Пасьля гэтага ўдару няшчасны капрал доўга ня мог апамятавацца. Нарэшце ён асьцярожна засупярэчыў, што не атрымаў ніякіх пісьмовых распараджэньняў.
— Даражэнькі пан капрал, — сказаў вольнапісаны, — пісьмовыя распараджэньні самі да начальніка канвою не прыбягаюць. Калі гара ня ідзе да Магомэта, то начальнік канвою павікен ісьці па распараджэньні сам. Вы ў гэты момант трапілі ў нязвычайную сытуацыю: вы ня маеце ніякага права затрымліваць каго-небудзь, каму належыць выйсьці на волю. З другога боку, ніхто ня мае права пакінуць, паводле інструкцыі, арыштанскі вагон. Па праўдзе сказаць, ня ведаю, як вы выберацеся з гэтага паскуднага становішча. Справа ваша — чым далей, тым горш. Зараз палова адзінаццатай.
Вольнапісаны схаваў гадзіньнік у кішэнь.
— Вельмі цікава, што вы будзеце рабіць праз паўгадзіны, пан капрал.
— Праз поўгадзіны мае месца ў цяплушцы, — марачы, паўтарыў Швэйк.
Прыгнечаны і зьбіты з панталыку капрал зьвярнуўся да яго.
— Калі гэта ня мае для вас ніякага значэньня… мне здаецца, што тут куды выгадней, як у цялячым вагоне. Я думаю…
Яго перапыніў обэр-фэльдкурат, крыкнуўшы спрасонку:
— Больш падліўкі!
— Сьпі, сьці, — ласкава сказаў Швэйк, — падкладваючы яму пад голаву канец шыняля, які зваліўся з лаўкі. — Няхай табе і далей сьніцца жраньнё.
Вольнапісаны сьпеў:
Няшчасны капрал ужо ні на што не рэагаваў. Ён тупа глядзеў у вакно і даў поўную волю дэзорганізацыі ў арыштанскім купэ. Канвойныя гулялі каля перагародкі ў «мяса» і кожны па чарзе падстаўляў свой азадак пад добрасумленныя і важкія пляскачы рэшты салдат. Калі капрал павярнуўся — проста на яго задзёрыста ўтаропілася салдацкая задніца. Капрал уздыхнуў і адвярнуўся зноў да вакна.
Вольнапісаны на хвіліну задумаўся і потым зьзярнуўся да прыгнечанага капрала:
— Ці чыталі вы калі-небудзь часопісь «Сьвет жывёлін»?
— А як-жа, — адказаў капрал, — відавочна здаволены, што гутарка набыла другі кірунак. — У нас у вёсцы шынкар сабе выпісваў. Вялікі быў аматар санскіх коз, а яны ў яго ўсё здыхалі, дык ён пісьмова пытаўся ў рэдакцыі парады.
— Дарагі сябар, — сказаў вольнапісаны, — гісторыя, якую я вам зараз раскажу, з усяею відавочнасьцю вам давядзе, што чалавеку ўласьціва памыляцца. Панове! Упэўнены, што вы перастанеце там гуляць у «мяса», бо тое, што я вам зараз раскажу, здасца вам вельмі цікавым, хоць-бы ўжо таму, што шмат якіх спэцыяльных тэрмінаў вы не зразумееце. Я раскажу вам аповесьць пра «Сьвет жывёлін», што паможа вам забыцца пра сягодняшнія няпрыемнасьці і цяжкасьці вайны.
Якім чынам я ў свой час зрабіўся рэдактарам «Сьвета жывёлін», гэтай вельмі цікавай часопісі, — гэта доўгі час было не разьвязанай загадкай для мяне самога. Потым я прышоў да пераконаньня, што мог пусьціцца на такую штуку толькі не ў сваім розуме. Так далёка завялі мяне сяброўскія пачуцьці да аднаго майго даўнейшага сябра — Гаека. Гаек рэдагаваў добрасумленна гэту часопісь, пакуль не закахаўся ў дачку выдаўца яе Фукса. Фукс прагнаў Гаека як бач са службы і загадаў яму знайсьці для часопісі якога-небудзь добрага рэдактара.
Як бачыце, тагды былі досыць дзіўныя ўмовы найманьня і звальненьня.
Калі мой сябар Гаек прывеў мяне да выдаўца, той вельмі ветліва мяне прыняў, і запытаўся, ці маю я якое-небудзь уяўленьне пра жывёлін. Маім адказам ён застаўся вельмі задаволеным. Я выказаўся ў тым сэнсе, што заўсёды вельмі паважаў жывёлін і бачыў у іх толькі ступень пераходу да чалавека і што, з пункту погляду аховы жывёлін, я асабліва прыслухоўваўся да іх патрэб і імкненьняў. Кожная жывёліна імкнецца толькі да аднаго: каб быць бяз болю зарэзанай перад тым, як яе зьядуць. Напрыклад, Карп ад самага свайго нараджэньня захоўвае ўкаранелую думку, што вельмі няпрыгожа з боку кухаркі, калі яна распорвае яму пуза жывому. З другога боку, возьмем звычак адсякаць пеўням галовы. Таварыства аховы жывёлін змагаецца, як толькі можа, за тое, каб птушку ня рэзалі неспрактыкаванай рукой. Скурчаныя постаці смажаных яльцаў як найлепш сьведчаць пра тое, што, уміраючы, яны протэстуюць супроць таго, каб іх скажылі на маргарыне. Што да індыкаў.
Тут выдавец мяне перапыніў і запытаўся, ці знаёмы я з гадаваньнем сабак, трусагадоўляй, птушкагадоўляй, пчэльніцтвам, наогул жыцьцём жывёлін ва ўсёй яго рознастайнасьці, ці здолею я вырэзваць з іншых часопісяй малюнкі для зьмяшчэньня ў нашай часопісі, перакладаць з чужаземных часопісяй спэцыяльныя артыкулы пра жывёлін, ці ўмею я карыстацца Брэмам і ці здолею я пісаць перадавіцы з жыцьця жывёлін, прыстасоўваючыся да каталіцкага календара, да перамен надвор‘я, да скачкаў, да дрэсіроўкі паліцэйскіх сабак, нацыянальных і царкоўных сьвят, карацей, ці ўладаю я часопісным кругаглядам і здольнасьцю абмалёўваць момант у кароткай, але зьмястоўнай перадавіцы.