Словы «таксама вось так» прагучэлі мяккім дакорам, і ў паручніка апусьцілася рука. Швэйк гаварыў далей:
— З-за такой маленькай памылкі ня варта было гэтаму генэралу злавацца. Яму сапраўды належыць мець ад шасьцідзесяці да сямідзесяці тысяч валасоў,—так было сказана ў артыкуле: «Што павінна быць у нормальнага чалавека». Мне і не ў галаве, што існуе якісьці лысы генэрал-майор. Вышла, як кажуць, пагібельная памылка, якая з кожным можа здарыцца, калі чалавек што-небудзь скажа, а другі за гэта ўхопіцца. На гэту тэму некалькі год таму назад расказаў нам пра выпадак з свайго жыцьця кравец Гіўль. Раз ён ехаў з Штырыі (там ён шыў) у Прагу цераз Леобэн і вёз з сабою вянгліну, якую купіў у Марыборы. Едзе ён у цягніку і сам сабе думае, што ва ўсім цягніку, нябось, сярод пасажыраў няма ніводнага чэха. Калі праяжджалі праз Св. Морыц, кравец дастаў вянгліну і пачаў аплятаць проста з кумпяка. У пасажыра, што сядзеў насупраць, пацякла сьлінка, і ён пачаў кідаць на вянгліну замілаваныя погляды. Кравец Гіўль гэта заўважыў і падумаў услых: «Так-бы ўсё і зжор, сукін ты сын». А пан яму таксама па-чэску адказвае: «Вядома зжару, калі дасі». Пасьля гэтага ўплялі вянгліну разам, яшчэ не даяжджаючы да Чэскіх Будэйовіц. Звалі таго пана Войцэх Роўс.
Паручнік Лукаш паглядзеў на Швэйка і вышаў з купэ не пасьпеў ён сесьці на сваё месца, як у дзьвярох паказалася ветлівае аблічча Швэйка:
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, цераз пяць мінут прыедзем у Табар. Цягнік стаіць пяць мінут. Загадаеце заказаць што-небудзь на сьнеданьне? Некалі тут можна было дастаць нядрэнныя…
Паручнік усхапіўся, як ад жала, і ў калідоры сказаў Швэйку:
— Колькі разоў мне паўтараць вам: чым радзей вы будзеце пападацца мне на вочы, тым лепш для нас абодвух. Я быў-бы проста шчасьлівы, каб вас зусім ня бачыў, і будзьце спакойны, я аб гэтым паклапачуся. Не паказвайцеся мне на вочы, згіньце з вачэй, жывёліна, ёлап! Зразумелі?
— Слухаю, пан паручнік!
Швэйк аддаў чэсьць, павярнуўся па ўсіх правілах на абцасы і пашоў у канец вагона. Там ён сеў у кутку і завёў размову з якімсьці чыгуначнікам:
— Дазвольце, калі ласка, зьвярнуцца да вас з запытаньнем…
Чыгуначнік, ня выказваючы ніякай ахвоты распачынаць размову, апатычна кіўнуў галавою.
— Бываў у мяне часта ў гасьцях адзін знаёмы, — пачаў Швэйк, — слаўны хлопец, прозьвішча яго было Гофман. Гэты самы Гофман запэўняў, што вось гэтыя тармазы, якія знаходзяцца ў кожным вагоне на выпадак небясьпекі, ня дзейнічаюць, карацей кажучы, калі пацягнуць за ручку, нічога ня выйдзе. Я такімі рэчамі, па-праўдзе кажучы, ніколі ня цікавіўся, але раз я ўжо зьвярнуў увагу на гэты тормаз, то цікава было-б ведаць, у чым тут сутнасьць, на выпадак, калі тормаз калі-небудзь спатрэбіцца.
Швэйк устаў і разам з чыгуначнікам падышоў да тормаза, на якім было напісана: «У выпадку небясьпекі пацягнеце за ручку» і г. д.
Чыгуначнік палічыў сваім абавязкам растлумачыць Швэйку на якім прынцыпе ўсталяваны мэханізм тормазу:
— Наконт таго, што трэба пацягнуць за ручку, ваш знаёмы сказаў праўду, але ён салгаў, што дзеяньня ня будзе. Цягнік бяспрэчна спыніцца, бо ў кожным вагоне тормаз элучаны з паравозам і з рэштай вагонаў. Гэтыя тармазы заўсёды дзейнічаюць.
Абодва, гаворачы, трымалі рукі на ручцы тормаза, і сапраўды застаецца загадкаю, як гэта здарылася, што ручка была адцягнена і цягнік спыніўся.
Абодва не маглі прыйсьці да згоды, хто, уласна, гэта зрабіў. Швэйк запэўняў, што ён гэтага ня мог зрабіць, што ён ня вулічны хлапчук.
— Я сам дзіўлюся, — гаварыў ён кандуктару, што падсеў да яго, — чаму гэты цягнік раптам спыніўся. Ехаў, ехаў, і раптам: на табе — стоп! Мне гэта яшчэ больш няпрыемна, як вам.
Якісьці паважнага выгляду пан стаў на абарону чыгуначніка і запэўняў, што сам чуў, як салдат першы пачаў гаворку пра тармазы.
Швэйк, наадварот, увесь час напіраў на сваю сумленнасьць і на тое, што затрымка цягніка не ў яго інтарэсах, бо ён сьпяшаецца на фронт.