Выбрать главу

— Піф-паф!

Швэйк, спачуваючы, паківаў галавою, а замораны салдат з каманды ачуняваючых, выцягнуў левую руку на паўмэтра ад зямлі і, выставіўшы тры пальцы на правай, сказаў Швэйку, што ў яго дома трое малых дзяцей.

— Няма ам-ам, няма ам-ам, — казаў ён, жадаючы перадаць, што ім няма чаго есьці.

Сьлёзы пацяклі ў яго па твары, і ён уцёрся брудным рукавом шынэля. У рукаве была дзірка ад кулі, якая параніла яго на славу вэнгерскага караля.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што за гэтаю забаўкаю пяцёрка патроху раставала, і Швэйк павольна, але пэўна, адразаў сабе шлях у Чэскія Будэйовіцы, з кожным кубкам выпітым Ім і салдатам вэнграм, трацячы ўсё больш і больш магчымасьць купіць сабе білет.

Яшчэ адзін цягнік праехаў на Будэйовіцы, а Швэйк усё сядзеў каля стала і слухаў, як вэнгар паўтараў сваё:

— Піф-паф… Harom guermek[7] — няма ам-ам… Eeljen![8]

Апошнія словы ён праказаў, чаркаючыся са Швэйкам.

— Валі, пі, мядзьярскае рыла, не саромейся! — казаў яму Швэйк. — Нашага брата вы, нябось, так-бы не частавалі.

Салдат, што сядзеў за суседнім сталом, расказаў, што, калі іх полк, едучы на фронт, увайшоў ў Сэгедзін, мадзьяры на вуліцах, як адзін, падымалі рукі ўгору.

Гэта была праўда, бо па тоне, якім гэта было сказана, было чуваць, што салдат лічыў за ганьбу падняць рукі і здацца. Потым гэта сярод салдат чэхаў стала звычайнаю зьяваю. Ды і вэнгры потым шырока ўжывалі гэты гэст, калі ім перастала ўжо падабацца разаніна на славу вэнгерскага караля.

Потым салдат перасеў да стала Швэйка і расказаў, як хлопцы з яго палка ў Сэгедзіне ўсыпалі мадзьярам па першае чысло і павыкідалі іх з некалькіх шынкоў. Ён пахваліў, што вэнгры ўмеюць біцца і што яму самому так парнулі нажом у сьпіну, што яго прышлося адправіць у тыл лячыцца.

Цяпер варочаецца ў батальён, і камандзір яго, напэўна, пасадзіць за тое, што ён ня ўсьпеў, як трэба, накласьці вэнгру, каб яму таксама засталося што-небудзь «на ўспамін» і каб падтрымаць гонар свайго палка.

— Ihre Dokumenten — фашы такумант? — зьвярнуўся да Швэйка начальнік патруля, фэльдфэбель, з якім было чатырох салдат са штыхамі.

— Я пачу фас уфесь час сядзець, піць, ня ехаць, толькі піцы

— Няма ў мане дакумантаў, любы, — адказаў Швэйк. — Пан паручнік Лукаш з 91-га палка ўзяў іх з сабою, а я застаўся тут на вакзале.

— Што такое «люпы»? — запытаўся па-нямецку фэльдфэбэль ў аднаго з салдат, старога апалчэнца. Той, відаць, ня вельмі добрасумленна выконваў свае абавязкі ў дачыненьні да начальства; ён спакойна адказаў:

— «Любы» гэта ўсёроўна што «пан фэльдфэбель».

Фэльдфэбэль зноў пачаў размову са Швэйкам:

— Токумэнт пафінен кошны зольдат. Пез токумэнт пасадзіць зукінага сіна, як сапаку.

Швэйка завялі ў камэндатуру пры станцыі. У каравульным памяшканьні Швэйк убачыў каманду, што складалася з салдат накшталт старога апалчэнца, які так правільна пераклаў сдова «любы» на нямецкую мову свайму спрадвечнаму ворагу— начальству.

— Каравульнае памяшканьне было аздоблена літографіямі, якія вайсковае міністэрства ў той час рассылала па ўсіх установах, дзе праходзілі салдацкія масы, па казармах і вайсковых школах.

Першае, што, пры ўваходзе, кінулася ўдаламу ваяку Швэйку ў вочы, была карціна, дзе было намалёвана, згодна надпісу, як камандзір разьдзелу Францішак Гамэль і аддзялённыя камандзіры Паўльгарт і Бахмайер 21-га стралковага яго вялікасьці палка заклікаюць каманду да стойкасьці.

На другой сьцяне вісела лубачная карціна з надпісам:

УНТЭР-АФІЦЭР 5-ГА ГОНВЭДЗКАГА ГУСАРСКАГА ПАЛКА ЯН ДАНКО ВЫСЬВЯТЛЯЕ РАЗЬМЯШЧЭНЬНЕ НЯПРЫЯЦЕЛЬСКІХ БАТАРЭЙ

Ніжэй направа вісеў плякат:

ПРЫКЛАДЫ ВЫКЛЮЧНАЙ АДВАГІ

Такімі плякатамі і «прыкладамі выключнай адвагі», тэкст, да якіх складаўся прызванымі на вайну журналістамі, старая вар‘ятка Аўстрыя хацела натхніць салдат, якія гэтай літаратуры ня чыталі, і калі ім прысылалі на фронт такія «прыклады выключнай адвагі», салдаты круцілі з іх сабачыя ножкі ці знаходзілі ім яшчэ лепшае ўжываньне, адпаведнае мастацкай каштоўнасьці і самому дух гэтых «прыкладаў адвагі».

Пакуль фэльдфэбэль пашоў шукаць якога-небудзь афіцэра, Швэйк прачытаў плякат:

«НІЖЭЙШЫ ЧЫН САНІТАРНАГА АТРАДУ ІОСІФ БОНГ».

…Санітары зносілі цяжка параненых да санітарных двуколак, што стаялі напагатове ў лагчыне. Калі двуколькі напаўняліся, яны накіроўваліся на перавязачны пункт. Рускія, даведаўшыся, дзе знаходзіцца санінтарскі атрад, пачалі абстрэльваць яго гранатамі. Конь, запрэжаны ў адну з дарожных двуколак, якія тут стаялі, быў забіты гранатаю.

вернуться

7

Трое дзяцей.

вернуться

8

Вэнгерскае прывітаньне.