— Гэтага яшчэ не хапала, — глыбокадумна заўважыў капрал. — I бяз гэтага ваеннымі вынаходніцтвамі хоць грэблю гаці. Возьмем, напрыклад, маскі для атручваньня газам. Нацягнеш яе сабе на голаву і ў момант атручаны, як нас у вучэбнай камандзе вучылі.
— Гэта толькі так пужаюць, — адгукнуўся Швэйк. — Салдат нічога не павінен баяцца. Калі, напрыклад, у баі ўваліўся ў сарцірную яму, абліжыся і валі сабе далей. А атрутныя газы для нашага брата справа прывычная яшчэ з казармаў пасьля салдацкага хлеба і гароху. Але вось, кажуць, рускія вынайшлі якуюсьці штуку спэцыяльна супроць унтэр-афіцэраў.
— Якіясьці там электрычныя токі, — дадаў вольнапісаны — Шляхам злучэньня з цэлюлёіднымі зорачкамі на каўняры ўнтэр-афіцэра адбываецца выбух. Штодзень, то новыя жахі.
Капрал да вайсковай службы быў… аслом і то нарэшце зразумеў, што з яго кпяць. Ён адышоўся ад арыштаваных і пашоў наперадзе канвою.
Яны набліжаліся да вакзалу, куды сышліся натоўпы будэйовічан, якія прыйшлі разьвітацца з сваім палком.
Ня гледзячы на тое, што разьвітваньне ня мела характару офіцыйнай дэмонстрацыі, увесь пляц перад вакзалам быў поўны народу, які чакаў прыходу войска.
Уся ўвага Швэйка згуртавалася на натоўпе гледачоў, што стаялі шпалерамі. Як заўсёды бывае, узорныя салдацікі ішлі далёка ззаду, а абкружаныя канвоем злачынцы ўперадзе. Узорнымі салдацікамі напакуюць цялячыя вагоны, а Швэйка ці вольнапісанага пасадзяць у арыштанскі вагон, прычэплены ў воінскіх паяздох ззаду за штабнымі вагонамі. Месца ў арыштанскім вагоне заўсёды аж занадта.
Швэйк ня мог утрымацца, каб, замахаўшы шапкаю, ня крыкнуць у катоўп:
— На здар![47]
Гэта зрабіла на натоўп такі моцны ўплыў, што прывітаньне было моцна падхоплена ўсім натоўпам.
— На здар! — пракацілася па ўсім пляцы і забушавала перад вакзалам.
Далёка ўперадзе па шэрагах прабегла:
— Ідуць!
Начальнік канвою, злосны і зьбянтэжаны, закрычаў на Швэйка, каб той трымаў язык за зубамі. Гул прывітаньняў рос, як лавіна. Жандары напіралі на натоўп і прабівалі дарогу канвою. Натоўп роў: «На здар!» і махалі шапкамі і капялюшамі.
Гэта была сапраўдная маніфэстацыя. З вакон гасьцініцы супроць вакзалу нейкія пані махалі хустачкамі і крычалі:
— Heil![48]
«Да крыкаў» «На здар!» прымешвалася «Heil». Якомусьці энтузіясту з натоўпу, які выкарыстаў гэты момант і крыкнуў:
— Nieder mit den Serben![49] — падставілі ножку i зьлёгку прайшлі па ім нагамі ў імпровізаванай цісканіне.
«Ідуць!» — усё далей і далей, як электрычны ток, перадавалася ў натоўпе.
Канвой з арыштаванымі набліжаўся. Швэйк махаў натоўпу рукой з-пад штыхоў канвойных. Вольнапісаны з сур‘ёзным тварам аддаваў чэсьць.
Яны ўзышлі на вакзал і прайшлі да пададзенага ўжо воінскага цягніка. Капэля стралковага палка чуць была ня грымнула ім насустрач: «Сьцеражы нам, божа, гасудара», бо капэльмэйстар быў зьбіты з панталыку нечаканай маніфэстацыяй. Але на шчасьце ў пору пасьпеў у сваім чорным кацялку обэр-фэльдкурат з 7-й кавалярыйскай дывізіі, патэр Лаціна, і стаў наводзіць парадак.
Патэр Лаціна, страх усіх афіцэрскіх сталовак, абжора і п‘яніца, прыехаў напярэдадні, ў Будэйовіцы і, як быццам выпадкова, трапіў на баль афіцэраў, што ад‘яжджалі з палком. Напіўшыся і наеўшыся за дзесяцерых, ён у больш-менш нецьвярозым выглядзе пашоў у афіцэрскую кухню прасіць У кухароў астачы. Там ён праглынуў цэлыя талеркі падліўкі і кнэдлікаў і паабгрызаў усе косьці. Дарваўшыся нарэшце ў сьпіжарні да рому, ён нахлябтаўся да ванітаў, а потым вярнуўся на разьвітальны вечарок, дзе ўсіх перапіў.
У гэтай справе ён меў багатую практыку, і афіцэрам 7-й кавалярыйскай дывізіі заўсёды прыходзілася за яго расплачвацца.
Назаўтра рана яму ўздумалася наглядаць за парадкам пры адпраўцы першых эшалёнаў палка. З гэтаю мэтаю ён насіўся сюды і туды ўздоўж шпалераў і праяўляў на вакзале такую кіпучую дзейнасьць, што афіцэры, якія кіравалі адпраўкаю эшалёнаў, замкнуліся ад яго ў канцылярыі начальніка станцыі.