— Я гэта сабе магу дазволіць, пан капрал, — адказаў Швэйк, — бо я ідыёт, але ад вас гэтага ніяк нельга было чакаць.
— Ці даўно вы на тэрміновай службе? — запытаўся як-бы між іншым капрал у вольнапісанага.
— Трэці год. Цяпер мне павінны даць годнасьць унтэр-афіцэра.
— На гэтай справе можаце паставіць крыжык, — цынічна сказаў вольнапісаны. — Як я ўжо сказаў, тут пахне разжалаваньнем.
— Урэшце ўсёроўна, — адгукнуўся Швэйк: — ці быць забітым у якасьці ўнтэр-афіцэра ці ў якасьці простага радавога. Праўда, разжалаваных, кажуць, пхаюць у самыя першыя рады.
Обэр-фэльдкурат заварушыўся.
— Пухне, — абвясьціў Швэйк, пераканаўшыся, што з обэр-фэльдкуратам ўсё ў парадку. — Яму, мусіць, жраньнё прысьнілася. Аднаго баюся, каб ён чаго-небудзь нам тут не нарабіў. Мой фэльдкурат Кац дык той, калі, бывала, нахлебчацца, дык у сьне зусім ня чуецца. Раз, уявеце…
І Швэйк пачаў расказваць пра здарэньні з свае практыкі ў фэльдкурата Отто Каца з такімі цікавымі падрабязнасьцямі, што ніхто не заўважыў, як цягнік крануўся.
Апавяданьне Швэйка было перапынена ровам, які даносіўся з задніх вагонаў. 12-я рота, якая складалася з адных крумлоўскіх і кашпэрскіх немцаў, гарлала песьні:
З другога вагону нехта адчайна пеў романс, зьвяртаючыся з сваімі крыкамі да пакінутых Будэйовіц:
Сьпевака адцягнулі ад адчыненых дзьверцаў цялячага вагону яго сябры.
— Дзіўна, што сюды ня прышлі з праверкаю, — сказаў капралу вольнапісаны. — Паводле інструкцыі вы павінны былі далажыць пра нас камэнданту цягніка яшчэ на вакзале, а не валаводзіцца з некім п‘яным обэр-фэльдкуратам.
Няшчасны капрал упарта маўчаў і глядзеў, як беглі назад тэлеграфныя слупы.
— Гэта-ж варта толькі падумаць, што нікому пра нас ня было даложана, — кпіў далей хітры вольнапісаны, — і што на першай-жа станцыі да нас, як піць даць, улезе камэндант цягніка, як ва мне ўздымаецца кроў, кроў салдата Нібы мы якія-небудзь…
— Цыганы, — падхапіў Швэйк, — ці валацугі. Робіцца ўражаньне, нібы мы баімся божага сьвету, нібы мы ня хочам заявіць пра свае існаваньне ад страху, што нас арыштуюць.
— Апрача таго, — сказаў вольнапісаны, — на падставе распараджэньня ад 21 лістапада 1879 году пры перавозцы арыштантаў па чыгунцы павінны захоўвацца наступныя правілы: па-першае, арыштанскі вагон павінен быць забясьпечан кратамі — гэта зусім ясна, і ў гэтым выпадку першае правіла захована: мы знаходзімся за бездакорна моцнымі кратамі. Гэта значыць у парадку. Па-другое, у дадатак да распараджэньня ад 21 лістапада 1879 году ў кожным арыштанскім вагоне павінна быць прыбіральня. Калі ж яе няма, то вагон павінен быць забясьпечан пасудзінаю з накрыўкаю для выкананьня вялікай і малой патрэбы арыштантаў і канвою. У даным выпадку пра арыштанскі вагон з прыбіральняю і гаварыць ня прыходзіцца: мы знаходзімся проста ў адгарожаным купэ, ізоляваным ад усяго сьвету. Таксама няма тут і гэтай самай пасудзіны…
— Рабеце ў вакно, — поўны адчаю сказаў капрал.
— Вы забываецеся, — сказаў Швэйк, — што арыштантам падходзіць да вакна забараняецца.
— Па-трэцяе, — казаў далей вольнапісаны, — у вагоне павінна быць пасудзіна з пітнаю вадою. Пра гэта вы таксама не паклапаціліся. Дарэчы, на якой станцыі будзе раздавацца абед? Ня ведаеце? Так я і ведаў, што вы пра гэта не інформаваны.
— Цяпер вам ясна, пан капрал, заўважыў Швэйк, — што вазіць арыштантаў, — гэта вам ня хахінькі. Пра нас трэба клапаціцца. Мы ня простыя салдаты, якім прыходзіцца клапаціцца самім пра сябе. Нам усё падай пад самы нос, на тое існуюць распараджэньні і параграфы, якія павінны выконвацца, іначай, які-ж бы быў парадак? «Арыштаваны чалавек, усёроўна як дзіця ў пялёнках, — як казаў адзін мой знаёмы граміла, — за ім трэба наглядаць, каб не прастудзіўся, каб не хваляваўся, быў здаволены сваім лёсам і каб ніхто небараку не пакрыўдзіў… Урэшце, — сказаў Швэйк, ветла гледзячы на капрала, калі будзе адзінаццаць гадзін, будзьце ласкавы мне гэта сказаць.
Капрал дапытліва паглядзеў на Швэйка.
— Вы, як відаць, хочаце мяне запытацца, нашто вам трэба мяне папярэдзіць, калі будзе адзінаццаць гадзін? Справа ў тым, пан капрал, што з адзінаццаці гадзін маё месца ў цялячым вагоне, — урачыста абвясьціў Швэйк. — Палкоўнік налажыў на мяне дысцыплінарнае спагнаяьне на тры дні. У адзінаццаць гадзін я пачаў адбываць кару і сягоньня ў адзінаццаць гадзін павінен быць вызвалены. Пасьля адзінаццаці гадзін мне тут рабіць няма чаго. Ніводзін салдат ня можа заставацца падарыш там даўжэй, як яму належыць» бо на вайсковай службе дысцыпліна і парадак — перш за ўсё, пан капрал.