Ранены ў нагу паручнік змоўк і з тупым выглядам застаўся сядзець у крэсьле. Палкоўнік Шрэдэр з дабратлівай усьмешкай стаў слухаць, як капітан Сьпіро, грукаючы кулаком па стале, як быццам з кім сварачыся, плявузгаў усялякае глупства:
— Зразумейце раз на заўсёды: у нас пад сьцягамі аўстрыйскія гвардзейскія ўланы, аўстрыйскія апалчэнцы, босьнійскія егеры, аўстрыйскія егеры, аўстрыйская армейская пяхота, вэнгерская пяхота, цірольскія стралкі яго вялікасьці, босьнійская пяхота, цірольскія пешыя гонвэды, вэнгерскія гусары, гвардзейскія гусары, конныя егеры, драгуны, армейскія ўланы, артылерыя, абоз, сапёры, санітары, флёт. Разумееце? А ў Бэльгіі? Першы і другі набор складаюць опэрацыйную частку арміі, трэці набор абслугоўвае патрэбы тылу… — Капітан Сьпіро стукнуў кулаком па стале. — Гвардыя нясе службу ў мірны час унутры краіны.
Адзін з маладых гучна, каб палкоўнік пачуў і пераканаўся ў моцнасьці яго ваяцкага духу, дзеўб свайму суседу:
— Сухотных я пасылаў-бы на фронт, ім ад гэтага шкоды ня будзе; дый, апрача таго, лепш няхай паб‘юць хворых, як здаровых.
Палкоўнік усьміхнуўся. Але раптам ён насупіўся і, зьвяртаючыся да капітана Вэнцэля, сказаў:
— Дзіўлюся, чаму паручнік Лукаш ухіляецца нашай кампаніі. З таго часу, як ён прыехаў, ён ні разу ня быў сярод нас. — Вершы піша, — насьмешліва адгукнуўся капітан Сагнэр. — He пасьпеў прыехаць, як ужо закахаўся ў жонку інжынэра Шрэйтэра, убачыўшы яе ў тэатры.
Палкоўнік нездаволена глянуў на Сагнэра.
— Кажуць, ён добра сьпявае куплеты.
— Яшчэ ў кадэцкім корпусе ўсіх нас куплетамі сьмяшыў, адказаў капітан Сагнэр. — І анэкдотаў у яго пропасьць. Ня ведаю, чаму ён сюды ня ходзіць.
Палкоўнік з жалем пакруціў галавою.
— Няма цяпер сярод афіцэраў таго пачуцьця таварыскасьці, якое было ў наш час. Бывала, кожны з нас, афіцэраў, стараўся чым-небудзь падвесяліць другіх, калі мы зьбіраліся. Паручнікі Данкэль (быў такі), дык той, бывала, разьдзенецца да голага, ляжа на падлогу, уваткне сабе ў задніцу селядца і разыгрывае марскую царэўну. Другі, падпаручнік Шлейснэр, умеў шавяліць вушамі, іржаць як жарабец, пераймаць яўканьні кошкі і гудзеньне чмяля. Памятаю яшчэ капітана Скодай. Той заўсёды, калі мы толькі хацелі, прыводзіў з сабою трох дзяўчат-сясьцёр. Яны ў яго былі, як дрэсіраваныя. Паставіць іх на стол, а яны пачынаюць у тахт разьдзявацца. А ў яго была дырыжорская палачка, ён, значыць, імі і дырыжуе; выдатны быў дырыжэр! Чаго толькі ён з імі на канапе не вырабляў! А раз загадаў паставіць пасярод пакою ванну з цёплаю вадою, і мы адзін за другім павінны былі з гэтымі трыма дзяўчаткам купацца, а ён нас фотографаваў.
Палкоўнік Шрэдэр пры адных гэтых успамінах шчасьліва ўсьміхнуўся.
— А як у заклад мы ішлі ў гэтай ваньне!.. — гаварыў далей палкоўнік, гнюсна цмокаючы і пацепаючыся ў крэсьле. — А цяпер? Хіба гэта разгарненьне? Куплетыст — і той не зьяўляецца. Нават піць малодшыя афіцэры ня ўмеюць. Дванаццаці гадзін яшчэ няма, а за сталом ужо, як бачыце, пяць п‘яных. Некалі мы па двое сутак сядзелі і чым больш пілі, тым цьверазейшымі рабіліся. А лілі ў сябе без перапынку піва, віно, лікёры… Няма цяпер таго баявога духу. Чорт яго ведае, што тут за прычына такая! Ніводнага дасьціпнага слова, усё нейкія бясконцыя апавяданьні. Паслухайце толькі, што на тым канцы гавораць.
На другім канцы стала вялася сур‘ёзная размова:
— Амэрыка ў вайну ўмяшацца ня можа. Амэрыканцы з ангельцамі грызуцца. Амэрыка да вайны не падрыхтавана.
Палкоўнік Шрэдэр уздыхнуў.
— Вось яна, балбатня афіцэраў запасу. Нячыстая сіла іх сюды прынесла. Учора яшчэ сядзеў гэтакі пан — страчыў у якім-небудзь банку, ці служыў у крамцы, завяртаў тавар у паперу і гандляваў карэньнямі, карыцаю і гуталінам ці вучыў дзяцей у школе, што воўка з лесу гоніць голад, а цяпер хоча быць роўным кадравым афіцэрам, ува ўсім лезе разьбірацца і ўсюды суне свой нoc. А кадравыя афіцэры, як, напрыклад, паручнік Лукаш, тыя ня зробяць ласкі сярод нас паказацца.
Палкоўнік пашоў дадому ў вельмі дрэнным настроі. Назаўтра рана настрой яго яшчэ пагоршыўся, калі ён, лежачы яшчэ ў пасьцелі, прачытаў у газэтах паведамленьне, што наша войска адышло на загадзя падрыхтаваныя позыцыі. Пачаўся якраз слаўны ддя аўстрыйскай арміі пэрыод, як дзьве каплі вады падобны на пэрыод Шабаца.