«Бацька — алькоголік. Маці — простытутка.
I. Сястра (утапілася).
II. Сястра (цягнік).
Брат (з моста).
Дзед (жонку, газа, запаліў).
III. Бабка (цыганы, запалкі)» і г. д.
Потым, аднаго з пасьлядоўцаў мэтоду выкладчыка гандлёвай школы, калі ён пачаў плявузгаць тое самае штабному доктару і не пасьпеў яшчэ перабрацца і цераз стрыечнага брата, штабны доктар (гэта быў ужо трэці выпадак!), перапыніў: «А твая стрыечная сястра з бацькавай радні кінулася ў Вене з шостага паверху, за тваім выхаваньнем — абібок ты гэтакі! — ніхто не сачыў, але цябе перавыхаваюць у арыштанскіх ротах». Ну, яго завялі ў арыштанскія роты, зьвязалі ў козлы, і з яго як рукою зьняло дрэннае выхаваньне і бацьку-алькоголіка і матку-простытутку, і ён згадзіўся дабраахвотна пайсьці на фронт.
— Цяпер, — сказаў вольнапісаны, — на вайсковай службе ўжо ніхто ня верыць у спадчыннае вар‘яцтва, a то давялося-б усе генэральныя штабы заперці ў вар‘яцкі дом.
За жалезнымі дзьвярыма пачулася шчоўканьне ключа, і ў камеру ўвайшоў профос:
— Пехацінец Швэйк і сапёр Вадзічка — да пана аўдытора.
Усталі. Вадзічка зьвярнуўся да Швэйка:
— Вось, шэльмы, кожны дзень допыт, а толку ніякага! Ужо лепш-бы — халеры на іх! — засудзілі нас і не прыставалі-б да нас кожны божы дзень. Валяемся тут без работы цэлыя дні, а наўкол цябе бегае гэтулькі мадзьярскай шантрапы…
Ідучы на допыт у канцылярыю дывізійнага суду, якая знаходзілася ў процілеглым баку ў другіх казармах, сапёр Вадзічка і Швэйк гаварылі пра тое, калі-ж іх нарэшце будуць судзіць па-сапраўднаму.
— Усё толькі допыт да допыт, — злаваўся Вадзічка, — хоць-бы карысьць якая з гэтага была. Псуюць толькі чорт што паперы, а тут згніеш за кратамі, а сапраўднага суду і ў вочы ня ўбачыш. Ну, скажы па праўдзе, ці можна-ж іхнюю зацірку жраць? А іхнюю капусту з мерзлаю бульбаю? Чэрці яго няхай возьмуць, такой ідыёцкай сусьветнай вайны я ніколі яшчэ ня бачыў. Я думаў, што ўсё гэта будзе зусім іначай.
— А я здаволены, — сказаў Швэйк, — яшчэ некалькі гадоў таму назад, — калі я служыў на тэрміновай службе, — наш фэльдфэбель Сампэра казаў нам: «На вайсковай службе кожны павінен ведаць свае абавязкі!» — і, бывала, так табе пры гэтым заедзе па мордзе, што доўга будзеш памятаць! Ці нябожчык обэр-лейтэнант Квайзэр, бывала, калі прыдзе аглядаць стрэльбы, дык заўсёды прачытае нам лекцыю пра тое, што салдат не павінен даваць волю пачуцьцям: салдаты толькі жывёла, дзяржава іх корміць, поіць каваю, дае ім тытунь у люльку, — і за гэта яны павінны цягнуць ярмо, як валы.
Сапёр Вадзічка задумаўся і праз хвіліну сказаў:
— Калі прыдзеш, Швэйк, да аўдытара, дык ты не залжыся, а паўтарай тое, што казаў на прошлым допыце, каб мне не папасьціся. Галоўнае, што ты бачыў, як на мяне напалі гэтыя мадзьяры. Бо — што ты ні кажы — мы ўсё гэта рабілі з табою разам.
— Ня бойся, Вадзічка, — супакойваў яго Швэйк. Галоўнае будзь спакойны, не хвалюйся. Што тут такое стаць перад якімсьці там дывізійным судом! Ты б паглядзеў, як у ранейшыя гады такі вайсковы суд рабіў. Служыў у нас на тэрміновай настаўнік Гераль, дык той, калі ўсяму нашаму разьдзелу за кару было забаронена адлучацца ў горад, лежачы на ложку, расказваў, што ў Праскім музэі ёсьць кніга пратаколаў вайсковага суду пры Марыі-Тэрэзіі. Дык там напісана, што тагды ў кожным палку быў свой кат, які караў сьмерцю салдат ад штукі, — адзін тэрэзіякскі талер за галаву. Такі кат, як напісана ў тых пратаколах, у нёкаторыя дні зарабляў па пяць талераў.
— Вядома, — дадаў Швэйк паважна, — тагды палкі былі большыя і ўвесь час іх папаўнялі з вёсак.
— Калі я быў у Сэрбіі, — сказаў Вадзічка, — дык у нашай брыгадзе вешаў чужакоў за папяросы любы, хто падахвоціцца: калі павесіць мужчыну — даюць дзесятак папярос «Спорт», жанчыну ці дзіця — пяць. Потым інтэнданцтва пачало экономіць, і сталі расстрэльваць гуртам. Са мною служыў цыган адзін, пра яго мы доўга ня ведалі, што ён гэтым займаецца. Дзівіліся мы толькі, што яго заўсёды нанач клічуць у канцылярыю. Стаялі мы тагды на Дрыне, і вось раз уночы, калі ён пашоў, нехта ўздумаў папароцца ў яго рэчах, а ў гэтага хама ў рэчавым мяшку — цэлыя тры скрынкі папярос «Спорт» па сто штук у кожнай. Пад раніцу ён вярнуўся ў нашу адрыну, і мы з ім хутка расправіліся: павалілі мы яго, а Балёўн душыў яго папругаю. Жывучы быў, як кошка. — Стары сапёр Вадзічка сплюнуў. — He ўдавалася нам яго задушыць — дый годзе! Ужо ён абрабіўся, вочы ў яго вылезьлі, а ўсё яшчэ быў жывы, як недарэзаны певень. Тагды мы сталі разьдзіраць яго, як кошку: два за галаву, два за ногі, і так перакруцілі яму шыю. Потым надзелі мы на яго рэчавы мяшок з папяросамі і кінулі яго, дзе глыбей, у Дрыну. Хто-ж будзе курыць такія папяросы?! А раніцою сталі яго шукаць…