Палкоўнік падвёў вынікі сваім нагляданьням у запытаньні да пісара:
— Ідыёт?
І ўбачыў, як разяўляецца шырокі, дабратліва-ўсьмешлівы рот Швэйка.
— Так точна, пан палкоўнік, ідыёт, — адказаў за пісара Швэйк.
Палкоўнік кіўнуў галавою ад‘ютанту і адышоўся разам з ім у бок. Потым быў пазваны пісар і прагледжаны матэрыял пра Швэйка.
— Ага, — сказаў палкоўнік Шрэдэр, — гэта, значыць, дзяншчык паручніка Лукаша, які прапаў ў яго ў Табары, мяркуючы па рапарце. Па-мойму, паны афіцэры павінны самі выхоўваць сваіх дзяншчыкоў. Ужо калі пан паручнік Лукаш выбіраў сабе ў дзяншчыкі такога ідыёта, няхай сам з ім і валаводзіцца. Часу вольнага ў яго досыць, раз ён нікуды ня ходзіць. Вы ж таксама ніразу ня бачылі яго ў нашай кампаніі? Ну, вось бачыце. Значыць часу ў яго аж занадта. Можа, калі-небудзь і выб‘е з свайго дзяншчыка што-небудзь людзкае.
Палкоўнік Шрэдэр падышоў да Швэйка і сказаў:
— На тры дні пад арышт, асталопіна! Калі адбудзеш кару, зьявішся да паручніка Лукаша.
Такім чынам Швэйк сустрэўся зноў з вольнапісаным у тым самым памяшканьні; для паручніка-ж Лукаша было мусіць вялікае задаваленьне, калі палкоўнік выклікаў яго да сябе і сказаў:
— Пан паручнік, прыблізна з тыдзень таму назад прыбыўшы ў полк, вы падалі мне рапарт, каб даць вам дзяншчыка пад ваш загад, з прычыны таго, што ваш ранейшы дзяншчык прапаў у дарозе. Але з прычыны таго, што дзяншчык ваш вярнуўся…
— Пан палкоўнік… — з просьбаю падаўся да яго паручнік
— … я загадаў пасадзіць яго на тры дні, пасьля чаго пашлю яго да вас, — цьвёрда сказаў палкоўнік.
Узрушаны Лукаш, хістаючыся, вышаў з габінэту палкоўніка.
Тры дні, якія Швэйк прабыў разам з вольнапісаным Марэкам, прайшлі няпрыкметна. Кожны вечар яны організоўвалі патрыотычныя выступленьні. «Спачатку з цямніцы чулася Сьцеражы нам, божа, гасудара»[41] потым: «Прынц Эўгені храбры лыцар»[42]. Потым ішоў цэлы шэраг салдацкіх песень: а калі прыходзіў профос, яго сустракалі кантатай:
Над нарамі вольнапісаны намаляваў профоса і пад ім напісаў тэкст старажытнай песенкі:
Пакуль абодва дражнілі профоса, як дражняць у Сэвільлі чырвоным плашчом андалузкага быка, паручнік Лукаш з нудлівым пачуцьцём чакаў, калі да яго зьявіцца Швэйк і даложыць, што ён заступіў на пасаду.
Разьдзел III
Прыгоды швэйка ў Кіраль-Хідзе
91-ы полк пераводзілі ў горад Мост на Літаве — у Кіраль-Хіду[43].
Швэйк прасядзеў пад арыштам тры дні. За тры гадзіны да таго моманту, калі ён павінен быў выйсьці на волю, яго разам з вольнапісаным завялі на гаўптвахту, а адтуль пад канвоем накіравалі на вакзал.
— Даўно было ясна, што нас перавядуць у Вэнгрыю, — сказаў Швэйку вольнапісаны па дарозе. — Там будуць формавацца маршавыя батальёны, а нашы салдаты тым часам налаўчацца страляць і паб‘юцца з мадзьярамі, пасьля чаго мы з песьнямі паедзем на Карпаты. У Будэйовіцах-жа разьмесьцяць мадзьярскі гарнізон, і пачнецца мешаніна плямён. Існуе такая тэорыя, што згвалчаньне дзяўчат іншай нацыянальнасьці — лепшы сродак супроць выраджэньня. У часы трыццацігадовай вайны гэта рабілі швэды і гішпанцы, пры Наполеоне французы, а цяпер тое-ж самае будуць рабіць мадзьяры ў Будэйовіцкім краі. Але, вядома, гэта ня будзе мець характару грубага згвалчаньня. Усё выйдзе само сабою. Адбудзецца просты абмен: чэскі салдат будзе спаць з вэнгерскай дзяўчынай, а бедная чэская дзяўчына прыме да сябе вэнгерскаса гонвэда. Глядзіш, праз некалькі стагодзьдзяў паўстане цікавае для антрополёгаў пытаньне: якім чынам у народа, што жыве на берагох Мальшы, зьявіліся пукатыя скулавыя косьці?
— Цікавая рэч — перакрыжаванае спаркаваньне, — заўважыў Швэйк. — Жыве ў Празе кэльнэр-нэгр, Хрысьціян. Бацька яго быў абісінскім каралём; у Празе, на Штваніцы[44], у цырку, яго паказвалі. У гэтага караля закахалася адна настаўніца, якая пісала ў часопісі «Лада» вершыкі пра пастушкоў і раўчукі. Настаўніца пашла з ім у мэбляваныя пакоі і «аддалася распусьце», як гаворыцца ў сьвятым пісаньні. I як жа яна зьдзівілася, калі ў яе потым нарадзіўся зусім белы хлопчык! Аднак не прайшло і двух тыдняў пасьля нараджэньня, як хлопчык пачаў рабіцца шэрым. Шарэў, шарэў, а праз месяц пачаў чарнэць. Праз паўгода быў хлапчук чорны, як бацька — абісінскі кароль. Маці пашла з ім у клініку па скураных хваробах прасіць, ці нельга як-небудзь з яго фарбу вывесьці, але ёй сказалі, што ў хлапчука сапраўдная арапская скура і што тут нічога ня зробіш. Ад гэтага ўсяго настаўніца звар‘яцела і пачала пасылаць ва ўсе часопісі, у аддзел «Парады чытачом» запытаньні, які спосаб ёсьць супроць арапаў. Яе завезьлі да Картэжніка[45], а хлопчыка аддалі ў сірочы дом. Вось была з ім пацеха, пакуль ён выхоўваўся. Потым ён вучыўся за кэльнэра і выступаў з танцамі ў начных кафэ. Цяпер ад яго з посьпехам нараджаюцца чэхі-мулаты, але ўжо не такія чорныя, як ён сам. Аднак, як тлумачыў нам фэльчар у шынку «У Келіха», справа з афарбоўкай зусім не такая простая: хоць далейшыя пакаленьні мулатаў ужо не адрозьніваюцца ад белых зусім, але праз некалькі пакаленьняў можа раптам зьявіцца нэгр. Уявеце сабе такі скандал: вы, напрыклад, жэніцеся з якой-небудзь паненкай. Белая, сучая дачка, абсолютна, і ў адзін прыгожы дезнь, наце! нараджае вам нэгра. А калі за дзевяць месяцаў перад гэтым яна была разок бяз вас у вар‘етэ і глядзела францускую барацьбу з удзелам нэгра то ясна, што такая акалічнасьць вас трохі зьбянтэжыць.