Выбрать главу

Здаралася, залезе Вірус у самае нутро электронных праграм у камп’ютэрах і раскашуе там, як гаспадар на сваім двары. Знарок папсуе ўсё, пераблытае так, што нават камп’ютэр караля не здольны выправіць, не хапае здатнасці і ў самога Кампа Кампавіча. Здаецца, не відно ніякіх паломак, а жыццё ў Сеціве разладзіцца. Не працуюць зоркалёты, адключаюцца міжзорныя экраны, знікае сувязь з міжпланетным Інтэрнэтам. Надвор’е і тое нікога не слухаецца: можа адначасова ісці дождж і віхурыць завіруха. У садзе на адным дрэве кветкі цвітуць, а на іншым слівы спелыя асыпаюцца.

Бядуюць сеціўцы, а што рабіць - не ведаюць.

Так і жыў гэты нахабны і нябачны Вірус, дармаеднічаў, штукарыў, сваволіў. Падабалася яму за кошт іншых жыццё сваё ладзіць.

Моцна гаравалі сеціўцы, самыя лепшыя вучоныя шукалі спосаб як пазбавіцца ад назойлівага шкодніка. Але вучонасць не магла справіцца з хітрасцю. Бо дзеянні Віруса не паддаваліся, ніякай логіцы былі цалкам непрадказальнымі.

Сабраў тады кароль Віндаўс Вялікі вучоных на вялікую нараду. Пачалі яны сваю вучоную думу думаць, як з Вірусам паквітацца.

Адзін дзень у зацятых спрэчках правялі, другі. Нічога не атрымліваецца. Не адну ноч да мільгацення ў вачах прадумалі. І зноў нічога вартага не надумалі. Не дапамог нават Інтэрнэт, які шмат што ведае і на многае здатны.

Вырашылі тады і яны хітрасцю ўзяць.

Пачалі вучоныя ўгаворваць Віндаўса Вялікага аддаць замуж за Шкодзю сваю адзіную дачку Віндусачку. Яна выведае сакрэт смерці Віруса і ўратуе сеціўцаў.

Доўга вагаўся кароль, але дзе ты дзенешся, калі ў тваім каралеўству небяспека разрастаецца. Згадзіўся Віндаўс Вялікі на няроўны шлюб дачкі.

Зірнуў Шкодзя на каралеўну і ледзьве дар свой шкодніцкі не страціў – на ўвесь сусвет прыгажуня. Нідзе такой не знойдзеш, хоць увесь Інтэрнэт перавярні.

- А твой бацька злодзей, аказваецца, - з’едліва так кажа ён каралеўне.

- Што ты такое выдумляеш?! – ажно зайшлася ад нечуванага нахабства бедная Віндусачка.

- А хіба няпраўда? Вунь якія зорачкі з неба ўкраў і ў тваіх вачах пасяліў...

Пачырванела Віндусачка, засаромелася. Шкодзя ж столькі прыгожых слоў нагаварыў, што каб і хацеў, не запомніш. І дзе толькі набраў іх, бо ніколі раней ніхто не чуў ад яго такіх. А тады сур’ёзна так кажа:

- Што хочаш аддам, толькі будзь маёй жонкай. І зажывём мы з табой на зайздрасць усім. Такія справы будзем рабіць, на якія ніхто іншы не здатны. Станем самымі магутнымі, самымі вядомымі і багатымі ў сусвеце...

- Ой, а я і не ведала, што ты небагаты, – пакеплівае Віндусачка. – Як жа я за бедняка замуж пайду? – пляснула яна рукамі.

- Чаму гэта я бедны? – злуецца Шкодзя, а ў самога ажно вочы на лоб лезуць. – Мае багацці не раўня іншым. Яны па ўсім сусвеце параскіданы. Я магу прысвоіць вашы сеціўскія ўладанні, магу абяздоліць і зрабіць беднымі ўсіх жыхароў Сусветнага Сеціва. Нават караля магу з жыцця звесці...

- А хто ж тады будзе жыць на гэтых пустых прасторах? – дзівіцца каралеўна.

- Мы з табой. І дзеці нашыя. Сам я несмяротны, і дзеці нашы, якіх у нас будзе шмат, несмяротнымі стануць.

- А як жа называць іх будуць? – пытаецца Віндусачка. – Вірусянятамі? Ці мо Шкоднікамі? А сама я кім стану? Шкодніцай? Дык жа няёмка вельмі...

- Не бядуй, - супакойвае Вірус. – Прозвішча і памяняць можна.

- Я то мо і пайшла б за цябе, - хітруе каралеўна, - але не веру ў тваю несмяротнасць. Падманеш жа.

- Не верыш? - распаляецца Вірус. – Хочаш – дакажу?

- Хачу, - кажа Віндусачка, а ў самой чорцікі ў вачах скачуць.

І прызнаўся Шкодзя, што несмяротнасць ягоную аберагаюць тры смерці. Схаваны яны ў трох самых дасканалых Працэсарах, якія найгалоўнымі элементамі кожнага камп’ютэра з’яўляюцца. Менавіта Працэсары імгненна апрацоўваюць любыя звесткі, усё на свеце ведаюць і ўсё запамінаюць. Мудрэйшымі і больш увішнымі за чалавека бываюць.

Адна Вірусава смерць у Залатым Працэсары знаходзіцца, які на высокай гары ў цёмнай пячоры на залатым ланцугу вісіць. Сам Кашчэй Несмяротны вартуе яго.

Другая смерць схавана ў Сярэбраным Працэсары, які да дна нетутэйшага акіяна прыкуты. Сцеражэ яго нядрэмны і ненаедны шматвокі Акіянскі Цмок.

Трэцяя смерць у Жалезным Працэсары тоіцца, які ў міжсусветнай прасторы няспынна на зоркалёце лётае, дываном-невідзімкай ахінуты.