Прабурчаўшы нешта, паручнік Лукаш хацеў быў зноў перавярнуцца на другі бок, але яму гэта не ўдалося: Швэйк бязьлітасна трос яго і крычаў над самым вухам:
— Пан обэр-лейтэнант, дык я пайду і занясу гэты ліст у Кіраль-Хіду.
Паручнік пазяхнуў:
— Ліст?.. Ах, так! Але гэта сакрэт, разумееце? Тайна паміж нас. Кругом… марш.
Паручнік захінуўся ў коўдру, якую з яго сьцягнуў Швэйк, і зноў заснуў. А Швэйк пашоў у Кіраль-Хіду.
Знайсьці Шопроньскую вуліцу і дом № 16 было б ня так ужо і цяжка, каб Швэйк не напаткаў старога сапёра Вадзічку, які быў прыкамандыраваны да кулямётчыкаў, разьмешчаных у казармах ля ракі. Некалькі гадоў таму назад Вадзічка жыў у Празе, на Боішчы, і з прычыны такога спатканьня нічога лепшага нельга было прыдумаць, як зайсьці абодвым у шынок «Ля чорнага баранчыка» ў Бруку, дзе прыслужвала чэшкэ Ружэнка, вельмі популярная сярод усіх чэхаў-вольнапісаных, якія жылі ў лягеры і ўсе былі ёй вінаваты.
Сапёр Вадзічка, стары прайдзісьвет, у апошні час быў пры ёй кавалерам і меў на воку ўсе маршавыя роты, якім трэба было пакідаць лягер, сваячасова абходзячы ўсіх чэхаў-вольнапісаных з напамінаньнем пра доўг, каб яны ня зьніклі ў прыфрантовай мітусьні.
— Цябе куды гэта нясе? — запытаўся Вадзічка пасьля першай шклянкі добрага вінца.
— Гэта — сакрэт, — адказаў Швэйк, — але табе, як даўнейшаму прыяцелю, магу сказаць…
Ён расказаў яму ўсё падрабязна, і Вадзічка заявіў, што ён, як стары сапёр, Швэйка пакінуць ня можа і пойдзе разам з ім перадаваць ліст.
Абодва захапіліся цікавай гутаркай пра даўнейшае. — і, калі яны вышлі з «Чорнага баранчыка» (была ўжо першая гадзіна па паўдні), усё здавалася ім вельмі простым і лёгкім. Сэрца ў абодвых было поўна адвагі. Па дарозе да Шопроньскай вуліцы, дом № 16, Вадзічка ўвесь час выказваў вялікую нянавісьць да мадзьяр і бяз сьціханку расказваў пра тое, як, дзе і калі ён з імі біўся ці што, калі і дзе пашкодзіла яму пабіцца з імі.
— Трымаем гэта мы раз адну такую мадзьярскую храпу за гарляк. Было гэта ў Паўсдорфе. куды мы, сапёры, прышл і выпіць Хачу гэта я яму даць папругаю па лабэціне. Кругом цёмна. Як толькі пачалася справа, мы зараз-жа запусьцілі бутэлькаю ў лямпу, а ён раптам як закрычыць: «Тонда[64], ды гэта-ж я Пуркрабэк з 16-га запаснага!» Чуць ня вышла памылка. Але затое ля Нэзідэрскага возера мы з імі, мадзьярскімі няўклюдамі, як трэба расквіталіся! Туды мы заглянулі тыдняў тры таму назад. У суседняй вёсачцы кватаруе там кулямётная каманда нейкага гонвэдзкага палка, а мы выпадкова зайшлі ў шынок, дзе яны скакалі свой чардаш як вар‘яты, і крычалі на ўсе горла сваё: «Uram, uram, biró uram» ды «Lanok, lanok lanok a faluba»[65]. Мы сабе садзімся супроць іх. Палажылі свае толькі салдацкія папругі перад сабою на стол і гаворым паміж сабою: «Пачакайце, сукіны дзеці! Мы вам пакажам» «ланьок». А адзін з нашых, Мэйстршык, у якога кулачышча на-вялічкі з Белую гару[66] тут-жа падахвоціўся ісьці танцаваць і адбіць у каго-небудзь з гэтых абармотаў дзяўчыну. А дзяўчаты былі што трэба: лыткатыя, ляжкатыя, лупатыя. Па тым, як іх гэтыя мадзьярскія сволачы ціскалі, відаць было што грудзі ў іх цьвёрдыя і налітыя, як мячыкі, і што ім гэта да густу і што яны ведаюць смак у шчупанцы. Наш Мэйстршык ускочыў у кола і давай гэта адбіраць у аднаго гонвэда самую прыгожанькую дзяўчыну. Той нешта залапатаў, a Мэйстршык як дасьць яму раз, — ён і з капытоў зваліўся. Мы, ня доўга думаючы, схапілі свае папругі, абкруцілі іх каля рукі, каб не пагубляць штыхоў, кінуліся ў самы гушчар, а я крыкнуў хлопцам: «Вінаваты, не вінаваты — лупі ўсіх па чарзе!» І пашло, брат, як па масьле. Мадзьяры пачалі скакаць праз вокны, мы іх лавілі за ногі і сьцягвалі назад у залю. Усім ім здорава папала. Умяшаліся былі ў гэту справу іхні стараста з жандарам, дык і ім папала на абаранкі. Шынкара таксама адлупцавалі за тое, што па-нямецку стаў лаяцца, што мы ўсю вечарынку псуем. Пасьля гэтага мы пашлі па вёсцы лавіць тых, хто ўздумаў ад нас схавацца. Аднаго іхняга ўнтэра мы знашлі ў сене на вышках у суседнім маёнтку. Яго выдала яго дзяўчына, бо ён танцаваў у шынку з другой. Яна закахалася ў нашага Мэйстршыка па вушы і пашла з ім па дарозе на Кіраль-Хіду. Там шмат адрын з сенам. Яна зацягнула яго ў сена, а потым патрабавала ад яго пяць крон, а ён даў ёй па мордзе. Мэйстршык дагнаў нас ля самага лягеру і расказваў, як раней ён пра мадзьярак думаў, што яны гарачыя, a што гэта сьвіньня ляжала, як бервяно і толькі лапатала кешта бяз сьціханку.
— Карацей кажучы, мадзьяры — дрэнь, — скончыў стары сапёр Вадзічка сваё апавяданьне, на што Швэйк заўважыў: — Іншы мадзьяр не вінаваты ў тым, што ён мадзьяр.
66
Узвышша каля Прагі. Гістарычнае месца бойкі чэхаў з сваімі прыгнятальнікамі ў XVII стагодзьдзі.