Здарылася ўсё гэта хутка — як у казцы, калі чорт прыходзіць па чалавека. Ад разьюшанага пана засталася адна толькі сурвэтка. Швэйк яе падняў і далікатна пастукаў у дзьверы пакояў, адкуль пяць хвілін таму назад вышаў пан Каконь і дзе цяпер чуваць быў жаночы плач.
— Прынёс вам сурвэтачку, — далікатна сказаў Швэйк пані якая ўзрыгвала на канапе. — Каб на яе не наступілі часамі. Усяго найлепшага.
Стукнуўшы абцасамі і ўзяўшы пад казырок, ён вышаў. На ўсходах ня відаць было якіх-небудзь значных сьлядоў барацьбы. Відавочна, усё адбылося так, як і меркаваў Вядзічка, зусім гладка. Толькі ў варотах Швэйк знашоў разадраны каўнерык. Відавочна, тут, калі пан Каконь ад страху ўплёўся за вароты, каб ня быць выцягнены на вуліцу, разыграўся апошні акт гэтай трагедыі.
За тое на вуліцы было ажыўленьне. Пана Каконя адцягнулі ў вароты насупраць і адлівалі вадою. А сярод вуліцы біўся, як леў, стары сапёр Вадзічка з некалькімі гонвэдамі і гонвэдзкімі гусарамі, якія заступіліся за свайго земляка. Ён спрытна адмахваліся, як цэпам, штыхом, трымаючы яго за канец папругі. Вадзічка ня быў адзін. Плячо ў плячо з ім біліся некалькі салдат-чэхаў з розных палкоў, якія праходзілі ў гэты час па вуліцы.
Швэйк (як ён сьцьвярджаў потым) сам ня ведаючы як, апынуўся ў самым гушчары, і, з прычыны таго, што цесака ў яго ня было, у руках у яго апынулася, таксама невядома як, палка аднаго з зьбянтэжаных гледачоў.
Цягнулася гэта досыць доўга, але і ўсялякаму хараству бывае канец. Прышоў паліцэйскі кардон і забраў усіх.
Швэйк з задаволеным выглядам крочыў побач з Вадзічкай, нясучы на плячы, як вінтоўку, палку, якую начальнік кардону прызнаў у якасьці рэчавага доказу.
Стары сапёр Вадзічка ўсю дарогу ўпарта маўчаў. Толькі ля дзьвярэй на гаўптвахту ён задумёна сказаў Швэйку:
— Казаў я табе, што ты мадзьяраў дрэнна ведаеш!
Разьдзел IV
Новыя пакуты
Палкоўнік Шрэдэр не без задаваленьня разглядаў бляды з вялікімі кругамі пад вачыма твар паручніка Лукаша, які варомліва не глядзеў на палкоўніка, але ўкрадкам, як-бы, вывучаючы нешта, глядзеў на плян разьмяшчэньня вайсковых часьцей у лягеры. Плян гэты быў адзінаю рэччу, якая аздабляла габінэт палкоўніка. На стале перад палкоўнікам ляжала некалькі газэт з падкрэсьленымі сінім алоўкам артыкуламі. Палкоўнік яшчэ раз прачытаў гэтыя газэты, і, пільна ўглядаючыся ў паручніка Лукаша, сказаў:
— Вы ўжо ведаеце пра тое, што ваш дзяншчык Швэйк арыштаваны, і справа яго, мусіць, будзе, перададзена ў дывізійны суд?
— Так точна, пан палкоўнік.
— Гэтым, аднак, — многазначна сказаў палкоўнік, гледзячы просты ў бляды твар паручніка Лукаша, — уся справа не ліквідавана. Уся тутэйшая грамадзкасьць была ўзбуджана інцыдэнтам з вашым дзяншчыком Швэйкам, але горш за ўсё тое, што ўся гэта гісторыя ставіцца ў сувязь з вашым імем, паручнік. З штабу дывізіі да нас прышоў матэрыял па гэтай справе. Вось газэты, якія вытлумачваюць гэты інцыдэнт. Прачытайце мне гэта ўслых.
Палкоўнік перадаў Лукашу газэты з падкрэсьленымі артыкуламі, і паручнік аднатонна пачаў чытаць іх, як быццам чытаў фразу з хрэстоматыі для дзяцей: «Мёд куды спажыўней і лепш ператраўляецца, як цукар».
— Гэта ў «Пэстэр-Лёйдэ?» — запытаўся палкоўнік.
— Так точна, пан палкоўнік, — адказаў паручнік Лукаш і чытаў далей:
«Працяг вайны патрабуе сумеснай дзейнасьці ўсіх слаёў насельніцтва Аўстра-Вэнгерскай монархіі. Калі мы хочам пад накрыцьцём нашай дзяржавы быць без небясьпекі, то ўсе нацыі павінны падтрымліваць адна другую. Гарантыя нашай будучыні ў добраахвотнай пашане аднаго народу другім народам. Нашы адважныя салдаты на фронтах не маглі з вялізарнымі ахвярамі, але, бязупынна, пасоўвацца наперад, каб тыл — гэта політычная артэрыя нашых пакрытых славай армій — ня быў аб‘яднаны. калі-б у тыле нашай арміі паднялі галаву элемэнты, якія разьбіваюць адзінства дзяржавы, сваёю злачыннаю агітацыяй падрываюць цэласьць дзяржавы і ўносяць у кругавую паруку народаў нашай монархіі бязладзьдзе. У гэты гістарычны час мы ня можам моўчкі глядзець на жменьку людзей, якія з-за мясцовых нацыяналістычных меркаваньняў спрабуюць разьбіць зьлітнасьць усіх народаў нашай імпэрыі ў змаганьні за справядлівае пакараньне тых нягоднікаў, якія бяз усялякай прычыны напалі на нашу бацькаўшчыну. каб адабраць у яе ўсе культурныя каштоўнасьці і дасягненьні цывілізацыі. Мы ня можам моўчкі прайсьці паўз гнюсныя ўчынкі асоб з нездаровай псыхолёгіяй, якія спрабуюць разьбіць у сэрцах народу адзінства высокай ідэі. Мы ўжо ня раз зьвярталі ўвагу нашых чытачоў на тое, што вайсковыя ўстановы павінны са ўсёй строгасьцю выступіць супроць некаторых асоб у чэскіх палкох, якія, не зважаючы на слаўныя традыцыі палка, сваім бязглуздым буянствам сеюць насеньне злабы ў нашых вэнгерскіх гарадох і супроць усяго чэскага народу, які цалкам ні ў чым ня вінават і які заўсёды цьвёрда стаяў на варце інтарэсаў нашай імпэрыі, лепшым доказам чаго зьяўляецца цэлы шэраг выдатных палкаводцаў, якія вышлі з чэхаў. Успомнім толькі славутага фэльдмаршала Радэцкага і іншых абаронцаў аўстра-вэнгерскай магутнасьці! Поўнай процілегласьцю гэтым сьветлым асобам зьяўляюцца некалькі нягоднікаў, якія вышлі з адкідаў чэскага народу, і скарысталі сусьветную вайну для таго, каб пайсьці добраахвотна ў армію з мэтаю выклікаць хаос сярод народаў монархіі, праяўляючы пры гэтым нізкія інстынкты. Мы ўжо зьвярталі ўвагу чытачоў на буянства палка N… у Дэбрыцыне, злаўчынкі якога былі абмяркованы і асуджаны будапэштцкім парлямантам, палка, сьцяг якога быў потым на фронце… (Выкасавана цэнзурай). На чыім сумленьні ляжыць гэта ганьба?.. (Выкасавана цэнзурай). Хто ўцягнуў у гэта чэскіх салдат?.. (Выкасавана цэнзурай). Да чаго даходзіць нахабнасьць прышлых элемэнтаў на нашан вэнгерскай зямлі, лепш за ўсё сьведчыць інцыдэнт, які быў у горадзе Кіраль-Хідзе на вэнгерскай тэрыторыі ля Літавы. Да якой нацыянальнасьці належалі салдаты з недалёкага вайсковага лягеру ў Мосьце на Літаве, якія напалі на тамашняга гандляра пана Дзюлю Каконя і зьбілі яго? Абавязак улады расьсьледвяць гэта злачынства і высьветліць у штабе дывізіі, які, бясспрэчна, ужо заняўся высьвятленьнем гэтай справы і, у прыватнасьці, тым, якую ролю ў гэтым нячуваным цкаваньні падданых вэнгерскага каралеўства адыгрывае паручнік Лукаш, імя якога ў горадзе ставяць у сувязь з падзеямі апошніх дзён. Наш корэспондэнт ужо сабраў багаты матэрыял пра ўсю гэту справу. якая ў гэты адказны момант вымагае пакараньня. Чытачы „Пэстэрлёйда“ бясспрэчна, будуць з цікавасьцю сачыць за ходам расьсьледваньня гэтай справы. і мы пазнаёмім іх бліжэй з гэтымі падзеямі вялізарнай важнасьці. Разам з тым мы чакаем офіцыйных паведамленьняў пра кіраль-хідзкае злачынства, зробленае ў дачыненьні да вэнгерскага насельніцтва. Мы ўпэўнены, што справа гэта будзе абмяркована будапэшцкім парлямантам, каб нарэшце ўсім стала ясна, што чэскія салдаты, якія праяжджаюць цераз вэнгерскае каралеўства на фронт, не павінны разглядаць зямлю кароны св. Стэфана, як зямлю, узятую імі ў арэнду. Калі-ж некаторыя асобы гэтай нацыянальнасьці, якія так яскрава праявілі ў Кіраль-Хідзе „солідарнасьць“ усіх народаў Аўстра-Вэнгерскай монархіі, яшчэ і цяпер ня ўлічваюць політычнай сітуацыі, то мы-б раілі ім урымсьціцца. У час вайны куля, пятля, суд і штых прымусяць іх падпарадкавацца вышэйшым інтарэсам нашай агульнай бацькаўшчыны».