— Мяне абвінавачваюць у паўстаньні.
— Ня страшна, — супакоіў Швэйк, — глупства.
— Вядома, — сказаў вольнапісаны, — калі мы такім чынам намерваемся выграць вайну з дапамогаю розных судоў. Калі яны ўжо вельмі хочуць са мною судзіцца, няхай судзяцца. Урэшце лішні процэс нічога ня зьменьвае ў агульнай сітуацыі.
— А як-жа ты паўстаў, — запытаўся сапёр Вадзічка, ветла гледзячы на вольнапісанага.
— Адмовіўся я чысьціць сарціры на гаўптвахце, — адказаў вольнапісаны — Павялі мяне проста да палкоўніка. Ну, а той — вядомая сволач! — пачаў на мяне крычаць, што я арыштаваны на падставе палкавога рапарту, а таму зьяўляюся самым звычайным арыштантам, што ён наогул дзівіцца, як гэта мяне зямля носіць і не перастане круціцца ад сораму, што ў шэрагах арміі знаходзіцца чалавек, які носіць форму вольнапісанага і мае права на афіцэрскую годнасьць і які, ня гледзячы на гэта, сваімі паводзінамі можа выклікаць толькі грэблівасьць у свайго начальства. Я адказаў яму, што вярчэньне зямной кулі ня можа быць парушана знаходкаю на ёй такога вольнапісанага, як я, і што закон прыроды мацней за нашыўкі вольнапісанага. Хацеў-бы я ведаць, — кажу, — хто можа мяне прымусіць чысьціць сарціры, якімі я не карыстаюся, хоць на гэта мае права, харчуючыся з сьвінскай палкавой кухні, дзе даюць гнілую капусту і тухлую бараніну. Да гэтага я дадаў, што мяне трохі дзівіць яго зьдзіўленьне, што як гэта мяне зямля носіць, бо, вядома, праз мяне зямлятрасеньня ніякага ня будзе. Палкоўнік у час мае прамовы толькі скрыгатаў зубамі, як кабыла, калі ёй у горла пападзе мёрзлы бурак, aпотым як зараве на мяне: «Дык будзеце чысьціць сарціры ці ня будзеце?!» — «Зусім не, сарціраў чысьціць ня буду». — «Не, будзеце, няшчасны вольнапёр!» — «Зусім не, ня буду!» — «Чэрці вас няхай возьмуць, вы ў мяне вычысьціце не адзін, а сто сарціраў!» — «Зусім не. Ня вычышчу ні сто, ні аднаго сарціра!» І вось так без канца. «Будзеце чысьціць?» — «Зусім не, ня буду чысьціць!» Мы перакідваліся сарцірамі, як быццам гэта былі дзіцячыя афорызмы з кніжкі для дзяцей малодшага ўзросту Паўліны Моўдрай[83]. Палкоўнік бегаў па канцылярыі, як шалёны, нарэшце сеў і сказаў: «Падумайце, як належыць, іначай я вас за мяцеж перадам дывізійнаму суду. Ня думайце, што вы будзеце першым вольнапісаным, які быў у гэту вайну расстраляны! У Сэрбіі мы павесілі двух вольнапісаных 10-й роты, а аднаго з 9-й расстралялі, як ягкя. А за што? Усё за іх упартасьць. Тыя два, якіх мы павесілі, адмовіліся закалоць жонку і хлопчыка шабацкага „чужака“[84], а вольнапісаны 9 й роты быў расстраляны за тое, што адмовіўся наступаць, адгаворваючыся, што ў яго азызьлі ногі і апрача таго пляскаты ступень. Дык будзеце чысьціць сарціры ці ня будзеце?» — «Зусім ня буду!» Палкоўнік паглядзеў на мяне і спытаўся: «Слухайце, вы не славянафіл?» — «Зусім не!» Пасьля гэтага мяне адвялі і абвясьцілі мне, што я абвінавачваюся ў мецяжы.
— Самае лепшае, — сказаў Швэйк, — калі будзеш прыкідвацца ідыётам. Калі я сядзеў у гарнізоннай турме, дык з намі таксама сядзеў адзін разумны адукаваны чалавек, выкладчык гандлёвай школы. Ён зьбег з поля бойкі, і хацелі ўзьняць шумны процэс, на якім ён на страх іншым павінен быў быць засуджаны на шыбеніцу. Ну, а ён з усяго гэтага вельмі проста вылез. Пачаў прыкідвацца, што ён хварэе спадчыннай хваробай і на аглядзе заявіў штабному доктару, што ён зусім не дэзэртыр, а што ўжо з малых дзён любіць бадзяцца, і ў яго ад самага нараджэньня вялікае жаданьне закаціцца куды-небудзь далей. Неяк раз ён прачнуўся ў Гамбургу, другі раз у Лёндане, сам ня ведаючы, як туды трапіў. Бацька яго быў алькоголікам і налажыў на сябе рукі незадоўіа да ягонараджэньня. Маці была простытутка, заўсёды была п‘яная і памерла ад белай гарачкі. Малодшая сястра ўтапілася. Старэйшая кінулася пад цягнік. Брат кінуўся з Вышаградзкага чыгуначнага мосту. Дзед забіў сваю жонку, абліўся газаю і падпаліў сам сябе. Бабка з другой радні цягалася з цыганамі і атруцілася ў турме запалкамі. Стрыечны брат некалькі разоў быў пад судом за падпал і ў Картоўзах перарэзаў сабе куском шкла сонную артэрыю. Стрыечная сястра з бацькавай радні кінулася ў Вене з шостага паверху. Абсолютна ніхто не сачыў за яго выхаваньнем, і да дзесяці год ён ня ўмеў гаварыць, бо, калі яму было паўгода і яго спавівалі на стале, усе з хаты нейдзе вышлі, а кошка яго сьцягнула з стала, і ён кідаючыся, стукнуўся галавою. Пэрыодычна ў яго моцна баліць галава, у гэтыя моманты ён сам не памятае, што робіць, і ў такім якраз стане ён пашоў з фронту ў Прагу, і толькі пасьля таго, як яго арыштавала «У Флека»[85] вайсковая паліцыя, ён апамятаўся. Трэба было бачыць, з якой радасьцю яго вызвалілі ад вайсковай службы! Пяць чалавек салдат, што сядзелі з ім у адной камеры, на ўсякі выпадак запісалі на паперку: