Выбрать главу

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, мне паказалася, што з усяе маршавай роты Балёўя найбольш для гэтага падыходзіць. Гэта такая дубіна, што ня мог наўчыцца зрабіць ніводнага прыёму з стрэльбай, і каб яму даў у рукі вінтоўку, дык ён-бы яшчэ бяды нарабіў. Нядаўна, страляючы халастымі набоямі, чуць не прастрэліў вока свайму суседу. Я думаў, што ён, прынамсі, будзе годны на гэту службу.

— Зжэрці абед свайго афіцэра! — сказаў Лукаш. — Як быццам яму не хапае свае порцыі. Ну цяпер, думаю, ты ўжо не галодны?

— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, я заўсёды галодны. Калі ў каго застаецца хлеб, дык я тут-жа выменьваю яго на папяросы і ўсё мне мала, такі ўжо я ўрадзіўся. Думаю: ну цяпер ужо наеўся — адно-ж не! Хвіліну пачакаўшы, пачыяае ў мяне зноў у жываце бурчаць, як да яды, і глядзіш, ён, сьцерва, зноў не дае мне спакою. Іншы раз думаю, што ўжо сапраўды хопіць, што больш у мяне ўжо ня ўлезе, дык дзе вы бачылі! Як убачу, што хто-небудзь есьць ці пачую які-небудзь пах, дык зразу ў жываце, быццам яго памялом вымялі: зноў ён пачынае заяўляць пра свае правы. Я тагды гатоў хоць цьвікі глытаць! Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, — я ўжо ня раз прасіў: ці ня можна мне атрымоўваць падвойную порцыю. Праз гэта я быў у Будэйовіцах у палкавога доктара, а той замест падвойнай порцыі засадзіў мяне на два дні ў шпіталь і прапісаў мне ў дэень толькі кубачак чыстага бульёну. «Я, — кажа, — пакажу табе, нягоднік, як табе твае порцыі не хапае! Прыдзі толькі яшчэ раз, дык пойдзеш адгэтуль, як шчэпка». Мне ніяк нельга, пан паручнік, глядзець на смачныя рэчы, дый простыя выклікаюць у мяне такі апэтыт, што ў мяне сьлінка цячэ. Асьмелюся прасіць, пан обэр-лентэнант, зрабеце такую боскую ласку, загадайце, каб мне давалі падвойную порцыю. Калі мяса ня будзе, дык хоць-бы бульбу давалі, кнэдлікі, трошкі падліўкі, гэта-ж заўсёды застаецца.

— Досыць з мяне тваіх нахабных выбрыкаў! — адказаў паручнік Лукаш. — Ці бачылі вы калі-небудзь, старшы пісар, больш нахабнага салдата, як гэты асталоп: зжор абед ды яшчэ хоча, каб яму выдэвалі падвойную порцыю. Гэты абед табе праз бок вылязе! Старшы пісар, — зьвярнуўся ён да Ванэка, — завядзеце яго да капрала Вайдэнгофэра, няхай той яго мацней прывяжа на дварэ каля кухні на дзьве гадзіны, калі будуць раздаваць гуляш. Няхай прывяжа вышэй, каб ён трымаўся толькі на самых пальчыках і бачыў, як у катле варыцца гуляш. Ды зрабеце так, каб нягоднік гэты быў яшчэ прывязаны, калі будуць раздаваць гуляш, каб у яго сьлінка пацякла, як у галоднай сукі, каля тая аціраецца ў кілбасьні, скажэце кухару, няхай яго порцыю падзеліць і аддасьць.

— Слухаю, пан обэр-лейтэнант. Хадзем, Балёўн.

Калі яны ўжо выходзілі, паручнік затрымаў іх у дзьвярах і, гледзячы проста ў спужаны твар Балёўна, пераможна сказаў:

— Ну што? Дабіўся свайго? Прыемнага апэтыту! А калі яшчэ раз зробіш са мною такую штуку, я цябе адразу пашлю ў вайскова-палявы суд.

Калі Ванэк вярнуўся і абвясьціў, што Балёўн ужо прывязаны, паручнік Лукаш сказаў:

— Вы мяне, Ванэк, ведаеце, я ня люблю гэтага рабіць, але я ня мог зрабіць іначай. Па-першае, вы ведаеце, што калі нават у сабакі адбіраюць, костку, дык, і яна агрызаецца. Я не хачу, каб каля мяне жыў нягоднік. Па-другое, тая акалічнасьць, што Балёўн прывязаны, мае вялікае моральнае і псыхолёгічнае значэньне для ўсяе каманды. За апошні час хлопцы, як толькі пападуць у маршавы батальён і ведаюць, што іх заўтра ці пасьлязаўтра адправяць на позыцыі, робяць усё, што ім уздумаецца. — Паручнік са змучаным выглядам ціха гаварыў далей: — Пазаўчора ў час начных манэўраў павінны былі мы дзейнічаць супроць вучэбнай каманды вольнапісаных за цукравым заводам. Першы разьдзел, які ішоў у авангардзе пад маёй камандай па шашы, больш-менш захоўваў цішыню, але другі, што павінен быў ісьці налева і раставіць пад цукровым заводам дазоры, той трымаў сябе, як моладзі, што варочаецца з загароднай прагулкі. Пяюць сабе і стукаюцьнагамі, аж у лягеры чуваць было. Апрача таго на правым флангу ішоў на рэкогносцыроўку мясцовасьці каля лесу трэці разьдзел. Гэта было ад нас на адлегласьці прынамсі хвілін на дзесяць хады, а ўсё-ж добра відаць было, што гэтыя шэльмы кураць: усюды агнявыя кропкі. А чацьверты разьдзел, той, што павінен быў быць ар‘ергардам, чорт ведае якім чынам раптам зьявіўся перад нашым авангардам, так што мы палічылі яго за няпрыяцеля, і я сам павінен быў адступіць перад сваім ар‘ергардам, які наступаў на мяне. Гэта была адзінаццатая маршавая рота, якую цяпер мне далі. Што я з гэтай каманды магу зрабіць? Як яны будуць трымацца ў часе бою.