Выбрать главу

Юнкер Даўэрлінг ня меў вялікіх посьпехаў нават і ў тых прадметах, якія кожны з юнкераў так ці іначай засвойвае. I ў юнкерскай школе ён давёў, што ў дзяцінстве яго нянька з рук упусьціла. Пра гэта няшчасьце выразна сьведчылі яго адказы нз экзаменах, якія вызначаліся такою бязьмернаю дурасьцю, што выкладчыкі іначай яго не называлі, як «наш ідыётык». Яго дурасьць так кідалася ў вочы, што сьмела можна было загадзе сказаць, што праз гадоў дваццаць ён пападзе ў Тэрэзіянскую[35] вайсковую акадэмію ці ў Вайсковае міністэрства. Пасьля абвяшчэньня вайны ўсім маладым юнкерам далі годнасьць прапаршчыкаў. У іх лік папаў Конрад Даўэрлінг, які быў назначан у 91-ы полк.

Вольнапісаны перадыхнуў і гаварыў далей.

— У выданьні Вайсковага міністэрства вышла кніга: «Вывучка ці выхаваньне?», з якой Даўэрлінг вычытаў, што на салдат трэба ўплываць тэрорам, прычым ступені тэрору адпавядае і ступень дысцыплінаванасьці. Даўэрлінг палажыў гэты прынцып за грунт свае дзейнасьці і дасягнуў вялікіх посьпехаў. Салдаты, каб ухіліцца яго крыкаў, цэлымі аддзяленьнямі падавалі рапарт аб хваробе, але гэта ні разу ня мела. посьпеху. Хто падаваў рапарт аб хваробе, той пападаў пад узмоцнены арышт. Дарэчы, ці вядома вам, што такое ўзмоцнены арышт? Цэлы дзень вас ганяюць па пляцы, а на нач — у карцар. Такім чынам, у роце Даўэрлінга хворыя перавяліся. Усе хворыя з яго роты сядзелі ў карцары. Даўэрлінг захоўваў на занятках разьбітны казарменны тон, які пачынаецца словам «сьвіньня» і канчаецца нязвычайным зоолёгічным тэрмінам «сьвінячы сабака». Урэшце, ён быў вельмі лібэральны і даваў магчымасьць салдатам выбіраць, што яны хочуць. Напрыклад, ён казаў: «Выбірай, вярблюд: у рыла ці тры дні ўзмоцненага арышту»? Калі салдат выбіраў тры дні ўзмоцненага арышту, Даўэрлінг даваў яму звыш гэтага яшчэ ў рыла і дадаваў у якасьці тлумачэньня: «Баішся за сваю храпу, а што будзеш рабіць, калі загаворыць цяжкая артылерыя»? Раз, выбіўшы вока аднаму навабранцу, ён сказаў так: «Падумаеш, якая важнасьць? Яму ўсёроўна здыхаць». Тое-ж самае гаварыў і фэльдмаршал Конрад фон-Гетцэндорф: «Салдатам усёроўна здыхаць».

Улюбёным і найбольш моцным сродкам у Даўэрлінга зьяўляюцца лекцыі, на якія ён выклікае ўсю чэскую каманду і чытае пра баявыя задачы Аўстрыі, спыняючыся пераважна на агульных прынцыпах вайсковага навучаньня. Гэта значыць ад шпангляў[36] да расстрэлу ці павешаньня. У пачатку зімы, яшчэ перад тым, як я трапіў у шпіталь, нас вадзілі на заняткі на пляц каля 11-й роты. Пасьля каманды «вольна» Даўэрлінг гаварыў прамову да рэкрутаў чэхаў:

вернуться

35

У Вене.

вернуться

36

Кайданы. Правая рука прыкоўвалася кароткім ланцугом да левай нагі, і салдата, які правініўся, пакідалі скручанага такім чынам на доўгі час.