«Я ведаю, — пачаў ён, — што ўсе вы нягоднікі і што трэба вам выбіць дур з галавы. З вашаю чэскаю моваю вам і да шыбеніцы не дабрацца. Наш вярхоўны галоўнакамандуючы[37] — немец. Чуеце?» — потым ён скамандаваў: — «Лажыся»!
Усе ляглі, а Даўэрлінг стаў хадзіць сюды і туды перад імі і гаварыў далей:
— Сказана «лажыся»! — ну і ляжы. Хоць лопні, а ляжы. Такая каманда існавала ўжо ў старажытных рымлян. У тыя часы прызываліся ў войска ўсе ад семнаццаці да шасьцідзесяці гадоў і ўсе трыццаць гадоў вайсковай службы праходзілі пад адкрытым небам. Па казармах яны, як сьвіньні, не качаліся. I мова была тагды таксама адна для ўсяго войска. Папробаваў-бы хто загаварыць у іх па-этруску! Паны рымскія афіцэры паказалі-б яму, па чым фунт ліха! Я таксама патрабую, каб вы адказвалі мне па-нямецку, а ня вашаю «шалтай-балтай». Ну, як вам падабаецца ляжаць у гразі? Цяпер уявеце сабе, што каму-небудзь з вас не захацелася-б болей ляжаць і ён-бы ўстаў. Што-б я тагды зрабіў? Зьвярнуў-бы сукінаму сыну сківіцу на патыліцу за невыкананьне абавязкаў салдата, парушэньне статуту і дысцыпліны, за непаслушэнства і бунт, з чаго вынікае, што такога нягодніка чакае вяроўка.
Вольнапісаны змоўк і, відавочна намеціўшы ў час перапынку далейшую тэму з казарменнага жыцьця, загаварыў зноў:
— Быў яшчэ ў нас капітан Адамічка, чалавек надзвычайна апатычны. У канцылярыі ён сядзеў з выглядам ціхага вар‘ята і глядзеў у прастору, як быццам казаў: «Ежце мяне, мухі з камарамі». Раз да яго зьявіўся салдат 11-й роты са скаргай, што прапаршчык Даўэрлінг назваў яго вечарам на вуліцы чэскай сьвіньнёй. Салдат гэты да вайны бьзў пераплётчыкам, сьвядомым рабочым. «Та-ак, такія, значыць, справы… — задуменна і ціха сказаў капітан Адамічка. (Ён заўсёды гаварыў задумёна і ціха). — Сказаў, кажыце, на вуліцы? Трэба было-б даведацца, ці было вам дазволена пайсьці з казармаў? Пакуль што можаце ісьці…» Праз некалькі дзён капітан Адамічка выклікаў да сябе салдата, што падаў скаргу. «Высьветлена, — сказаў ён задумёна і ціха, — што ў гэты дзень вам было дазволена ісьці з казармаў да дзесяці гадзін вечара. Значыцца, вы пакараны ня будзеце… Можаце ісьці».
З таго часу за капітанам Адамічкам умацавалася рэпутацыя справядлівага чалавека. Пасьля яго паслалі на фронт, а на яго месца быў назначан да нас майор Вэнцэль, і той нарэшце грунтоўна прышчаміў хвост прапаршчыку Даўэрлінгу.
У майора была жонка — чэшка, і таму ён не пераносіў і ўхіляўся гутарак пра нацыянальнае пытаньне. Некалькі гадоў таму назад, калі ён быў яшчэ капітанам у Кутнай гары, ён п‘яны аблаяў у рэсторане кельнера чэскай сволаччу. (Трэба зазначыць, што майор у кампаніі і дома гаварыў толькі па-чэску, і сыны яго вучыліся ў чэскіх гімназіях). «Слова не верабей, выляціш — ня зловіш», і эпізод гэты папаў у газэту, а нейкі дэпутат інтэрпэляваў перад парлямантам пра паводзіны майора Вэнцэля. Вэнцэль папаў у няпрыемную гісторыю, бо якраз у гэты час павінен быў быць зацьверджан парлямантам законапроект пра вайсковую павіннасьць, а тут — калі ласка! — гэта гісторыя з п‘яным капітанам Вэнцэлем у Кутнай гары. Пасьля капітан даведаўся, што ўся гісторыя — работа якогасьці заўрад-прапаршчыка з вольнапісаных Зітко. Гэта ён напісаў у газэту бо ў яго з капітанам Вэнцэлем былі свае рахункі яшчэ з таго часу, калі Зітко ў кампаніі ў прысутнасьці самога капітана Вэнцэля пачаў разважаць пра тое, што «досыць глянуць на божы сьвет, убачыць хмаркі на горызонце і горы, якія грамадзяцца ў далячыні, пачуць роў ляснога вадаспаду і сьпевы птушак, і сама ў галаву прыходзіць думка: што значыць капітан у параўнаньні з вечнасьцю? Такі-ж самы нуль, як і любы заўрад-прапаршчык». З прычыны таго, што ўсе паны афіцэры былі ў гэты час п‘яныя ўшчэнт, быў п‘яны і капітан Вэнцэль і хацеў пабіць небараку філёзофа Зітко, як сабаку. Пасьля гэтага іх варожасьць расла, і капітан Вэнцэль помсьціў Зітку, дзе і як толькі мог, тым больш, што афорызм прапаршчыка Зітка — «Што значыць капітан у параўнаньні з вечнасьцю» стаў у горадзе вельмі пашыраным. «Я яго, шэльму, давяду да самагубства», — сказаў капітан Вэнцэль, але Зітко вышаў у адстаўку і заняўся філёзофіяй. З таго часу майор Вэнцэль і вар‘юецца на ўсіх малодшых афіцэраў. Нават паручнік не застрахаваны ад яго вар‘яваньня. Аб прапаршчыках і гаварыць няма чаго. «Раздушу яго, як клапа,» — любіць гаварыць майор Вэнцэль, і бяда таму прапаршчыку, які праз якую-небудзь пусьцяковіну пасылае салдата да Вэнцэля. Толькі буйныя і цяжкія злаўчынкі павінен ён разглядаць, як, напрыклад, калі вартавы засьне на варце каля парахавога складу ці паспрабуе ўночы пералезьці цераз казарменную сьцяну ці пападзецца ўночы ў лапы патруля — адным словам, зганьбіць гонар палка. Я чуў раз, як ён крычаў у калідоры: «А божухна! Трэці раз яго ловіць патруль. Пасадзіць сукінага сына ў карцэр зараз жа; такіх трэба выкідаць з палка, няхай ідзе ў абоз гной вазіць. Здаўся патрулю і нават не пабіўся з імі! Хіба гэта салдат? Вуліцу яму падмятаць а не ў салдатах служыць. Дайце яму жраць не раней, як пасьля заўтра. Сяньніка не даваць! Ды піхнеце яго ў адзіночку і не даваць нягодніку коўдры».