Фэльдкурат памаўчаў трохі і пачаў разьбіраць кухарскую проблему ў Старым і Новым завеце, зазначыўшы, што ў тыя часы зьвярталі асаблівую ўвагу на прыгатаваньне смачных страў для падмацаваньня пасьля набажэнства і царкоўных сьвят. Потым ён прапанаваў што-небудзь сьпець і Швэйк ахвотна, але як заўсёды не дарэчы, запеў:
Але фэльдкурат зусім не зазлаваў.
— Каб было пад рукою хоць трошкі рому, дык-бы і віна ня трэба было, — сказаў ён, ветла ўсьміхаючыся, — а што да Марыны, дык і без яе абыйдземся. З імі толькі грэх адзік.
Капрал палез у кішэнь шыняля і выцягнуў пляскатую пляшку з ромам.
— Асьмелюся прапанаваць, пан обэр-фэльдкурат, па голасе яго знаць было, якою цяжкою для яго была гэта ахвяра, ня гневайцеся.
— He загневаюся, саколік, — адказаў той і ў голасе яго прагучэлі радасныя ясныя ноткі. — П‘ю за наша счасьлівае падарожжа.
— Езус, Мар‘я! — уздыхнўў капрал, бачачы, як обэр-фэльдкурат зразу праглынуў палазіну таго, што было ў пляшцы.
— Ах вы, такі-сякі, — пагразіў яму обэр-фэльдкурат, усьміхаючыся і многазначна падміргваючы вольнапісанаму. Вы асьмельваецеся ўспамінаць імя пана бога дарэмна. За гэта ён вас павінен пакараць. — Патэр зноў глынуў з пляшкі і, перадаючы яе Швэйку, скамандаваў: — Скончыць!
— Нічога ня зробіш — дысцыпліна, — дабрадушна сказаў Швэйк капралу, аддаючы яму пустую пляшку. У вачох унтэра зьявіўся той асаблівы бляск, які можна наглядаць толькі ў вар‘ятаў.
— А цяпер я трошкі задрамлю да Вены, — сказаў обэр-фэльдкурат. — Пабудзеце мяне, як толькі прыедзем у Вену. А вы, зьвярнуўся ён да Швэйка, — схадзеце на кухню ў афіцэрскае сабраньне, вазьмеце там пасуду і прынясеце мне абед. Скажэце там, што для пана обэр-фэльдкурата Лаціны. Злаўчэцеся дастаць падвойную порцыю. Калі будуць кнэдлікі, то не бярэце з акрайчыка — нясходна. Потым прынясеце мне адтуль бутэльку віна і не забудзьцеся ўзяць з сабую кацялок: няхай туды нальлюць рому.
Патэр Лаціна пачаў шукаць у кішэнях.
— Слухайце, — сказаў ён капралу, — у мяне няма дробных, пазычце мне злот… дык вось вам. Як прозьвішча.
— Швэйк.
— Вось вам, Швэйк, гасьцінца. Капрал, пазычце мне яшчэ адзін злот. Гэта я вам дам, Швэйк, калі вы ўсё зробіце, як належыць. Апрача таго дастаньце мне там папярос і цыгар. Калі будуць выдаваць шоколад, то стральнеце падвойную порпыю, а калі консэрвы, дык, глядзеце, дастаньце вэнджаны язык ці гусіную пячонку. Калі будуць даваць швэйцарскі сыр, дык не бярэце з краю, а венгерскай кілбасы няхай вам адрэжуць з сярэдзіны сачнейшы кусок.
Обэр-фэльдкурат выцягнуўся на лаўцы і праз хвіліну заснуў.
— Спадзяюся, вы цалкам задаволены нашым знайдзёнкам, — сказаў вольнапісаны ўнтэр, калі обэр-фэльдкурат захроп. — Хлопец хоць куды.
— Адвучаны ад грудзей, як той казаў, — уставіў Швэйк, — ужо з бутэлечкі смокча, пан капрал…
Капрал хвіліну змагаўся сам з сабою, але раптам скінуў з сябе маску лісьлівасьці і суха сказаў:
— Мякка сьцеле…
— Дробных, кажа, у яго няма, — сказаў Швэйк. — Гэта мне нагадвае аднаго муляра з Дэйвіц[59], па прозьвішчы Млічка. У таго ніколі нябыло дробных, пакуль ня ўлез у гісторыю і не папаў у турму за машэнства. Дробных у яго ня было, а буйныя прапіў.
— У 75-м палку, — умяшаўся ў гаворку адзін з канвойных, — капітан прапіў да вайны ўсе палкавыя грошы, за што яго і паперлі з вайсковай службы. А цяпер зноў капітанам. Потым яшчэ адзін фэльдфэбель пракраўся: украў сукно на лацканы, больш за дваццаць кускоў, а цяпер падпрапаршчыкам. А вось аднаго простага салдата нядаўна ў Сэрбіі расстралялі за тое, што ён зьеў зараз цэлую бляшанку консэрваў, якую павінен быў разьмеркаваць на тры дні.