». Хмара варочалася з кожнай новай паперкай, падпісанай рукой ротмістра Кеніга. Ад ранку да вечара страчыў ротмістр вымовы, напамінаньні і папярэджаньні і рассылаў іх па ўсёй акрузе.
Цяжкія хмары навісьлі над ўсімі жандарскімі аддзяленьнямі Пісэцкай акругі пасьля абвяшчаньня вайны. Бюрократычны гром грымеў над жандарскімі галовамі, і часьцяком у каго-небудзь з вахмістраў, унтэроў, радавых жандараў ці канцылярскіх служачых грукаў пярун. Кожная пусьцяковіна цягнула за сабой дысцыплінарнае спагнаньне і сьледзтва.
«Калі мы хочам перамагчы, — казаў ротмістр Кеніг, — трэба ставіць кропку над „і“, а не абмяжоўвацца палавіннымі мерамі». Усюды наўкол сябе ён падазраваў змовы і здраду. У яго была цьвёрдая ўпэўненасьць, што ў кожнага жандара яго акругі ёсьць грашкі, дзякуючы ваеннаму часу, і што ў кожнага з іх не адзін праступак па службе.
А зьверху, з Міністэрства абароны, яго самога завальвалі загадамі і ставілі яму на від, што па вестках Вайсковага Міністэрства абароны, салдаты, прызваныя з Пісэцкай акругі, масамі перабягаюць да няпрыяцеля, і Кеніга падсьцёбвалі, каб ён пільней сачыў за настроямі ў акрузе. Кенігу прыходзілася туга. Калі жонкі прызваных салдат праводзілі іх на фронт, ротмістр ведаў напэўна, што салдаты абяцаюць сваім жонкам, што не дазволяць сябе ўхаўтурыць на славу гасудара імпэратара, і ён нічога ня мог супроць гэтага зрабіць. Чорна-жоўтыя[25] горызонты сталі пакрывацца рэволюцыйнымі хмаркамі. У Сэрбіі і на Карпатах салдаты цэлымі батальёнамі здаваліся ў палон. Здаліся 28-ы і 11-ы палкі. Апошні складаўся цалкам з салдат, набраных у Пісэцкай акрузе. Духата перадрэволюцыйнай атмосфэры адчувалася ўсімі. Калі праз Пісэк праяжджалі ў Прагу навабранцы з чорнымі штучнымі гвазьдзікамі[26], яны пакідалі назад з сваіх цялячых вагонаў папяросы і шоколад, што ім паднесьлі пані з вышэйшых пісэцкіх колаў грамадзтва. Другі раз, калі праз Пісэк праяжджаў маршавы батальён, некалькі яўрэяў з Пісэку закрычалі ў выглядзе прывітаньня: «Heil, nieder mit den Serben»[27]. — Ix так адхвасталі па мордзе, што яны цэлы тыдзень не паказваліся на вуліцу.