— З Прагі.
— Адтуль павінны быць трошкі разумнейшыя. Ды вось яшчэ што. Ці даўно пашоў у канцылярыю ваш старшы пісар?
— Толькі што яго паклікалі.
— Вось як. А раней ты ня мог мне пра гэта сказаць! Наш таксама толькі што пашоў. Нешта там заварваецца. З абозам не гаварыў яшчэ?
— He.
— А божухна! А яшчэ кажаш, што з Прагі. Ты ні аб чым не клапоцішся? Дзе ты толькі цэлы дзень цягаешся?
— Я толькі з гадзіну таму назад прышоў з дывізійнага суду.
— Гэта іншы гатунак, таварыш! Зараз-жа забягу да цябе глянуць! Давай адбой.
Толькі што Швэйк нарыхтаваўся закурыць люльку, як змоў пачуўся тэлефонны званок. «Ну вас к чорту з вашым тэлефонам, — падумаў Швэйк, — прыемнасьць мне з вамі валаводзіцца!»
Тэлефон не змаўкаючы званіў і ў Швэйка нарэшце нехапіла цярплівасьці, ён узяў тэлефонную трубку і закрычаў у тэлефон:
— Алё! Хто пры тэлефоне? Тут ордынарац 11-й маршавай роты Швэйк!
Па адказе Швэйк пазнаў голас паручніка Лукаша.
— Што вы ўсё там робіце? Дзе Ванэк? Зараз-жа паклічце да тэлефона Ванэка!
— Асьмелюся далажыць; пан обэр-лейтэнант, тэлефон толькі што пазваніў.
— Слухайце, Швэйк, мне няма калі з вамі глупствам займацца! Тэлефонныя размовы на вайскозай службе — гэта вам не тэлефонная балбатня, калі каго-небудзь запрашаюць на абед. Тэлефонная размова пазінна быць ясная і кароткая. Гаворачы па тэлефоне, адкідаюць «асьмелюся далажыць, обэр-лейтэнант». Я вас пытаюся, Швэйк, тут Ванэк? Няхай зараз-жа падыдзе да тэлефона.
— Асьмелюся далажыць, пан обэр-лейтэнант, пад рукою яго няма. Яго нядаўначка, можа і чвэрткі гадзіны ня будзе, як з нашай канцылярыі выклікалі ў палкавую канцылярыю.
— Дайце мне толькі прыйсьці, я з вамі распраўлюся! Хіба вы ня можаце адказваць карацей? Слухайце добра, што я вам зараз буду казаць. Добра чуеце? Каб вы потым у мяне не адгаварваліся, што ў тэлефоне нешта хрыпела. У тую-ж хвіліну, як павесіце трубку…
Перапынак.
Зноў званок.
Швэйк бярэ тэлефонную трубку, і на яго сыплецца град лаянкі.
— Жывёліна, хуліган, шэльма! Што вы робіце? Чаму перапынілі размову?
— Вы былі ласкавы сказаць, каб я павесіў трубку.
— Праз гадзіну я прыду дадому. Ня ўзрадуецеся вы ў мяне! Зараз-жа ідзеце ў казармы, знайдзеце там якога небудзь унтэр-афіцэра, хоць Фукса, і скажэце яму, каб ён зараз-жа ўзяў дзесяць радавых і ішоў з імі на склад атрымоўваць консэрвы. Паўтарэце, што ён павінен зрабіць.
— Ісьці з дзесяцьма радавымі на склад атрымоўваць консэрвы для роты.
— Нарэшце вы трошкі паразумнелі! Я пакуль што пазваню Ванэку ў палкавую канцылярыю, каб ён таксама ішоў на склад прыняць консэрвы. Калі-ж ён тымчасам вернецца ў барак, няхай пакідае ўсё і бяжыць на склад. А цяпер павесьце трубку.
Швэйк досыць доўга ня мог знайсьці ні ўнтэр-офіцэра Фукса, ні каго-небудзь іншага з унтэраў. Усе яны тарчалі каля кухні, абгрызаючы мяса з касьцей і насьміхаліся над прывязаным Балёўнам, які, праўда, стаяў усім ступянём на зямлі; яго пашкадавалі. Усё-ж і так ён быў цікавым відовішчам.
Адзін з кухараў прынёс яму рабрыну і ўсунуў яму проста ў рот, а прывязаны барадаты вялікан Балёўн, ня маючы магчымасьці трымаць костку рукамі, асьцярожна пераварочваў яе ў роце, балянсуючы ёю з дапамогаю зубоў і дзяснаў. Пры гэтай рабоце ён быў падобен да лясуна.
— Хто тут камандзір разьдзелу Фукс? — запытаўся Швэйк, нашоўшы нарэшце ўнтэраў.
Унтэр-афіцэр Фукс не палічыў патрэбным абзывацца, убачыўшы, што яго пытаецца нейкі радавы пехацінец.
— Выразна кажуць вам, — крыкнуў Швэйк, — ці доўга я яшчэ буду ў вас пытацца?! Дзе тут камандзір разьдзелу Фукс?!
Унтэр-афіцэр Фукс вышаў наперад і з павагаю да сябе стаў усяляк лаяць Швэйка, што ён но камандзір разьдзелу, а пан камандзір разьдзелу, што ня можна крычаць: «Дзе камандзір разьдзелу?» — а трэба: «Асьмелюся далажыць ці тут знаходзіцца пан камандзір разьдзелу ўнтэр афіцэр?» У яго разьдзеле, калі хто забудзецца сказаць «асьмелюся далажыць», зараз-жа дастае па мордзе.
— Лягчэй на паваротах! — сказаў паважна Швэйк. Зараз-жа зьбірайцеся, ідзеце ў казармы, вазьмеце там дзесяць радавых і разам з імі бягом марш на склад атрымоўваць консэрвы.
Ашаломлены ўнтэр-афіцэр Фукс перапытаў:
— Што?
— Бяз ніякіх там «што», — адказаў Швэйк. — Я ордынарац. 11-й маршавай роты, і хвіліну таму назад размаўляў па тэлефону з панам обэр-лейтэнантам Лукашом, і той сказаў: «Бягом марш з дзесяцьма радавымі на склад». Калі вы ня пойдзеце, пан камандзір разьдзелу Фукс, я зараз-жа іду званіць па тэлефоне. Пан обэр-лейтэнант патрабуе, каб вы абавязкова ішлі. Ня можа быць ніякіх гутарак! «Тэлефонная размова, — кажа пан обэр-лейтэнант Лукаш, — павінна быць ясная і кароткая» Калі сказана ісьці камандзіру разьдзелу Фуксу, дык камандзір разьдзелу Фукс павінен ісьці! Такі загад вам не якая-небудзь балбатня па тэлефоне, калі хто-небудзь на абед запрашае. На вайсковай службе, асабліва ў час вайны, кожнае замаруджваньне — злачынства. «Калі гэты самы камандзір разьдзелу Фукс зараз-жа кя пойдзе, як толькі вы яму пра гэта скажаце, дык вы мне зараз-жа званеце па тэлефоне, і я з ім распраўлюся! Ад камандзіра разьдзелу Фукса нічога не застанецца!» Даражэнькі, дрэнна вы пана обэр-лейтэнанта ведаеце!