Капрал з пераможным выглядам паглядзеў на вольнапісанага і гаварыў далей:
— Яму спаролі нашыўкі вольнапісанага якраз за яго інтэлігентнасьпь, і за тое, што ён пісаў у газэты пра зьдзекі, з салдат. Але як яго ня скубці: калі такі вучоны чалавек, а ня можа разабраць замок у вінтоўцы, хоць яму дзесяць разоў паказвай. А калі яму скажаш «раўненьне налева», ён верне сваю галаву, як назнарок, направа і глядзіць на цябе, як варона. Прыёмаў з вінтоўкай ня ведае, ня ведае, за што раней брацца: за рамень ці за патранташ. Вылупіць на цябе зрэнкі, як баран на новыя вароты, калі яму пакажаш, што рука павінна скаўзануцца па рамяні ўніз. Ня ведаў нават, на якім плячы носяць вінтоўку; чэсьць аддаваў як малпа. А павароты пры маршыроўцы, божа ты мой! Пры камандзе «кругом марш!» яму было ўсёроўна, з якой нагі ні рабіць: шлёп, шлёп, шлёп — ужо пасьля каманды пёр яшчэ крокаў шэсьць уперад, туп, туп туп… і толькі тагды паварочваўся, як певень на ражне, а крок трымаў, як падагрык, ці падскокваў, як старая дзеўка на фэсьце.
Капрал сплюнуў.
— Ён сабе знарок выбраў моцна заржавелую вінтоўку каб навучыцца чысьціць, цёр яе, як сабака суку, але каб нават купіў сабе на два кілё пакульля больш, усёроўна нічога ня мог-бы вычысьціць. Чым больш чысьціў, тым вінтоўка горш ржавела, а потым на аглядзе хадзіла вінтоўка ў афіцэраў па руках, і ўсе дзівіліся, як гэта можна давесьці вінтоўку да такога стану. Наш капітан заўсёды яму казаў, што салдата з яго ня будзе, што лепш за ўсё яму пайсьці павесіцца, каб ня жраў дарэмна салдацкага хлеба. А ён толькі з-пад акуляраў вачыма лыпаў. Дзень, калі ён не пападаў у нарад ці ў карцар, быў для яго вялікім сьвятам. У такія дні ён звычайна пісаў свае артыкульчыкі пра тое, як зьдзекуюцца з салдат, у газэты, пакуль не ператрэсьлі яго куфэрак. Ну і кніг у яго там было! Усё толькі пра разбраеньне ды пра мір паміж народамі. За гэта яго адправілі ў гарнізонную турму, і з таго часу мы ад яго пазбавіліся, пакуль ён зноў у нас не зьявіўся, але ўжо ў канцылярыю, дзе ён сядзеў і выпісваў пайкі; яго там пасадзілі, каб ня стыкаўся з камандай. Такі быў сумны канец гэтага інтэлігэнта. А мог-бы стаць пэрсонай, каб праз сваю дурнату ня быў разжалаваны. Мог-бы стаць падпаручнікам.
Капрал уздыхнуў.
— Ужо на што: складкі на шынялі ня ўмеў заправіць. Толькі і Еедаў, што выпісваў сабе з Прагі ўсялякія вадкасьці і мазі для чысткі гузікаў. I то яны ў яго былі іржавыя. Але языком мяньціць умеў, а калі стаў служыць у канцылярыі, дык толькі і рабіў, што пачынаў філёзофстваваць. Ён і раней быў на гэта сквапны. Адным словам — «чалавек», як я вам ужо казаў. Раз, калі ён пачаў разважаць перад лужынай, куды яму належала бухнуцца па камандзе «лажыся!» — я яму сказаў: «Калі пачынаюць разважаць пра чалавека ды пра гразь, мне, кажу, успамінаецца, што чалавек быў створаны з гразі, — і там яму і месца».
Выказаўшыся, капрал быў вельмі здаволены сабою і стаў ждаць, што скажа вольнапісаны на гэта. Аднак першым адгукнуўся Швэйк:
— За такія вось штукі, за прыдзіркі некалькі гадоў таму назад у 35-м палку нейкі Конічак закалоў капрала і сябе. У «Кур‘еры» гэта было. У капрала на целе было нешта з трыццаць колатых ран, з якіх больш за тузін было сьмяротных. А салдат пасьля гэтага сеў на няжывога капрала, і, седзячы на ім, закалоў і сябе. Другі выпадак быў некалькі гадоў таму назад у Далмацыі: там зарэзалі капрала, і да гэтага часуневядома, хто гэта зрабіў. Гэта засталося пахованым у змроку невядомасьці, і высьветлена было толькі тое, што прозьвішча зарэзанага капрала было Фіала, а сам ён быў з Драбоўны пад Турновам. Потым вядомы мне яшчэ адзін выпадак з капралам Рэйманэкам з 75-га палка…
He пазбаўленае прыемнасьці апавяданьне было перапынена моцным крахтаньнем на лаўцы, дзе спаў обэр-фэльдкурат Лаціна.
Патэр прачынаўся ва ўсёй прыгожасьці і прыстойнасьці. Калі ён прачынаўся, адбываліся такія самыя зьявы, як і тагды, калі прачынаўся малады вялікан Гарганцюа, якога апісаў стары вясёлы Рабле.
Обэр-фэльдкурат адрыгваў і пазяхаў на ўвесь вагон. Нарэшце ён сеў і зьдзіўлена запытаўся:
— Што за чорт, дзе гэта я?
Капрал лісьліва адказаў начальству, якое прадзірала вочы.