Швэйк пераможна глянуў на ўнтэр-афіцэраў, якія яго прамоваю былі зьдзіўлены і прыгнечаны.
Камандзір разьдзелу Фукс забурчаў нешта незразумелае і шпаркімі крокамі пашоў. Швэйк уздагон яму закрычаў:
— Дык можна пазваніць па тэлефоне пану обэр-лейтэнанту, што ўсё ў парадку?
— Зараз-жа буду з дзесяцьма радавымі на складзе, — адказаў камандзір разьдзелу Фукс.
А Швэйк, не сказаўшы ні слова, пашоў, пакінуўшы ўнтэр-афіцэраў, ашаломленых ня менш за камандзіра разьдзелу Фукса.
— Пачынаецца! — сказаў нізенькі капрал Блажэк. — Прыдзецца пакавацца.
Швэйк вярнуўся ў канцылярыю 11-й маршавай роты. He пасьпеў ён закурыць люльку, як пачуўся тэлефонны званок. З Швэйкам зноў загаварыў паручнік Лукаш.
— Дзе вы цягаецеся, Швэйк? Званю ўжо трэці раз, і ніхто не адгукваецца.
— Усіх зганяў, пан обэр-лейтэнант.
— Што, пашлі ўжо?
— Вядома пашлі, але яшчэ ня ведаю, ці прышлі яны туды. Можа яшчэ раз зьбегаць.
— Знашлі вы камандзіра разьдзелу Фукса?
— Знайшоў, пан обэр-лейтэнант. Спачатку ён мне сказаў «Што?», але пасьля таго, як я яму растлумачыў, што тэлефонная размова павінна быць кароткая і ясная…
— Ня дурэцеся, Швэйк!.. Ванэк яшчэ не вярнуўся?
— He вярнуўся, пан обэр-лейтэнант.
— Ды не крычэце вы так у трубку! Ня ведаеце, дзе можа быць цяпер гэты пракляты Ванэк?
— Ня ведаю, пан обэр-лейтэнант, дзе можа быць гэты пракляты Ванэк?
— Ён быў у палкавой канцылярыі, але некуды пашоў. Думаю, што, можа, сядзіць у кантыне[94]. Ідзеце туды па яго, Швэйк, і скажэце яму, каб ён зараз-жа ішоў на склад. Ага, вось яшчэ што: знайдзеце зараз-жа капрала Блажэка і скажэце яму, каб ён зараз-жа адвязаў Балёўна, і пашлеце Балёўна ка мне. Павесьце трубку.
Швэйк пашоў выконваць загад, знашоў капрала Блажэка і перадаў яму загад паручніка, каб ён адвязаў Балёўна. Капрал Блажэк забурчаў:
— Абы што трошкі, пачынаюць ужо дрыжаць!
Швэйк быў пры адвязваньні Балёўна і пашоў з ім разам, бо той ішоў па дарозе да кантыны, дзе Швэйк павінен быў шукаць старшага пісара Ванэка.
Балёўн глядзеў на Швэйка, як на свайго збавіцеля, і абяцаў яму, што будзе дзяліцца ўсімі сваймі пасылкамі, якія атрымае з дому.
— У нас хутка будуць калоць сьвіньню, сказаў мэлёнхолічна Балёўн. — Ты любіш кілбасу з крывёй ці бяз крыві? Скажы, не саромейся, я яшчэ сягоньня вечарам буду пісаць дадому. Мая сьвіньня вагою будзе так кілё сто пяцьдзесят. Галава ў яе як у бульдога, а такія сьвіньні — самы лепшы гатунак. З такімі сьвіньнямі страты ня будзеш мець. Такі завод, брат, не падмане. Сала на ёй пальцаў на восем. Калі я быў дома, дык я сам рабіў ліверную кілбасу, і пры гэтым так, бывала, набярэшся фаршу, што сам ледзь ня лопнеш. У мінулым годзе я закалоў сьвіньню, якая важыла сто шэсьцьдзесят кілё. Гэта, брат, была сьвіньня! — сказаў ён патэтычна, моцна паціскаючы руку Швэйку на разьвітаньні. — А выкарміў я яе аднэю бульбаю і сам дзівіўся, як яна ў мяне хутка сыцела. Шынкі я спачатку палажыў у расол. Такі кусок падсмажанай вянгліны, што паляжала ў расоле, ды з бульбянымі кнэдлікамі, пасыпанымі скваркамі, ды з капустай!.. Пальчыкі абліжаш! Колькі пасьля гэтага піўца можна выпіць. Ня жыцьцё, а рай! Што пасьля гэтага чалавеку яшчэ трэба? I ўсё гэта ў нас адабрала вайна.
Барадаты Балёўн цяжка ўздыхнуў і пашоў у палкавую канцылярыю, а Швэйк накіраваўся ўздоўж старых ліповых прысад да кантыны.
Старшы пісар Ванэк з здаволеным выглядам сядзеў у кантыне і тлумачыў знаёмаму пісару з штабу, колькі можна было зарабіць перад вайною на эмалевых і клеевых фарбах. Штабны пісар быў спрэс п‘яны. Днём прыехаў адзін багаты абшарнік з Пардубіц, сын якога быў у лягерах, даў яму добра ў лапу і ўсю раніцу да абеду частаваў яго ў горадзе.
Цяпер пісар з штабу сядзеў у вялікай роспачы, што ў яго прапаў апэтыт, не разумеў, пра што ідзе гутарка, а на трактат пра эмалевыя фарбы зусім не рэагаваў.
Ён быў заняты сваімі думкамі і бурчаў сабе пад нос, што чыгуначная галіна павінна была-б ісьці з Тршэбоні ў Пілігрымаў і потым назад.