Выказаўшы сваім тварам іронічнае спачуваньне, ротмістр запытаўся:
— Як гэта «наадварот»?
— Справа вельмі простая, — растлумачыў Швэйк. — Я шукаю свайго палка і іду туды, а не ўцякаю адтуль. Мне-б толькі хутчэй папасьці ў свой полк. Мяне страшэнна нэрвуе тая акалічнасьць, што я заўважаю, як адыходжу ад Чэскіх Будэйовіц усё далей і далей. Гэта-ж толькі падумаць, цэлы полк мяне чакае. Пан вахмістр у Пуціме паказаў мне на карце, што Будэйовіцы знаходзяцца на поўдні, а заміж гэтага накіравалі мяне на поўнач.
Ротмістр толькі махнуў рукою, як-бы кажучы: «Ён яшчэ лепшыя штукі вырабляе, гэты вахмістр».
— Значыць вы шукалі свайго палка і не маглі знайсьці?
Швэйк накідаў яму свой маршрут: Табар — Мілеўска— Кветаў — Враж — Мальчын — Чыжова — Седлец — Гараждовіцы — Радомышль — Пуцім — Шчэкно — Страконіцы — Валынь — Дуб — Вадняны — Працівін і зноў Пуцім. З вялікім уздымам апісаў ён сваё змаганьне з лёсам, расказаў ротмістру пра тое, як ён з усіх сіл стараўся прабрацца праз усе перашкоды і перагародкі да свайго 91-га палка ў Будэйовіцы і як ўсе яго намаганьні былі дарэмнымі.
Швэйк заўзята гаварыў, а ротмістр машынальна маляваў алоўкам знак зачараванага кола, з якога ўдалы ваяка Швэйк ня мог вырвацца, шукаючы свайго палка.
— Што й казаць, геркулесава работа, — сказаў нарэшце ротмістр, выслухаўшы прызнаньне Швэйка, што яго прыгнятае такая доўгая затрымка і немагчымасьць папасьці сваячасова ў свой полк. — Уяўляю, як вы круціліся каля Пуціма.
— Пытаньне было-б вырашана куды раней, — заўважыў Швэйк, — каб ня было гэтага вахмістра ў няшчасным Пуціме. Ён не папытаўся ў мяне ні прозьвішча, ні палка і ўсё яму здавалася неяк навыварат. Яму трэба было загадаць адправіць мяне ў Будэйовіцы, а там разабралі, ці я той Швэйк, які шукае свайго палка, ці я які-небудзь падазроны суб‘ект. Сягодня я мог-бы ўжо другі дзень быць у сваім палку і выконваць свае абавязкі.
— Што-ж вы ў Пуціме не сказалі, што вышла непаразуменьне?
— Я бачыў, што гаворка з ім будзе дарэмная. «Здараецца — нойдзе на чалавека такое аслупяненьне, што ён зробіцца глухім на ўсяго, як пень», як казаў шынкар Рампа на Вінаградах, калі ў яго прасілі пазычыць грошай.
Трохі падумаўшы, ротмістр рашыў, што чалавек, які імкнецца папасьці ў свой полк і прыдумляе для гэтага цэлае кругасьветнае падарожжа, зьяўляецца выразным дэзэртырам, і прадыктаваў машыністцы, захоўваючы ўсе правілы і прыгажосьць канцылярскага стылю, наступнае:
Адначасна з гэтым да вас пад канвоем пасылаецца Швэйк Іосіф, які паводле яго слоў, лічыцца радавым даручанага вам палка і затрыманы згодна яго паказаньня жандарамі ў Пуціме пісэцкай акругі па падазрэньні ў дэзэртырстве. Вышэйазначаны Швэйк Іосіф сьцьвярджае, што накіроўваўся ў Будэйовіцы да месца свайго палка.
Рост: ніжэй сярэдняга.
Рысы твару: звычайныя.
Hoc: звычайны.
Вочы: блакітныя.
Асаблівых прымет няма.
Да гэтага дадаецца рахунак за харчаваньне вышэйназванага радавога, які будзьце ласкавы перавесьці на рахунак Міністэрства абароны, а таксама сьпіс казённых рэчаў, якія былі на затрыманым у момант яго затрыманьня. Будзьце ласкавы пацьвердзіць прыняцьце вышэйазначанага радавога».
Дарога з Пісэку ў Будэйовіцы ў цягніку прамільгнула няпрыкметна ў кампаніі з маладым жандарам навічком, які ня спускаў са Швэйка вачэй і вельмі баяўся, каб той ня зьбег. Страшнае пытаньне мучыла ўвесь час жандара: «Што яму рабіць, калі раптам захочацца ў прыбіральню».
Пытаньне было разьвязана так: у выпадку патрэбы жандар надумаўся ўзяць Швэйка з сабою.
Усю дарогу ад вакзала да Будэйовіцкіх казарм жандар не адрываў ад Швэйка напружанага погляду і кожны раз, падыходзячы да рогу вуліцы ці раскрыжаваньня, як-бы між іншым пачынаў гаворку пра тое, колькі патрон ім даецца на дарогу, калі яны вядуць арыштаваных; у адказ на гэта Швэйк выказваў свае глыбокае пераконаньне ў тым, што ніводзін людзкі жандар не дазволіць сабе страляць сярод вуліцы, дзе так шмат народу, і лёгка можа здарыцца няшчасьце.
Жандар пачаў супярэчыць, і абодва не заўважылі, як дайшлі да казармы.
Паручнік Лукаш ужо другі дзень быў дзяжурным па казармах. Ён сядзеў у канцылярыі за сталом і нічога не прачуваў, як да яго прывялі Швэйка.
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, я зноў тут, — урачыста сказаў Швэйк, узяўшы пад казырок.
Сьведкаю ўсяе гэтай сцэны быў прапаршчык Кацятка, які потым расказваў, што, пачуўшы голас Швэйка, паручнік Лукаш падскочыў, схапіўся за голаву і кінуўся ніцма Кацятку на рукі. Калі яго прывялі да прытомнасьці, Швэйк, які ўвесь час стаяў ва-фронт, руку пад казырок, паўтарыў яшчэ раз: