Цяпер уявеце сабе, таварыш, што адразу пасьля пераводу да нас майора Вэнцэля гэты ёлап, прапаршчык Даўэрлінг, пагнаў да яго аднаго салдата за тое, што той нібы не аддаў яму, прапаршчыку Даўэрлінгу, чэсьці, калі ён ехаў на рамізьніку з нейкаю паненкаю. Ну і крык там, скажу я вам, падняўся, як расказвалі потым сьведкі! Фэльдфэбель з канцылярыі батальёну ўцёк у калідор, а майор крычаў на Даўэрлінга: «Хацеў-бы я ведаць — чорт вазьмі! — ці вядома вам, што такое асабістая яўка? Асабістая яўка — гэта не балаган! Як мог ён вас бачыць, калі вы ехалі пасярод пляцу? Вы павінны былі вызубрыць і запомніць, што чэсьць аддаецца афіцэрам, якія пападуцца насустрач, а гэта ня значыць, што салдат павінен круціць галавою, як варона, і лавіць прапаршчыка, які едзе пасярод пляцу. Маўчаць, не перапыняпь! Асабістая яўка існуе не для такіх пусьцяковых рэчаў. Калі ён вам заявіў, што ня мог вас бачыць, бо ў гэты момант аддаваў чэсьць мне, павярнуўшыся да мяне, разумееце, да майёра Вэнцэля, і ня мог адначасна глядзець назад на рамізьніка, з якім вы ехалі, то трэба было яму верыць. Другі раз будзьце ласкавы не прыставайце да мяне з пусьцяковінай!» — З таго часу Даўэрлінг зьмяніўся.
Вольнапісаны пазяхнуў.
— Трэба выспацца перад заўтрашняй яўкай да палкоўніка. Я хацеў-бы хоць трохі інформаваць вас, як стаяць справы ў нашым палку. Палкоўнік Шрэдэр ня любіць майора Вэнцэля і наогул нейкі дзіўны тып. Капітан Сагнэр, начальнік вучэбнай каманды вольнапісаных, лічыць Шрэдэра сапраўдным салдатам, хоць палкоўнік Шрэдэр нічога так не баіцца, як папасьці на фронт. Сагнэр — стрэлены варабей, таксама як і Шрэдэр, недалюблівае афіцэраў запасу і называе іх цывільнымі сьмярдзючкамі. Вольнапісаных ён лічыць дзікімі жывёламі, з якіх трэба зрабіць вайсковыя машыны, прышыць да іх зорачкі і паслаць на фронт, каб іх перастралялі замест шляхетных кадравых афіцэраў. якіх трэба пакінуць на развод. Наогул у арміі ўжо пахне гніляцінай, — сказаў вольнапісаны, укручваючыся ў коўдру. — Масы, пакуль што, яшчэ сьляпыя, і дазваляюць гнаць сябе на фронт, каб іх там пасеклі на макарону; пападзе ў якога-небудзь з такіх ягнят куля, ён толькі шапне: «мамачка»! Цяпер герояў няма, а ёсьць толькі жывёла на мяса і разьнікі ў генэральных штабох. Пачакайце, дачакаюцца яны выбуху! Ну і будзе-ж завіруха!.. Дык няхай жыве армія! Дабранач!
Вольнапісаны сьціх, доўга варочаўся пад коўдрай і нарэшце запытаўся:
— Вы сьпіце, таварыш?
— Ня сьпіцца, — адказаў Швэйк з свайго ложка. — Думаю…
— Пра што-ж вы думаеце, таварыш?
— Пра вялікі сярэбраны мэдаль «За храбрасьць», які атрымаў сталяр з Ваўровай вуліцы, па прозьвішчы Млічко; яму першаму з усяго палка ў самым пачатку вайны адарвала гранатай нагу. Ён атрымаў дарэмна штучную нагу і пачаўусюды фарсіць з сваім мэдалём і хваліцца, што ён самы першы інвалід у палку. Раз ён прышоў у шынок «Аполён» на Вінаградах і пачаў там сварку з разьнікамі гарадзкай разьніцы. Адзін з іх у бойцы адарваў яму нагу (штучную) і трахнуў ёю яму-ж па галаве, а потым убачыў, што нарабіў (ён ня ведаў, што нага штучная), і з перапуду абамлеў. У вучастку столяру ногу зноў прырабілі, але з таго часу яму ня міл стаў яго сярэбраны мэдаль «За храбрасьць» і ён панёс яго закладваць у лёмбард. Там яго за гэта разам за мэдалём сцапалі; і пачаліся няпрыемнасьці. Існуе нейкі там ганаровы суд для інвалідаў вялікай вайны, і гэты суд прысудзіў — адабраць у яго мэдаль і апрача таго пакінуць без нагі…
— Як-жа гэта?
— Вельмі проста. Прышлі раз да яго з нейкай камісіяй, заявілі, што ён ня варты таго, каб насіць протэзу, адшпілілі ў яго нагу і панесьлі… Вельмі таксама сьмешна выходзіць, — казаў далей Швэйк, — калі бацькі салдата атрымоўваюць паведамленьне, што сын забіты на вайне, а разам з лістом мэдаль з прыпіскаю, што вось вам за гэта мэдаль і павесьце яго на відным месцы. На Божацехавай вуліцы на Вышаградзе адзін стары, у якога забілі сына, думаў, што Вайсковае ведамства з яго зьдзекуецца, і так раззлаваўся, што павесіў мэдаль у сарціры. А сарцір у яго быў у сенцах, агульных з адным служачым у паліцыі; той данёс на яго і прышлося потым старому адказваць за дзяржаўнае злачынства.