Выбрать главу

Такім чынам к дзесяці гадзінам раніцы палкоўнік быў зусім падрыхтаваны да выконваньня функцыі, якую вольнапісаны назваў страшным судом.

Швэйк і вольнапісаны стаялі на дварэ і чакалі палкоўніка. Усе былі ў поўным зборы: фэльдфэбэль, дзяжурны афіцэр. ад‘ютант палка і пісар з канцылярыі палка са справамі тых, што правініліся і чакалі мяча Нэмэзыды — яўкі. Нарэшце разам з начальнікам каманды вольнапісаных, капітанам Сагнэрам, паказаўся насуплены палкоўнік. Ён нэрвова хвастаў стусінаю па халявах сваіх ботаў.

Прыняўшы рапарт, палкоўнік сярод магільнай маўклівасьці прайшоў некалькі разоў каля Швэйка і вольнапісанага, якія рабілі «раўненьне направа» і «раўненьне налева», гледзячы па тым, на якім флангу знаходзіўся палкоўнік. Ён хадзіў так доўга, што можна было зьвярнуць сабе карак, і нарэшце спыніўся перад вольнапісаным.

Той адрапартаваў: «вольнапісаны такі вось…»

— Ведаю, — суха сказаў палкоўнік, — былы вольнапісаны… Кім вы былі да вайны? Студэнтам філёзофіі? Ага, значыць, сьпіўшыся інтэлігент… Пан капітан, — сказаў ён Сагнэру, прывядзеце сюды ўсю каманду вольнапісаных… Так, казаў далей палкоўнік, — і з такімі вось панамі студэнтамі-філёзофамі прыходзіцца нашаму брату марацца. А ну! Кру-гом! Так і ведаў. Складкі на шынялі не разгладжаны. Як быццам толькі што з дзеўкаю ў бардэле качаўся. Пачакайце, саколік, я вам пакажу!

Каманда вольнапісаных вышла на двор. Палкоўнік скамандаваў выстраіцца замкнутьзм чатырохкутнікам, і каманда абступіла яго і тых, што правініліся, цесным квадратам.

— Паглядзеце на гэтага чалавека, — пачаў сваю прамову палкоўнік, паказваючы на вольнапісанага. — Ён прапіў, замараў ваш гонар, гонар вольнапісаных, якія рыхтуюцца стапь афіцэрамі, камандзірамі, якія вядуць свае каманды ў бой насустрач славе і небясьпецы. А куды павёў-бы сваю каманду гэты п‘яніца? У шынок? Ён выхлебтаў-бы ўвесь салдацкі ром сам… Што вы можаце сказаць у сваё апраўданьне? — зьвярнуўся ён да вольнапісанага. — Нічога? Палюбуйцеся з яго! Ён ня можа сказаць у сваё апраўданьне ні слова. А яшчэ вывучаў клясычную філёзофію! Вось ужо сапраўды клясычны тып! — Палкоўнік сказаў апошнія словы знарок павольна і сплюнуў: — філёзоф, які ў п‘яным выглядзе сярод ночы зьбівае шапку з галавы афіцэра! Добра яшчэ, што гэта быў толькі нейкі артылярыйскі афіцэр.

У тоне, якім гэта было сказана, была сабрана ўся зьнявага і варожасьць 91-га палка да будэйовіцкай артылерыі. Варожасьць была глыбокая і заўсёдная, як-бы вэндэтта[40], крывавая помста, якая перадавалася ў спадчыну ад аднаго выпуска да другога. Гора таму артылярысту, які нападаўся ўночы ў рукі патруля пехацінца, і наадварот. Часта трапляліся выпадкі, што пехацінцы сьпіхалі артылярыстаў у Влатву, як і выпадкі адваротныя. Паміж абедзьвюма вайсковымі часьцямі часта адбываліся бойкі ў «Порт-Артуры», «У Розы» і ў шматлікіх іншых вясёлых установах паўднёва-чэскай сталіцы.

— Але ня гледзячы на гэта, — гаварыў далей палкоўнік, — за такі ўчынак ён павінен быць пакараны, каб ня квапілі другія, выключаны з каманды вольнапісаных, зьнішчаны ў моральным сэнсе слова. Такіх інтэлігентаў арміі не патрэбна, Пісар!

Пісар падышоў са строгім выглядам, трымаючы нарыхтованую справу і аловак.

Запанавала цішыня, як у зале суду, калі судзяць забойцу і старшыня скажа: «Абвяшчаецца прысуд…»

Якраз такім тонам палкоўнік сказаў:

— Вольнапісаны Марэк засуджваецца на дваццаць дзён строгага арышту і, калі адбудзе яго, пералічаецца на кухню, чысьціць бульбу!

І, павярнуўшыся да каманды вольнапісаных, палкоўнік скамандваў разамкнуць рады. Каманда хутка разьбілася на аддзяленьні і рушыла да казармаў. Палкоўнік зрабіў капітану Сагнэру заўвагу, што каманда ня досыць выразна адбівае крок, і сказаў, каб па абедзе ён з імі заняўся маршыроўкай.

— Ды вось яшчэ што, чуць быў не забыўся, — дадаў палкоўнік. — Абвясьцеце ім, што ўся каманда вольнапісаных па чарзе будзе пасаджана на пяць дзён у карцар, каб не забыліся пра свайго былога сябра, гэтага нягодніка Марэка.

А нягоднік Марэк стаяў каля Швэйка з надзвычайна здаволеным выглядам. Ляпей для сябе ён бы і прыдумаць ня мог. Куды лепш чысьціць бульбу, качаць кнэдлікі і сеч мяса, як пад навалай няпрыяцельскага агню, наклаўшы поўныя порткі, крычаць: «Адступаць ланцугом! Пальба пачкамі!»

Адышоўшы ад капітана Сагнэра, палкоўнік Шнэдэр спыніўся перад Швэйкам і пільна паглядзеў на яго. У гэты момант выгляд Швэйка найбольш характарызавала яго круглае ўсьмешлівае аблічча з вялікімі вушамі, якія тарчалі з-пад насуненай шапкі. Агульны выгляд сьведчыў пра поўны спакой і пра тое, што за ім ня было ніякай віны. У вачох яго было маўклівае запытаньне: «Начвэрыў я чаго-небудзь? Можа, я ў чым-небудзь вінаваты?»

вернуться

40

Vendetta. Так называўся на востраве Корсыцы звычай крывавай помсты. На працягу доўгага часу вэндэтта была няшчасьцем для корсыканскага насельніцтва.