Выбрать главу

Я сказаў, што плян правільнага вядзеньня такой часопісі, як «Сьвет жывёлін», я ўжо даўно абдумаў і распрацаваў і што ўсе намечаныя разьдзелы і рубрыкі я змагу ўзяць на сябе, уладаю ўсімі патрэбнымі дадзенымі і ведамі ў названых галінах. Маім імкненьнем будзе ўзьняць часопісь на нябывалую вышыню, рэорганізаваўшы яе як у сэнсе формы, так і зьместу. Далей я сказаў, што маю намер увесьці новыя рубрыкі, напрыклад: «Старонка жывёльнага гумару», «Жывёліны пра жывёлін» (прыстасоўваючыся, вядома, да політычнага моманту), і падносіць чытачом сюрпрыз за сюрпрызам з галіны навінак і рэдкасьцяй з жывельнага царства. Рубрыка «Зьвярыная хроніка» будзе чаргавацца з новымі вырашэньнямі проблемы свойскіх жывёлін і «Рухам сярод жывёлін».

— Выдавец перапыніў мяне і сказаў, што гэтага зусім даволі, і што калі мне ўдасца выканаць хоць палову гэтага, ён мне падорыць парачку карлікавых віандотак[52], якія атрымалі першы прыз на апошняй бэрлінскай выстаўцы свойскай птушкі і гаспадар якіх быў нагароджан залатым мэдалём за дасканалае спаркаваньне.

Магу сказаць, стараўся я паводле сваіх сіл і магчымасьці і сваю ўрадавую програму выканаў, наколькі хапала маіх здольнасьцяй; больш таго, я нават убачыў, што ў сваіх артыкулах перагнаў самога сябе:

У сваім імкненьні паднесьці чытачу што-небудзь новае і нечаканае я сам выдумляў жывёлін. Я грунтаваўся на тым прынцыпе, што, напрыклад, слон, тыгра, леў, малпа, крот, конь, сьвіньня і г. д. даўно ўжо кожнаму з чытачоў «Сьвета жывёлін» вядомы і што трэба разварушыць чытача чым-небудзь новым, якімі-небудзь вынаходніцтвамі. У выглядзе спробы я пусьціў «серкаватага кіта». Гэта новы від кіта быў велічынёю з траску і быў забясьпечан пухіром, поўным мураўінай кіслаты, і асаблівай пабудовы клоакай, з якой серкаваты кіт выпускае з выбухам асаблівую кіслату, якая дурнап‘яніла маленькую рыбку, якою харчаваўся кіт. Пасьля адзін ангельскі вучоны, не памятаю, якое я яму прыдумаў прозьвішчы, назваў гэту кіслату «кітавай кіслатой». Кітавы тлушч быў усім вядомы, але новая кітавая кіслата ўзьняла цікавасьць, і некалькі чытачоў запыталіся ў рэдакцыі, якой фірмай вырабляецца гэтая кіслата ў чыстым выглядзе.

Магу вас упэўніць, што чытачы «Сьвета жывёлін» наогул вельмі цікаўныя.

Усьлед за серкаватым кітом я вынайшоў цэлы шэраг іншых дзівосных зьвяроў. Назаву хоць-бы «благуна прайдзісьветнага» — сысуна з пароды кэнгуру, «быка спажыўнога» — прототып нашай каровы, і «сэпіовага наліўняка», якога я залічыў да сям‘і пацукоў. З кожным днём у мяне прыбаўляліся ўсё новыя і новыя жывёліны. Я сам быў зьдзіўлен сваімі посьпехамі ў гэтай галіне. Мне ніколі раней і ў голаву ня прыходзіла, што паўстане патрэба значна дапоўніць фаўну. Ніколі-б ня думаўі што ў Брэма ў яго «Жыцьці жывёлін» магло быць гэтулькі прапушчана. Ці ведаў Брэм і яго пасьлядоўцы пра майго кажана з вострава Ісляндыі, пра так званага «кажана заморскага», ці пра маю хатнюю кошку з верхавіны гары Кіліманджаро пад назвай «пачуха раздражненая»? Хіба хто-небудзь з зоолёгаў меў да таго часу хоць якое-небудзь уяўленьне пра «блыху інжынэра Куна», якую я знашоў у бурштыне і якая была зусім сьляпая, бо жыла на дагістарычным краце, які таксама быў сьляпы, бо яго прабабка спарвалася, як я пісаў у артыкуле, са сьляпым «пячорным мацаратам» з пастоенскай пячоры, якая ў тую эпоху пашыралася да самага цяперашняга Балтыцкага мора.

З гэтай, нязначнай па-сутнасьці, прычыны ўзьнікла буйная полеміка паміж газэтамі «Час»[53] і «Чэх»[54]. «Чэх», цытуючы ў фэльетоне мой атрыкул пра вынайдзеную блыху, зрабіў вынік: «Што бог ні робіць, усё к лепшаму». «Час», натуральна цалкам рэалістычна падышоў да пытаньня і разьбіў маю блыху па ўсіх пунктах, захапіўшы дарэчы і прападобнага «Чэха». З того часу, відавочна, мая шчасьлівая зорка вынаходніка, прыродазнаўцы, які знашоў цэлы шэраг новых стварэньняў, згасла. Падпісчыкі «Сьвета жывёлін» пачалі выказваць нездаваленьне. Прычынаю для нездаваленьня былі мае дробныя нататкі пра пчалярства і птушніцтва. У гэтых нататках я разьвіў некалькі новых сваіх уласных тэорый, якія літаральна выклікалі паніку ў навуковых жывёлагадоўчых колах, бо, пасьля некалькіх маіх вельмі простых парад чытачом, вядомага пчаляра Пазоўрэка разьбіў паралюш, а на Шумаве і ў Падкраканошшы[55] ўсё пчалярства заняпала. Свойская птушка выдахла — адным словам, усюды ўсё здыхала. Падпісчыкі прысылалі пагрозныя лісты. Падпіска на часопісь спынілася.

вернуться

52

Гатунак курэй.

вернуться

53

Соцыялістычная газэта.

вернуться

54

Клерыкальная газэта.

вернуться

55

Перадгор‘е Ісполінскіх гор.