Выбрать главу

Гэтыя выпадкі выразна паказвалі, што звычайнае выкананьне на аргане ў цэрквах аўстрыйскага гімну: «сьцеражы нам, божа, гасудара,» — зьяўляецца адным прыкідваньнем, а анкеты, што прысылаюць жандарскія аддзяленьні ў Акруговую ўправу, запоўненыя а-Iа’ Пуцім, даводзілі, што ўсё ў поўным парадку, ніякай агітацыі супроць вайны няма і што настрой насельніцтва Ia, а энтузіязм Ia — Ib.

— He жандары вы, а гарадавыя! — лаяўся ротмістр у час сваіх абходаў па аддзяленьнях, — заміж таго, каб узьняць пільнасьць на тысячу процантаў, вы па троху робіцеся жывёламі: качаецеся дома на печы і думаеце: — «ну вас к чорту з вашай вайной!»

Далей ішоў пералік абавязкаў жандараў і лекцыя пра сучаснае політычнае становішча і пра тое, што трэба падцягнуцца. Пасьля сьмелага і яскравага накіду бліскучага ідэалу жандарскай дасканаласьці, накірованага на ўзмацненьне Аўстрыйскай монархіі, ішлі пагрозы, дысцыплінарныя спагнаньні, пераводы, вымовы і папярэджаньні.

Ростмістр быў цвёрда пераконаны, што не дарэмна займае сваю пасаду, што ён нешта выратоўвае і што ўсе жандары падуладных яму аддзяленьняў гультаі, сволач, эгоісты, падлюгі, шэльмы, якія ні ў чым, апрача гарэлкі, піва і віна, нічога не разумеюць і, ня маючы добра за што выпіць, бяруць хабар, павольна, але пэўна аслабляючы Аўстрыю.

Адзіны чалавек, якому ён давяраў, быў яго ўласны вахмістр з Акруговай жандарскай ўправы. Дый той часта ў шынку рабіў заўвагі, накшталт: «Сёньня я зноў свайго няўдачу падашукаў».

Ротмістр праглядаў данясеньне жандарскага вахмістра з Пуціма, а перад ім стаяў яго вахмістр Мацейка і ў думках сваіх пасылаў вахмістра да ўсіх чарцей з сваімі данясеньнямі, бо ўнізе ў піўной яго чакала партыя ў «шнопс»[28].

— Надоечы я вам сказаў, — сказаў ротмістр, — што самы больш ёлап, якога мне траплялася ў жыцьці сустракаць, гэта вахмістр з Працівіна. Але, мяркуючы па гэтым данясеньні, вахмістр з Пуціма далёка яго перагнаў. Салдат, якога прывёў гэты сукін сын п‘янюга ўнтэр, зусім ня шпіён. Гэта, бясспрэчна, самы звычайны дэзэртыр. А вахмістр у сваім данясеньні гародзіць такое глупства, што і малому дзіцяці зразу відаць, што налізаўся, шэльма, як папскі прэлат… Прывядзеце мне сюды гэтага салдата, — загадаў ён, — праглядзеўшы ўсё данясеньне з Пуціма. — Да гэтага часу мне ніколі не здаралася бачыць больш ідыёцкі набор слоў. Мала гэтага: ён пасылае сюды гэтага падазронага тыпа пад канвоем такога асла, як яго ўнтэр. Дрэнна мяне гэта публіка ведае! Да таго часу, пакуль яны ад страху перад мной разоў са тры ў порткі не накладуць, да таго часу не пераканаюцца, што са мною жарты кепскія!

I ротмістр распачаў гаворку пра тое, што жандарскія ўправы кядбайна выконваюць загады, і з таго, як складаюцца данясеньні, відаць, што кожны вахмістр робіць з справы забаўку, стараючыся прыдумаць як найбольш усялякага глупства. Калі начальства зьвяртае іх ўвагу на тое, што ня выключана магчымасьць зьяўленьня ў іх раёне выведнікаў, жандарскія вахмістры пачынаюць вырабляць іх у бязьмернай колькасьці. Калі вайна працягнецца, то ўсе жандарскія аддзяленьні ператворацца ў вар‘яцкія дамы.

Ротмістр Кеніг даў у канцылярыю загад выклікаць Пуцімскага вахмістра тэлеграмай у Пісэк і рашыў выбіць яму з мазгаўні гэту «падзею вялізарнай важнасьці», пра якую той піша ў сваім данясеньні.

— З якога палка вы ўцяклі? — Сустрэў ротмістр Швэйка.

— Hi з якага.

На твары Швэйка быў выраз поўнай бесклапотнасьці.

— Адкуль у вас форма! — запытаўся ротмістр.

— Кожнаму салдату, калі ён зьяўляецца на прызыў, выдаецца форма, — з мяккай усьмешкай адказаў Швэйк. — Я служу ў 91-м палку і ня ўцёк адтуль, а наадварот.

вернуться

28

Гульня ў карты.