— Вось так-жа люба, пан паручнік, — сказаў палкоўнік Шрэдэр, — піша пра вас «Штодзеньнік», які выходзіць у Кіраль-Хідзе, і прэзбурскія газэты. Але, я думаю, гэта вас ужо ня будзе цікавіць, бо ўсе яны пішуць аднолькава. Політычна гэта лёгка растлумачыць, бо ў нас аўстрыйцаў, як немцаў, так і чэхаў, адносіны з вэнграмі яшчэ да гэтага часу вельмі!.. Разумееце, пан паручнік? У гэтым відаць пэўная тэндэнцыя. Вас хутчэй можа зацікавіць артыкул у «Камарненскай вячэрняй газэце», у якім сьцьвярджаецца, што вы спрабавалі згвалціць паню Каконь проста ў рэсторане ў часе абеду ў прысутнасьці яе мужа, якому вы пагражалі шабляю і прымусілі яго заткнуць ручніком рот сваёй жонцы, каб тая ня крычала. Гэта самыя апошнія весткі пра вас, пан паручнік. — Палкоўнік усьміхнуўся і казаў далей: — Улада ня выканала свайго абавязку. Папярэдняя цэнзура тутэйшых газэт таксама ў руках вэнграў. Яны робяць з намі, што хочуць. Наш афіцэр безабаронны супроць абраз вэнгерскага цывільнага хама-журналіста. I толькі пасьля нашага гострага выступленьня, а таксама пасьля тэлеграмы нашага дывізійнага сулу дзяржаўная пракуратура ў Будапэшце прыняла належныя крокі, каб арыштаваць некаторых асоб у вышэйпамяненых рэдакцыях. Больш за ўсё пападзе за гэта рэдактару «Камарнінскай вячэрняй газэты». Гэты тып да самай сьмерці будзе памятаць сваю вячэрнюю газэту. Дывізійны суд даручыў мне, як вашаму начальніку, зрабіць вам допыт і адначасна пасылае мне пратакол сьледзтва. Усё-б сышло гладка, каб ня гэты ваш няшчасны Швэйк. Быў з ім нейкі сапёр Вадзічка, у якога пасьля бойкі, калі яго прывялі на гаўптвахту, знашлі ваш ліст, пасланы вамі пані Каконь. Дык гэты ваш Швэйк казаў на допыце, што ліст гэты ня ваш, а што напісаў ён сам. Калі-ж яму было загадана, каб ён ліст перапісаў, для таго, каз параўняць яго почырк з почыркам ліста, ён ваш ліст зжор. З канцылярыі палка былі высланы ў дывізійны суд вашы рапарты для параўнаньня з почыркам Швэйка. Але вось чым гэта скончылася.
Палкоўнік перагартаў справу і паказаў паручніку Лукашу на такое месца:
«Абвінавачаны Швэйк адмовіўся напісаць прадыктаваныя яму фразы сьвярджаючы, што зa ноч развучыўся пісаць».
— Я пан паручнік, наогул не надаю ніякага значэньня таму, што казаў у дывізійным судзе ваш Швэйк ці гэты сапёр. Швэйк і сапёр кажуць, што ўсё здарылася праз нейкі маленькі жарцік, якога не зразумелі, што на іх напалі цывільныя і што яны адбіваліся, каб абараніць гонар мундзіра. На допыце высьветлілася, што няшчасны ваш Швэйк колёрытная фігура. Так, напрыклад, на запытаньне, чаму ён не прызнаецца, ён, паводле пратаколу, адказаў: «Я знаходжуся цяпер якраз у такой сітуацыі, у якой апынуўся раз праз абраз маткі боскай слуга мастака Панушкі. Таму таксама, калі справа дакранулася абразоў, якія ён павінен быў украсьці, нічога іншага не заставалася адказаць, апрача як: „Ну што мне крывёю рыгаць ці што?“» Натуральна, што я, як камандзір палка, паклапаціўся пра тое, каб у газэтах дывізійны суд даў зьняпраўджаньне ўсіх агідных артыкулаў у тутэйшых газэтах. Сягоньня ўсё гэта будзе разаслана па газэтах і думаю, што я з свайго боку зрабіў усё, што ад мяне залежала, каб загладзіць паднятую гэтымі цывільнымі шэльмамі, агіднымі мадзьярскімі газэтчыкамі, завіруху. Здаецца я гэта ня дрэнна зрэдагаваў.
«Гэтым дывізійны суд N-ай дывізіі і штаб N-гa палка паведамляе, што артыкул, надрукаваны ў вашай газэце пра нібы агідныя ўчынкі салдат N-палка, ні ў якай меры не адпавядае сапраўднасьці і ад першага да апошняга радка выдуманы. Сьледзтва, пачатае супроць вышэй памянёнай газэты, павядзе да строгага пакараньня вінаватых».
— Дывізійны суд у сваім адносьніку, пасланым у штаб нашага палка, гаварыў далей палкоўнік, — прытрымліваецца тае думкі, што гэта — сыстэматычнае цкаваньне, накіраванае супроць вайсковых часьцей, якія праходзяць з Тысляйтаніі ў Трансляйтанію. Прыгым параўнайце: якая колькасьць войска накіравана з нашага боку, якаяз іхнага боку. Скажу вам адкрыта — мне чэскі салдат куды больш падабаецца, як гэта вэнгерская сволач. Варта мне толькі ўспомніць, што пад Белградам вэнгры стралялі па нашым другім маршавым батальёне, які, ня ведаючы, што па ім страляюць вэнгры, пачаў страляць у дэйчмэйстэраў[81] на правым флангу, а дэйчмэйстэры таксама пераблыталі і пачалі страляць па Босьнійскім палку, што стаяў побач з імі. Вось, скажу вам, было становішча! Я якраз абедаў у штабе брыгады, Дзень перад гэтым мы прымушаны былі жывіцца вянглінаю і супам з консэрваў, а ў гэты дзень нам згатавалі добры курыны булён, філе з рысам і бухтычкі з шодо. Якраз напярэдадні ў вечар мы павесілі аднаго сербскага шынкара ў гэтым гарадку, і нашы кухары знашлі ў яго склепе старое трыццацігадовае віно. Можаце сабе ўявіць, як мы ўсе чакалі гэтага абеду. Скончылі мы булён і ўзяліся за курыцу. Раптам перастрэлка, потым гарматная стральба, і наша артылерыя, якая зусім ня ведала, што нашы страляюць адны ў другіх, пачала страляць па лініі нашых, і адна граната грукнула недалёка ад самага штабу брыгады. Сэрбы, мусіць, думалі, што ў нас выбухнула паўстаньне, і пачалі з усіх бакоў нас крыць і перапраўляцца цераз раку. Брыгаднага генэрала клічуць да тэлефона, начальнік дывізіі падняў страшэнны скандал, што гэта там за жывёліна сядзіць на баявым вучастку. Гэта-ж ён, кажа, толькі што атрымаў загад з штабу арміі пачаць наступ на левы фланг сэрбскіх позыцый у дзьве гадзіны трыццаць пяць хвілін ночы. Мы стаім у рэзэрве і зараз-жа павінны спыніць агонь! Брыгадная тэлефонная станцыя паведамляе, што нікуды ня можа дазваніцца, што толькі штаб 75-га палка перадае «Трымацца да канца, што яна ня можа дагаварыцца з нашай дывізіяй, што сэрбы занялі ўзвышы 212, 226 і 327, трэба перакінуць адзін батальён для сувязі, апрача таго, трэба наладзіць тэлефонную сувязь з нашай дывізіяй. Прабуем зьвязацца з дывізіяй, але сувязі няма, бо сэрбы пакуль што зайшлі з абодвых флангаў нам у тыл і нашу лінію сьціснулі ў трыкутнік, у якім апынуліся пяхота, артылерыя, абоз з усёй аўтоколёнай, харчовы магазын і палявы шпіталь. Два дні я ня злазіў з сядла, а начальнік дывізіі папаў разам з нашым брыгадным у палон. А ва ўсім вінаваты мадзьяры, што пачалі страляць па нашым 2-м маршавым батальёне. Зразумела, віну звалілі на наш полк. — Палкоўнік плюнуў. — Вы самі цяпер, пан паручнік, пераканаліся, як яны выкарысталі ўсю цяпер гэту гісторыю, што адбылася з вамі ў Кіраль-Хідзе…