— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, — пачуўся голас Швэйка. — Рэвольвэр не набіты.
— Дык набеце яго.
— Асьмелюся далажыць, пан паручнік, патронаў няма, і яго цяжкавата будзе зьбіць з стала. З вашага дазволу пан паручнік, гэта Мікулашэк — дзяншчык пана майора Вэнцэля. Яму заўсёды, як толькі ўбачыць каго-небудзь з паноў афіцэраў, мову займае. Ён наогул саромяецца гаварыць. Зусімзастрашанае дзіця, так сказаць. Адным словам, — сапляк. Пан майор Вэнцэль застаўляе яго стаяць на ўсходах, а сам ідзе ў горад. Вось ён і цягаецца, як жабрак, па ўсіх дзяншчыкох. Галоўнае, каб было чаго пужацца, а то-ж нічога такога не зрабіў.
Швэйк плюнуў; у яго словах чутна была надзвычайная зьнявага да баязьлівага дзяншчыка майора Вэнцэля і да яго няўмельства трымацца па-вайсковаму.
— З вашага дазволу, — казаў далей Швэйк, — я яго нюхну.
Швэйк сьцягнуў з стала Мікулашэка, які яшчэ не перастаў лупіць вочы на паручніка, паставіў яго на падлогу і абнюхаў яго штаны.
— Пакуль што яшчэ няма, — далажыў ён, — але пачынаецца ўжо. Загадаеце яго выкінуць?
— Выкіньце яго, Швэйк.
Швэйк вывеў Мікулашэка, які ўвесь дрыжаў, на ўсходы, зачыніў за сабою дзьверы і сказаў яму:
— Вось, бачыш, дурніца, я цябе выратаваў ад сьмерці. Калі вернецца пан майор Вэнцэль, глядзі, прынясі мне за гэта паціху бутэлечку віна. Бяз жартаў. Я-ж табе жыцьцё выратаваў. Калі мой паручнік набярэцца, з ім жарты дрэнныя. У такіх выпадках адзін толькі я магу з ім арудаваць і ніхто іншы.
— Я… — пачаў быў Мікулашэк.
— С… ты, — зьняважліва перапыніў яго Швэйк. — Сядзь на парозе і чакай, пакуль прыдзе твой майор Вэнцэль.
— Ну, дзякуй богу, што вы нарэшце вярнуліся, — сустрэў Швэйка паручнік Лукаш. — Мне трэба з вамі пагаварыць. Ды ня выцягвайцеся так па-дурнецку ва-фронт. Сядайце, Швэйк, і кіньце ваша «слухаю». Маўчэце і слухайце ўважліва. Ведаеце, дзе ў Кіраль-Хідзе знаходзіцца Шопроньская вуліца. Ды кіньце вы ваша: «асьмелюся далажыць, ня ведаю, пан паручнік». Ня ведаеце, дык скажэце «ня ведаю» і досыць. Запішэце сабе на паперку: Шопроньская вуліца № 16. У тым жа доме ўнізе крама з жалезам. Ведаеце, што такое крама з жалезам? К чортавай матары, не кажэце «асьмелюся далажыць!» Скажэце «ведаю» ці «ня ведаю». Дык вось, ведаеце, што такое крама з жалезам? Ведаеце — вельмі добра. Гэта крама належыць аднаму вэнгру па прозьвішчы Каконь. Ведаеце, што такое вэнгар?.. А чор-рт! Ведаеце ці ня ведаеце?! Ведаеце — вельмі добра. Над крамаю знаходзіцца кватэра і ён там жыве, чулі? Ня чулі, трасца вам у бок, дык я вам кажу, што ён там жыве! Зразумелі? Зразумелі, вельмі добра. А калі-б не зразумелі, я пасадзіў-бы вас на гаўптвахту. Запісалі, што прозьвішча гэтага суб‘екта Каконь? Добра. Дык вось, заўтра рана, гадзіне так а дзесятай вы ідзеце ў горад, знайдзеце гэты дом, узыдзеце на другі паверх і перадайце пані Каконь вось гэты ліст.
Паручнік Лукаш разгарнуў папернік і падаў, пазяхаючы, Швэйку белы запячатаваны канвэрт, на якім ня было ніякага адрасу.
— Рэч надзвычайна важная, Швэйк, — навучаў яго паручнік. — Асьцярожнасьць ніколі ня шкодзіць, а таму, як бачыце, на канвэрце нічога не напісана. Цалкам спадзяюся на вас і ўпэўнен, што вы даставіце ліст у поўным парадку. Ды запішэце сабе яшчэ, што гэту паню завуць Этэлька. Запішэце: пані Этэлька Каконь. Майце на ўвазе, што ліст гэты вы павінны перадаць ёй сакрэтна і чаго-б гэта ш каштавала. Пачакайце адказу. Там у лісьце напісана, што вы пачакаеце адказу. Што вы хацелі сказаць?
— А калі мне адказу не дадуць, пан паручнік, што тады рабіць?
— Скажэце, што абавязкова павінны атрымаць адказ, — сказаў паручнік, зноў пазяхнуўшы на ўвесь рот. — Ну, я пайду спаць, сягодня я моцна ўтаміўся. Колькі было выпіта! Пасьля так праведзенага вечара і ночы кожны ўтоміцца.
Паручнік Лукаш спачатку ня меў намеру дзе-небудзь затрымлівацца. Пад вечар ён пашоў з лягеру ў горад, думаючы пайсьці ў вэнгерскі тэатр у Кіраль-Хідзе, дзе давалі нейкую вэнгерскую опэрэтку. Першыя ролі там гралі тоўстыя артысткі-яўрэйкі, якія мелі тую вялізарную вартасьць, што ў час танцу яны падкідалі ногі вышэй галавы і не насілі ні трыко, ні панталон, а для большай прынады паноў афіцэраў выгольвалі сабе валасы на целе, як татаркі. Галёрка гэтага відовішча, натуральна, была пазбаўлена, але тым большае задаваленьне мелі артылярыйскія афіцэры, якія сядзелі ў партэры, і якія, каб не прапусьціць ніводнай дробязі з прыгажосьці, што была перад імі, бралі з сабою ў тэатр палявыя біноклі.