Выбрать главу

— Адгэтуль вынікае, — сказаў вольнапісаны, — што слава выедзенага яйца ня варта. Нядаўна ў Вене выдалі «Спадарожнік вольнапісанага», і там былі зьмешчаны наступныя захапляючыя вершы:

За караля, за родную краіну У бойцы добрахвотнік паў, Усім ён іншым прыклад даў, Дачасна лёгшы ў дамавіну. I на гармаце труп героя Вязуць у стужках і вянкох, І генэральскаю рукою Прыколат ордэн на грудзёх.

— З прычыны таго, што за апошні час заўважаецца, што баявы дух у нашай арміі зьніжаецца, — сказаў пасьля невялікага перапынку вольнапісаны, — я прапаную сьпець пра каноніра Ябурку. Гэта падымае дух. Але прыдзецца паднапяцца, a то сярод ночы ў казармах могуць не пачуць. Таму прапаную падыксьці да дзьвярэй.

І праз хвіліну з памяшканьня арыштаваных пачуўся такі роў, што ў калідоры задрыжалі шыбы:

Гармату набіваў Ой ладо, гэй люлі! I песьню ён сьпяваў. Ой ладо, гэй люлі! Знарадам тут яму Ой ладо, гэй люлі! Сарвала галаву Ой ладо, гэй люлі! А ён ўсё набіваў Ой ладо, гэй люлі! I песьню ўсё сьпяваў Ой ладо, гэй люлі!

На дварэ пачуліся крокі і галасы.

— Гэта профос, — сказаў вольнапісаны. — А з ім падпаручнік Пэлікан, ён сягоньня дзяжурны. Я з ім знаёмы, ён афіцэр запасу, а раней быў статыстыкам у адным страхавым таварыстве. Вось у каго дастанем пакурыць. А ну, прыўдарым яшчэ раз.

I Швэйк з вольнапісаным грымнулі зноў:

Гармату набіваў…

Адчыніліся дзьверы, і профос, відавочна падагрэты прысутнасьцю дзяжурнага афіцэра, задзёрыста крыкнуў:

— Тут вам не зьвярынец!

— Пардон, — адказаў вольнапісаны, — тут аддзяленьне Рудольфінума[38]. Концэрт на карысьць засуджаных. Толькі што быў скончаны першы нумар програмы: «Сымфонія вайны».

— Ня дурэцеся, — сказаў падпаручнік Пэлікан з наўмыснай строгасьцю. — Спадзяюся, вы павінны ведаць, што ў дзесяць гадзін вам належыць ляжаць, а не рабіць гармідар. Ваш концэртны нумар на пляцы чуваць.

— Асьмелюся далажыць, пан падпаручнік, — сказаў вольнапісаны, — мы не падрыхтаваліся, як належыць, і таму, можа, выходзіць некаторая дысгармонія.

— Гэта ён робіць кожны вечар, — стараўся падбухторыць падпаручніка супроць свайго ворага профос. — І наогул трымае сябе вельмі неінтэлігентна.

— Пан падпаручнік, — сказаў вольнапісаны, — дазвольце перагаварыць з вамі адзін на адзін. Няхай профос пачакае за дзьвярыма.

Калі профос вышаў, вольнапісаны сказаў:

— Ну, гані сюды папяросы, Франта[39]… «Спорт»… А лепшага ў цябе не знашлося паводле твайго чыну. Добра, і за гэта дзякуй. Так. I запалкі.

— «Спорт», — сказаў ён зьняважліва, калі падпаручнік вышаў, — і пры нястачы чалавек не павінен апускацца. Курэце, таварыш. Заўтра нас чакае страшны суд.

Перад сном вольнапісаны не забыўся сьпець «Горы, даліны і скалы высокія» і апрача таго, «Шкада, не вярнуць нам былога».

Расказваючы Швэйку пра палкоўніка Шрэдэра, як пра ката, вольнапісаны рабіў памылку, бо палкоўнік Шрэдэр ня быў пазбаўлены пачуцьця справядлівасьці, што выразьней за ўсё выявілася, калі палкоўнік заставаўся здаволены вечарам, праведзеным у кампаніі афіцэраў у адным з рэсторанаў. Але калі здаволеным не заставаўся…

Пакуль вольнапісаны займаўся руйнуючай крытыкай палкавых спраў, палкоўнік Шрэдэр сядзеў у рэсторане, у кампаніі з афіцэрамі, і слухаў, як паручнік Крэчман, які вярнуўся з Сэрбіі паранены ў нагу (яго ўбарола карова), расказваў пра бойку, у якой ён трымаў удзел (ён наглядаў з штабу, да якога быў прыкамандыраваны, за атакай на сэрбскія позыцыі).

— Але вось выскачылі з акопаў… Бягуць, пералазяць цераз драцяныя загароды і кідаюцца на ворага… Ручныя гранаты за поясам, усе ў супроцьгазавых масках, вінтоўка на перавес, гатовая да стральбы і да штыхавога ўдару. Кулі сьвішчуць. Вось падае адзін у той момант, калі вылазяць з акопаў, другі падае па бліндажы, трэці падае, прабегшы некалькі крокаў, але навала коціцца далей, з грымотным «ура», наперад, у хмары дыму і пылу. Няпрыяцель страляе з усіх бакоў, з акопаў, з ямаў ад знарадаў і палівае нас волавам з кулямётаў. To тут, то там падаюць салдаты. Наш разьдзел прабуе захапіць няпрыяцельскую скорастрэльную гармату. Шмат хто падае, але таварышы ўжо каля мэты. Ура!.. Афіцэр падае… Вінтовачная стральба змоўкла, рыхтуецца нешта жахлівае… Цэлы разьдзел нашых валіцца раптам… Няпрыяцельскія кулямёты: «тра-та-та-тра-та-та!» Падае… Даруйце, я далей не магу, я п‘яны…

вернуться

38

Былы палац імпэратара Рудольфа, у залях даваліся дабрачыннныя концэрты. Цяпер будынак парляманту.

вернуться

39

Памяншальнае імя ад Францішак.