— Вам варта было адрапартаваць, што ён уцёк, — аўторытэтна дадаў Швэйк, — што ён ужо даўнода гэтага рыхтаваўся: кожны дзень гаварыў, што зьбяжыць.
— Ці варта было нам яшчэ пра гэта думаць, — адказаў Вадзічка. — Мы сваю справу зрабілі, а пра іншае мы не клапаціліся. Там гэта было проста: кожны дзень хто-небудзь прападаў, а ўжо з Дрыны ня вылоўлівалі. Згодна плылі там па Дрыне ў Дунай распухлы чужак з нашым абязьвечаным запасьніком. Няпрывычныя, калі гэта першы раз убачаць, дык дрыжаць, нібы іх трасца трасе.
— Ім варта даць хіны, — сказаў Швэйк.
Гэтак гаворачы, яны ўвайшлі ў барак, дзе зьмяшчаўся дывізійны суд, і канвойныя іх зараз-жа завялі ў канцылярыю № 8, дзе за доўгім сталом, укрытым сьціртаю паперы, сядзеў аўдытор Рулер.
Перад ім ляжаў том Збору законаў, на якім стаяла недапітая шклянка гарбаты. З правага боку стаяў крыж з тандэтнай сланёвай косьці і запыленым хрыстом, які безнадзейна глядзеў на падстаўку свайго крыжа, на якой ляжаў попел і акуркі. Аўдытор Рулер аднэю рукой пастукваў новаю папяросаю па падстаўцы крыжа, на новыя пакуты ўкрыжаванага бога, а другою аддзіраў шклянку з гарбатаю, якая прыклеілася да Збору законаў. Ададраўшы шклянку, ён далей гартаў кнігу, узятую ў афіцэрскім сабраньні. Гэта была кніга Фр. С. Краўзэ з многазначным загалоўкам: «Forschungen zur Entwicklungsgeschichte der geschlechtlichen Moral[86].
Аўдытор захапіўся разглядваньнем рэпродукцый з наіўных малюнкаў мужчынскага і жаночага родавага прыладзьдзя з адпаведнымі вершамі, якія знашоў вучоны Фр. С. Краўзэ ў прыбіральнях бэрлінскага заходняга вакзалу, і не заўважыў, як увайшлі Вадзічка і Швэйк.
Ён адарваўся ад рэпродукцый толькі пасьля таго, як Вадзічка закашляў.
— Was geht los?[87] — запытаўся ён, перагортваючы дален і шукаючы новых прымітыўных малюнкаў і замалёвак.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — адказаў Швэйк, — колега Вадзічка прастудзіўся і кашляе.
Аўдытор толькі цяпер глянуў на Швэйка і Вадзічку. Ён настараўся надаць свайму твару строгі выгляд.
— Нарэшце прыцягнуліся — сказаў аўдытор, рыючыся ў кучы спраў на стале. — Я загадаў вас паклікаць у дзесяць гадзін, а цяпер ужо зараз адзінаццаць. Як ты стаіш, асёл? зьвярнуўся ён да Вадзічкі, які асьмеліўся стаяць „вольна“. Калі скажу „вольна“, можаш рабіць з сваімі нажышкамі, што хочаш.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — абазваўся Швэйк, — у яго раматус.
— Дзяржы язык за зубамі! — сказаў аўдытор Рулер. — Адкажаш, калі ў цябе папытаюцца. Быў ты ў мяне ўжо тры разы на допыце, і з цябе нічога ня выцягнеш. Знайду я гэту справу нарэшце ці не знайду? I было-ж мне з вамі, нягоднікамі, клопату! Ну, ды гэта вам так ня пройдзе, дарэмна завальваць суд работай! Ну дык слухайце, крапіўнае насеньне, — сказаў ён, выцягваючы са сьцірты актаў вялікую справу, з загалоўкам: „Швэйк і Вадзічка“. Ня думайце, што праз якую-небудзь дурную бойку вы і далей будзеце ляжаць на баку ў дывізійнай турме і акапаецеся тут часова ад фронту. Праз вас, ёлапаў, мне прышлося тэлефонаваць у суд пры штабе арміі.
Аўдытор уздыхнуў.
— Што ты робіш такую сур‘ёзную міну — быццам ня вінаваты. — На фронце ў цябе прападзе ахвота біцца з гонвэдамі, — сказаў аўдытор Швэйку. — Справа пра вас абодвых спыняецца і кожны з вас пойдзе ў свой полк, дзе будзе пакараны ў дысцыплінарным парадку, а потым пойдзеце са сваёю маршавай ротай на фронт. Няхай толькі пападзяцеся яшчэ раз мне ў рукі, нягоднікіі Я вас так вазьму ў работу, што вы доўга будзеце памятаць! Вось вам ордэр аб вызваленьні, і трымайце сабе прыстойна. Завядзеце іх у другі нумар.
— Асьмелюся далажыць, пан аўдытор, — сказаў Швэйк, — мы абодва ўсе вашы словы замацавалі ў нашых сэрцах і нявыказна вам удзячны за вашу дабрату. Каб гэта ня было на вайсковай службе, дык я дазволіў-бы сабе назваць вас залатым чалавекам. Мы абодва вас вельмі просім дараваць нам за тое, што вам прышлося праз нас гэтулькі клапаціцца. Па праўдзе кажучы, мы гэтага не заслужылі.
— Выбірайцеся вы нарэшце к чортавай матары! — крыкнуў на Швэйка аўдытор. — Каб не заступіўся за вас палкоўнік Шрэдэр, дык ня ведаю, чым-бы ўся гэта справа скончылася.